Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 26 верасня падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім абвясціў «пра рэзкае павелічэнне дапамогі ў сферы бяспекі для Украіны і пра шэраг дадатковых дзеянняў, што дапамогуць Украіне перамагчы ў гэтай вайне».
«Амаль тры гады Злучаныя Штаты аб’ядноўвалі свет, каб падтрымаць народ Украіны, які абараняе сваю свабоду ад расейскай агрэсіі, і для маёй адміністрацыі было галоўным прыярытэтам даць Украіне падтрыманне, неабходнае для перамогі. За гэты час Украіна выйграла бітву за Кіеў, вярнула сабе больш як палову тэрыторыі, якую Расея захапіла ў пачатку вайны, і абараніла свой суверэнітэт і незалежнасць. Але трэба яшчэ шмат зрабіць», — цытуе Джо Байдэна сайт Белага дому.
Палітык паведаміў, што даручыў Міністэрству абароны вылучыць Украіне да канца 2024 года рэшту фінансавання дапамогі ў сферы бяспекі, прызначанага для Кіева.
Прэзідэнт таксама санкцыянаваў $ 5,5 млрд у рамках прэзідэнцкіх паўнамоцтваў у скарачэнні ўзбраенняў, каб забяспечыць бестэрміновасць гэтых паўнамоцтваў і каб Вашынгтон змог у поўнай меры выкарыстоўваць сродкі, вылучаныя Кангрэсам на падтрыманне скарачэння амерыканскага абсталявання для Украіны, а затым папоўніць амерыканскія запасы.
«Міністэрства абароны абвяшчае пра вылучэнне $ 2,4 млрд на дапамогу ў галіне бяспекі ў рамках ініцыятывы спрыяння бяспецы Украіны, што дасць Украіне дадатковыя сродкі СПА, беспілотныя авіяцыйныя сістэмы і боепрыпасы класу „паветра-зямля“, а таксама ўмацуе абаронную прамысловую базу Украіны і падтрымае яе патрэбы ў тэхнічным абслугоўванні і забеспячэнні», – заявіў амерыканскі прэзідэнт.
Ён пастанавіў даць Кіеву боепрыпасы «Joint Standoff Weapon» (JSOW) для падвышэння магчымасцяў Украіны ў нанясенні ўдараў на вялікія адлегласці. Таксама для ўмацавання супрацьпаветранай абароны Украіны ён даручыў Міністэрству абароны адрамантаваць і даць Украіне дадатковую батарэю СПА «Patriot» і дадатковыя ракеты «Patriot». У выніку, паводле Байдэна, Украіна атрымае сотні дадатковых ракетаў «Patriot» і AMRAAM цягам наступнага года.
Апроч таго, ён даручыў Міністэрству абароны пашырыць навучанне ўкраінскіх пілотаў F-16, у тым ліку шляхам падтрымання налета навучання яшчэ 18 пілотаў.
Байдэн таксама паведаміў, што міністэрствы юстыцыі, фінансаў і Сакрэтная служба ЗША разам з міжнароднымі партнёрамі распачалі дзеянні дзеля разбурэння глабальнай крыптавалютной сеткі, каб супрацьстаяць ухіленню ад расейскіх санкцыяў і адмыванню грошай.
У кастрычніку Байдэн збіраецца склікаць у Нямеччыне сустрэчу на ўзроўні лідараў Кантактнай групы ў абароне Украіны для каардынацыі намаганняў больш як 50 краінаў, якія падтрымліваюць Украіну ў яе абароне ад расейскай агрэсіі.
,,«Гэтымі дзеяннямі я ясна даю зразумець: Злучаныя Штаты акажуць Украіне падтрыманне, неабходнае для перамогі ў гэтай вайне», – падкрэсліў прэзідэнт.
Уладзімір Зяленскі абмеркаваў з Байдэнам свой мірны план. Афіцыйна Белы дом адрэагаваў стрымана. Ананімныя крыніцы «The Wall Street Journal» у Дзяржаўным дэпартаменце ЗША сцвярджаюць, што мірны план «не ўразіў», бо там «няшмат новага» і няма «ўсёахопнай стратэгіі». Але ў плане добра прапісаная частка пра просьбы зброі і запыт на зняцце забароны ўдараў заходнімі дальнабойнымі ракетамі па тэрыторыі Расеі. Часткі пра палітычную рэформу і эканамічнае падтрыманне прапісаныя менш канкрэтна. У Белым доме, паводле WSJ, спадзяваліся пачуць ад Кіева нешта канкрэтнае, што адміністрацыя Байдэна магла б падтрымаць за апошнія чатыры месяцы працы дзейнага прэзідэнта ЗША.

Ды пасля сустрэчы з Зяленскім у Нью-Ёрку Байдэн правёў сустрэчу з лідарамі больш як трох дзясяткаў краінаў, што падпісалі супольную дэкларацыю падтрымання і аднаўлення Украіны. Неўзабаве ЗША абвясцілі новы пакет вайсковай дапамогі Украіне: снарады для «HIMARS» і артылерыі, баявыя машыны, патрульныя лодкі і іншае, агулам на 375 млн долараў.
Якуб Хруст belsat.eu