Тэрарысты – не полк Каліноўскага, а рэжым Лукашэнкі, лічыць экс-камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт (Прохараў). Гэтак ён рэагуе на тое, што аб’яднанне беларускіх добраахвотнікаў прызнанае ў Беларусі «тэрарыстычнай арганізацыяй».
Дзяніс Прохараў (Кіт) падкрэслівае, што гэта Аляксандр Лукашэнка ў 2020 годзе шляхам тэрору, забойстваў і гвалту захапіў уладу ў Беларусі.
«Мы памятаем, што дзякуючы рэжыму Лукашэнкі Пуцін вывеў сваё войска праз тэрыторыю Беларусі і распачаў поўнамаштабную вайну ва Украіне. Рэжым Пуціна прынёс вельмі шмат шкоды Украіне – гвалтаваў і забіваў тысячы ўкраінцаў. І працягвае гэта рабіць. А Лукашэнка як фактычны памагаты рэжыму тэрарыстаў намагаецца кляйміць беларускіх добраахвотнікаў, якія ёсць афіцыйнай часткай ЗСУ.
,,Тых, хто абараняе свой дом, хто дапамагае ў абароне, змагаецца за свабоду, называюць героямі, а не тэрарыстамі», – кажа «Белсату» Дзяніс Кіт.
Суразмоўца адзначае, што хацеў бы, каб і сусветная супольнасць пачала называць Лукашэнку тэрарыстам.
Што тычыцца прычыны прызнання ў Беларусі палка Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй», то рэч у страху Лукашэнкі перад рэальнай васковай сілай, а таксама перад аб’яднаннем беларусаў, упэўнены Кіт. На ягоную думку, спробы ціску рэжыму з’яўляюцца звычайна, калі сувязі палка растуць.
«У рашэнні Вярхоўнага суда было ж сказана, што прызнаюцца і арганізацыі, датычныя палка Каліноўскага. Гэта сведчыць пра тое, што рэжым Лукашэнкі баіцца аб’яднанняў беларускай супольнасці і апазіцыі. І я скажу, што правільна робіць. Бо мы як падраздзяленне не намагаемся быць проста інструментам – у нас ёсць свая мэта, і мы пра гэта заўсёды заяўляем. Мы хочам вызваліць Беларусь праз вызваленне Украіны. Зразумела, што мы не будзем мірыцца з уладай Лукашэнкі. І полк прызывае да таго, каб дэмакратычныя беларусы малі на ўвазе такую рэч, як тое, што дабро мусіць быць з кулакамі.
Канешне, нам у гэтым пытанні патрэбная не толькі зброя, але і шмат кантактаў, у тым ліку і палітычных. Рэжым Лукашэнкі вельмі баіцца, калі полк далучаецца да нейкіх палітычных кірункаў. Бо ён разумее, што, калі ёсць палітычны кірунак, ёсць рэсурс на дапамогу, падтрыманне і гуртаванне. Толькі згуртаваныя сілы могуць штосьці зрабіць. Таму думаю, што ён баіцца менавіта нашай згуртаванасці», – падводзіць рысу экс-камандзір палка Каліноўскага.
Полк Каліноўскага з’явіўся ў лютым 2022 года, адразу пасля пачатку вайны ва Украіне. Полк створаны з беларускіх добраахвотнікаў, якія маюць афіцыйныя кантракты з ЗСУ Украіны.
25 верасня 2024 года стала вядома, што Вярхоўны суд Беларусі прызнаў полк Каліноўскага і яго структуры: батальёны «Волат», «Літвін», «Western», БПЛА імя Мiкiты Крыўцова, атрады «АТАМ», «Танга-Рамэа», мабілізацыйны цэнтр фонду «Беларускі дом у Варшаве» і рух «Каліноўцы» «тэрарыстычнай арганізацыяй».
Арсен Рудэнка belsat.eu