навіны

Улады Беларусі распачалі «Дні Крыму» з нагоды 10-годдзя анексіі Расеяй часткі Украіны

img
Чалец дэлегацыі з Крыму разглядае фота з «зялёным чалавечкам». Менск, Беларусь. 24 верасня 2024 года. Фота: Opcrimea.ru
podpis źródła zdjęcia

У Віцебску і Берасці праводзяць імпрэзы з нагоды «10-гадовага юбілею ўз’яднання Крыму з Расеяй». Думаюць запусціць цягнік з Менску ў Сімферопаль.

Ілюстрацыйны здымак дрофы. (Фота: krymr.com / RFE/RL)

Анексія ці акупацыя? Спытайце ў шэрай дрофы

Меркаваннi

Дэталі святкавання анексіі Крыму ў Беларусі сабрала радыё «Свабода».


Расейскі дзяржаўны тэлеканал «Крым 24» паведаміў, што ў Беларусі ладзяць «Дні Крыму», да якіх хочуць прыцягнуць замежных экспертаў, каб «абмеркаваць працэс скажэння гісторыі Другой сусветнай вайны».


У 2014 годзе ва Украіне пратэсты «Еўрамайдану» перараслі ў Рэвалюцыю Годнасці, з краіны ўцёк прарасейскі прэзідэнт Віктар Януковіч. Расея скарысталася неразбярыхаю: развязала вайну на Данбасе і ўвяла ў Крым «зялёных чалавечкаў» (як пазней прызнаў Уладзімір Пуцін, баевікі без апазнавальных знакаў былі расейскімі вайскоўцамі). Пад кантролем расейскіх войскаў у Крыме правялі «рэферэндум» аб далучэнні да Расеі, супраць нязгодных распачалі рэпрэсіі.


Анексію Крыму нярэдка параўноўвалі з аншлюсам – далучэннем Аўстрыі да нацысцкай Нямеччыны. Але ва ўладаў Беларусі і Расеі іншыя асацыяцыі з Крымам і Другою сусветнаю вайною. Урачыстасці прысвячаюць «80-годдзю вызвалення земляў саюзнай дзяржавы і паўвострава ад фашыстаў».


Віцебскі аблвыканкам не паведамляе пра «Дні Крыму», а толькі расказвае, што ў Віцебск прыехала дэлегацыя «савету міністраў» Крыму і крымскі «віцэ-прэм’ер» Георгій Мурадаў, правялі супольнае паседжанне працоўнай групы. Супрацу з расейскімі ўладамі ў Крыме Віцебскі аблвыканкам пачаў два гады таму, з таго часу заключылі шэраг пагадненняў у адукацыі, ахове здароўя, спорце, турызме і сацыяльнай абароне. У Крым хочуць вазіць больш беларускіх тавараў чыгункаю і аўтатранспартам, дапамагаць у прамысловасці, стварыць супольную бізнес-раду.


«Грамадская палата Крыму» ўдакладніла, што на сустрэчы адной з галоўных тэмаў быў запуск прамой чыгуначнай лініі з Беларусі ў Крым і падаўжэнне расейскага маршруту Сімферопаль – Смаленск (праз Курск і Растоў-на-Доне) да Воршы і Менску. Але гэтая справа пакуль на стадыі абмеркавання.


Прарасейскі актывіст і лідар супольнасці «Беларусы Крыму» Раман Чагрынец падкрэсліў, што такая сустрэча – гэта афіцыйнае прызнанне Беларуссю анексіі Крыму. Украінскі палітычны аналітык Віталь Портнікаў мяркуе, што «Дні Крыму» ў Беларусі – яшчэ адзін крок Аляксандра Лукашэнкі насустрач Уладзіміру Пуціну, што сведчыць аб самастойнасці Лукашэнкі «на ўзроўні кіраўнікоў так званых ЛДНР».


«Дні Крыму» тым часам праводзяць не толькі ў Віцебску: Берасцейскі абласны грамадска-культурны цэнтр анансаваў у іх межах канцэрт «Песні і танцы народаў Крыму». Ці пакажуць танцы ўкраінцаў і крымскіх татараў, супраць якіх Расея чыніць у Крыме рэпрэсіі, не паведамляюць.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10