Байцоў Сілаў спецыяльных аперацыяў і падраздзяленне АМАП выправілі на камандна-штабныя вучэнні ў Казахстан для навучання «міратворчым аперацыям» АДКБ.
Вайскоўцы «міратворчай роты» 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Сілаў спецыяльных аперацыяў і адно з падраздзяленняў АМАП МУС Беларусі 26 верасня вылятаюць у Казахстан на камандна-штабныя вучэнні з Калектыўнымі міратворчымі сіламі Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы «Непарушнае братэрства 2024», піша дзяржаўная інфармацыйная кампанія БелТА.
Манеўры пройдуць на палігоне Бераг у Алмацінскай вобласці і стануць завяршальным этапам сёлетняга комплексу вучэнняў у фармаце АДКБ. На вучэннях плануюць «адпрацоўванне пытанняў рыхтавання і правядзення міратворчых аперацыяў Калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ». Беларускімі «міратворцамі» кіруе намеснік камандзіра ССА Аляксей Ялфімаў.
Дзе збіраюцца выкарыстоўваць «міратворцаў», не паведамляюць. Але раней АДКБ ладзіла «міратворчыя» місіі толькі адзін раз – у Казахстане падчас пратэстаў 2022 года супраць рэжыму Касым-Жамарта Такаева. Беларускіх «міратворцаў» туды выправілі з парушэннем міжнародных пагадненняў. На кадрах дзяржаўных медыяў яны дэманстратыўна бегалі на палігоне, пастановачна правяралі дакументы ў казахскіх паліцыянтаў. Адзін з «міратворцаў» наракаў, што вайскоўцам цяжка чытаць дакументы на «казахстанскай» мове. «Міратворцы» АДКБ у Казахстане незаконна выкарыстоўвалі апазнавальныя знакі міратворчай місіі ААН. Цяпер расейскія сілавікі вольна дзейнічаюць на тэрыторыі Казахстану: могуць выкрасці чалавека і звесці за мяжу.
Але АДКБ не прыходзіць на дапамогу, калі гаворка не пра пратэсты, а пра баявыя дзеянні. Арменія прасіла дапамогі ў АДКБ у 2022 годзе падчас баёў на армянска-азербайджанскай мяжы, аднак саюзнікі не прыйшлі на дапамогу. Пасля гэтага Арменія задумалася аб выхадзе з АДКБ. У тым жа 2022 годзе АДКБ не прыйшла на дапамогу падчас баёў між двума сваімі чальцамі: Кыргызстанам і Таджыкістанам.
Беларускіх «міратворцаў» не першы раз выпраўляюць на замежныя вучэнні: у канцы мінулага года іх слалі вучыцца ў В’етнам.
Алесь Наваборскі belsat.eu