Падчас паседжання Савету бяспекі РФ 25 верасня Уладзімір Пуцін паведаміў пра змену расейскай ядравай дактрыны, якая цяпер будзе ў тым ліку распаўсюджаная на Беларусь. «Белсат» тлумачыць, чаму гэтыя змены насамрэч фікцыя і наўрад ці павысяць рызыку ядравай вайны.
Пра тое, што Расея можа змяніць сваю ядравую дактрыну, у Крамлі ўпершыню загаварылі ў пачатку чэрвеня 2024 года, калі краіны Захаду дазволілі ЗСУ выкарыстоўваць заходнюю зброю на расейскай тэрыторыі. Каментуючы гэтую пастанову, Уладзімір Пуцін заклікаў не даводзіць Расеі да выкарыстання ядравай зброі. Ён зазначыў, што пакуль умовы для ядравага ўдару не склаліся, але дактрына – гэта «жывы інструмент», і туды могуць быць унесеныя змены.
На паседжанні Савету бяспекі 25 верасня Пуцін вярнуўся да гэтай тэмы і ўпершыню патлумачыў змест зменаў, якія плануецца ўнесці ў базавы дакумент – Асновы дзяржаўнай палітыкі Расейскай Федэрацыі ў галіне ядравага стрымлівання.
,,«У абноўленай рэдакцыі дакументу агрэсію супраць Расеі з боку любой няядравай дзяржавы, але з удзелам або пры падтрыманні ядравай дзяржавы прапаноўваецца разглядаць як іх супольны напад на Расейскую Федэрацыю», – заявіў Пуцін.
Таксама будуць зафіксаваныя ўмовы выкарыстання ядравай зброі. У прыватнасці, Расея можа нанесці ўдар «ужо пры атрыманні дакладнай інфармацыі аб масіраваным старце сродкаў паветрана-касмічнага нападу». Прычым гэта тычыцца не толькі авіяцыі і ракетаў, але і беспілотнікаў.
Пуцін таксама паведаміў, што Расея пакідае за сабою права выкарыстаць ядравую зброю ў выпадку агрэсіі супраць Расеі і Беларусі «як удзельніцы Саюзнай дзяржавы». З Лукашэнкам гэтае пытанне ўжо ўзгодненае, дадаў Пуцін.
«У тым ліку калі праціўнік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму суверэнітэту», – падкрэсліў ён.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў 26 верасня патлумачыў, што змены ў ядравую дактрыну можна лічыць «пэўным сігналам несяброўскім краінам».
«Гэта сігнал, які папярэджвае гэтыя краіны пра наступствы ў выпадку іх удзелу ў нападзе на нашую краіну рознымі сродкамі, прычым неабавязкова ядравымі сродкамі», – зазначыў ён.
Гульня словаў
Ядравы шантаж ужо даўно зрабіўся адметнаю рысаю палітыкі Расеі. Сталыя пагрозы ў значнай ступені абясцэніліся. Бясконцыя заявы пра «чырвоныя лініі» фактычна пераўтварыліся ў мэм, з якога часам смяюцца нават прыхільнікі вайны. Змена ядравай дактрына – гэта спроба Пуціна ўдыхнуць новае жыццё ў старыя метады і нарэшце пераканаць свет у сур’ёзнасці ўласных намераў. Аднак дэ-факта абнаўленне ядравай дактрыны нічога не мяняе.

Пуцін хоча прапісаць, што Расея мае права выкарыстоўваць ядравую зброю не толькі ў супрацьстаянні з ядравымі дзяржавамі і не толькі пры ўмове выкарыстання праціўнікам ядравай зброі. Але, па сутнасці, гэтае права даўно зафіксаванае ў Ваеннай дактрыне і дзейнай версіі Асноваў дзяржаўнай палітыкі РФ у галіне ядравага стрымлівання. Пытанне толькі ў фармулёўках.
Базавыя дакументы ў галіне ядравага стрымлівання не забараняюць Расеі выкарыстоўваць ядравую зброю супраць няядравай дзяржавы. У Асновах дзяржаўнай палітыкі РФ у галіне ядравага стрымлівання гаворыцца пра тое, што ядравае стрымліванне ажыццяўляецца ў дачыненні не толькі праціўніка, які валодае зброяй масавага знішчэння, але і тых дзяржаваў, што валодаюць «значным баявым патэнцыялам сілаў агульнага прызначэння». Паводле арт. 22 цяперашняй Ваеннай дактрыны РФ, ядравая зброя можа быць выкарыстаная, калі на Расею нападуць з выкарыстаннем звычайнай зброі і пры гэтым пад пагрозу будзе пастаўленае існаванне расейскай дзяржавы. Аналагічная норма ёсць у Асновах дзяржаўнай палітыкі РФ. У чым розніца паміж «пагрозай існаванню расейскай дзяржавы» і «крытычнай пагрозай суверэнітэту»? Амаль ні ў чым: абедзве фармулёўкі досыць расплывістыя і могуць адвольна трактавацца Крамлём.
Фармальна ў дзейных Асновах і Ваеннай дактрыне права Расеі выкарыстаць ядравую зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі прапісанае не было. Аднак, напрыклад, у п. 20 супольнай ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы адпаведная шчыліна існавала і раней. Там зазначалася, што «дзяржавы-ўдзельніцы разглядаюць любыя дзеянні з выкарыстаннем вайсковай сілы, накіраваныя супраць любой з дзяржаваў-удзельніц, як замах на Саюзную дзяржаву ў цэлым і будуць рабіць адпаведныя захады ў адказ з выкарыстаннем усіх сілаў і сродкаў у іх распараджэнні». Пад усімі сродкамі пры жаданні можна разумець і ядравую зброю.

Туман шантажу
Нарэшце, важна зразумець галоўнае: так званая ядравая дактрына – гэта не закон і не міжнародная дамова, а добраахвотная дэкларацыя. Сама па сабе яна не ёсць перашкодаю для выкарыстання ядравай зброі. Рашэнне ў любым выпадку прымае толькі адзін чалавек – Уладзімір Пуцін.
Адна з асноўных задачаў падобных публічных дакументаў – зрабіць свае намеры больш празрыстымі. Каб патэнцыйны праціўнік добра разумеў, дзе тыя самыя «чырвоныя лініі», пры перасячэнні якіх распачнецца ядравая вайна. То бок мэта любога змянення базавых дакументаў у ядравай сферы заключаецца не ў тым, каб стварыць умовы для нанясення ядравага ўдару, а ў тым, каб папярэдзіць праціўніка пра магчымыя наступствы. Такі сігнал мусіць адпавядаць двум ключавым патрабаванням: яснасць і пераканаўчасць. Але з гэтым у Расеі ўсё вельмі кепска.
Па-першае, анансаваныя змены ў дактрыну не ўносяць ніякай яснасці, асабліва ў святле наступальнай аперацыі ЗСУ ў Курскай вобласці. Украіна ўжо паўтара месяца кантралюе частку аднаго з расейскіх рэгіёнаў і выкарыстоўвае падчас баявых дзеянняў на Куршчыне заходнюю зброю. Аднак сам Пуцін называе наступ ЗСУ не ўварваннем, а проста «тэрактам», на які ядравае стрымліванне апрыёры не распаўсюджваецца. У які момант наступ ЗСУ перастане лічыцца «тэрактам» і будзе перакваліфікаваны ў агрэсію? Колькі тэрыторыяў мусяць узяць пад кантроль украінскія вайскоўцы і як далёка павінна біць заходняя зброя, каб Крэмль залічыў гэта як «чырвоную лінію»? Апошнімі папраўкамі ў ядравую дактрыну адказу на гэта пытанне Пуцін не дае.
Па-другое, падзеі апошніх двух гадоў паказваюць: рыторыка Масквы наконт «чырвоных лініяў» пераважна пабудаваная на блефе. У розны час Пуцін і высокапастаўленыя прадстаўнікі ўладаў РФ у якасці «чырвоных лініяў» называлі атакі ЗСУ на Крым, украінскае наступленне ў рэгіёнах, анексаваных у выніку псеўдарэферэндумаў у верасні 2022-га, а таксама перадачу Украіне цяжкой заходняй зброі. Усе гэтыя «чырвоныя лініі» былі паспяхова перасечаныя, і Расея дэ-факта ніяк на гэта не адрэагавала.
Больш за тое, у траўні 2024 года ўкраінскія беспілотнікі ўчынілі шэраг атак на стратэгічна важныя радыёлакацыйныя станцыі (РЛС), якія ёсць часткаю сістэмы ранняга папярэджання пра ядравы ракетны напад. Пры жаданні Крэмль мог трактаваць гэты выпадак як атаку на «крытычна важныя дзяржаўныя або вайсковыя абʼекты РФ», што ў адпаведнасці з Асновамі дзяржаўнай палітыкі ёсць перадумовай для выкарыстання ядравай зброі. Але Масква зрабіла выгляд, што нічога сур’ёзнага не здарылася.
Казус «Сармата»
Ёсць яшчэ адна акалічнасць, якая моцна дэвальвуе значнасць цяперашніх пагрозаў Крамля.
На мінулым тыдні OSINT-даследнікі, якія вывучаюць ядравы арсенал РФ, прыйшлі да высновы, што на вайсковым касмадроме Плясецк расейцы правялі выпрабаванні міжкантынентальнай балістычнай ракеты РС-28 «Сармат». Менавіта гэтай нібыта суперзброяй Пуцін раней публічна пагражаў ЗША, а для прапаганды «Сармат» ужо даўно пераўтварыўся ў галоўны доказ вайсковай перавагі Расеі над Захадам. Выпрабаванні, што адбыліся 20 верасня 2024 года, скончыліся поўным правалам: выглядае, што ракета ўзарвалася проста ў пускавой шахце. Прычым гэта ўжо чацвёртае няўдалае выпрабаванне, зазначаюць эксперты.
На фоне правальнага запуску «Сармата» заява пра змяненне ядравай дактрыны выглядае як спроба схаваць рэальную вайсковую слабасць за пагрозлівымі дэкларацыямі.
Усё гэта не значыць, што Захад толькі пасмяецца са зменаў у ядравай дактрыне РФ. Нават з улікам таго, што Маскву ўжо неаднойчы лавілі на блефе наконт «чырвоных лініяў», краіны NATO да фактару ядравай зброі ставяцца сур’ёзна, улічваюць яго і таму па-ранейшаму праводзяць вельмі асцярожную палітыку адносна расейска-ўкраінскага канфлікту. Няма сумневаў у тым, што змены ў расейскай ядравай дактрыне будуць на Захадзе ўважліва вывучацца. Аднак гэты крок Крамля наўрад ці істотна паўплывае на палітыку саюзнікаў Украіны.

Роля Лукашэнкі
Пуцін, хутчэй за ўсё, не схлусіў, калі сказаў, што пытанне пра ўключэнне Беларусі ў ядравую дактрыну РФ узгодненае з Лукашэнкам. Прынамсі, сюрпрызам для апошняга гэта дакладна не было. Яшчэ ў красавіку 2023 года Лукашэнка заявіў, што падчас перамоваў з Пуціным ён паставіў пытанне пра нейкія гарантыі бяспекі, каб у выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расея абараняла нашую краіну як уласную тэрыторыю. «Вось такія нам патрэбныя гарантыі бяспекі», – заявіў тады Лукашэнка.
Вядома, што ў снежні 2024 года Беларусь і Расея плануюць падпісаць дамову аб гарантыях бяспекі, дзе ў тым ліку будзе вызначаны прынцып выкарыстання ядравай зброі. Хутчэй за ўсё, палажэнні гэтай дамовы будуць сінхранізаваныя са зменамі ядравай дактрыны РФ.
Імаверна, Лукашэнка разлічвае, што ядравы парасон РФ прымусіць міжнародную супольнасць лічыцца з ім і ўспрымаць ягоныя пагрозы ўсур’ёз. «Гарантыі бяспекі» ад РФ, несумненна, будуць максімальна эксплуатавацца на прапагандысцкім узроўні. Аднак дэ-факта для Лукашэнкі гэта нічога не дае. Ваеннай агрэсіі супраць Беларусі ніхто не плануе, а калі б і планаваў, то вельмі сумнеўна, што Расея будзе абараняць свайго саюзніка лепш за ўласную тэрыторыю (прыклад Курскай вобласці выглядае вельмі красамоўна). Затое ўключэнне Беларусі ў ядравую дактрыну яшчэ мацней прывязвае краіну да Расеі, цалкам падпарадкоўвае сферу бяспекі Маскве і абвастрае пытанне пра суб’ектнасць афіцыйнага Менску.
Глеб Нержын belsat.eu