навіны

Дураў будзе перадаваць уладам звесткі карыстальнікаў Telegram. Што гэта значыць? Тлумачыць юрыст

Павел Дураў на канферэнцыі «TechCrunch Disrupt 2015»
Павел Дураў на канферэнцыі «TechCrunch Disrupt 2015». Сан-Францыска, ЗША. 21 верасня 2021 года. Фота: TechCrunch / Flickr, CC BY 2.0
podpis źródła zdjęcia

Заснавальнік Telegram заявіў, што на запыты ўладаў «адпаведных краінаў» будзе перадаваць IP-адрасы і нумары тэлефонаў тых, хто парушае правілы і карыстаецца Telegram для продажу незаконных тавараў. Імаверна, гэта звязана з яго затрыманнем у Францыі.

Кіберпартызан

Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»

навіны

У допісе ў сваім Telegram-канале заснавальнік мэсэнджара Павел Дураў 23 верасня расказаў пра злоўжыванне пошукам Telegram дзеля продажу незаконных тавараў і паабяцаў выдаваць асабовыя звесткі парушальнікаў уладам на законныя запыты. «Вось Так» разабраў ягоную заяву з кіберюрыстам Саркісам Дабрынянам.


Як сцвярджае Дураў, адмысловая каманда мадэратараў з выкарыстаннем штучнага інтэлекту робіць пошук у Telegram больш бяспечным, а незаконны кантэнт – недасяжным праз пошук. Калі ўсё яшчэ шукаецца нешта незаконнае, Дураў заклікаў пісаць у бот @SearchReport. Шэраг расейскіх Telegram-каналаў адзначаў, што бот для скаргаў на пошук не працуе ў Расеі, але праект «Вось Так» здолеў скарыстацца сэрвісам з тэрыторыі РФ.


Каб адвабіць парушальнікаў, напісаў Дураў, былі абноўленыя правілы карыстання Telegram: прапісана, што IP-адрасы і нумары тэлефонаў будуць на легальныя запыты перадавацца ўладам «адпаведных краінаў». Пошук Telegram, дадаў Дураў, прызначаны для шукання сяброў і навінаў, а не для прасоўвання незаконных тавараў. Пра перадачу асабовых звестак тых, хто парушае законы ў перапісцы ці публікацыі навінаў, Дураў не пісаў.


Саркіс Дабрынян адзначыў, што правілы Telegram і раней дазвалялі перадаваць спецслужбам на легальныя запыты звесткі карыстальнікаў, датычных да тэрарызму. Цяпер мэсэнджар гатовы дзяліцца гэтымі звесткамі з уладамі і ў іншых выпадках, ды ў якіх – незразумела. Правілы Telegram сфармуляваныя размыта, як і ў іншых буйных тэхналагічных кампаніяў.

,,

«Абсалютна не зразумела, што сэрвіс будзе рабіць у выпадку запыту з аўтарытарных краінаў – пра гэта нічога не кажуць ні Facebook, ні Google, ні цяпер Telegram», – адзначыў юрыст.


Тэхналагічныя кампаніі па-рознаму мадэруюць кантэнт, тлумачыць Дабрынян. Так, Facebook мае шматузроўневую мадэрацыю: правярае, ці кантэнт супярэчыць правілам пляцоўкі, потым – ці супярэчыць міжнародным стандартам, далей – ці запыт уладаў адпавядае нацыянальнаму заканадаўству… Па выніках такога аналізу Facebook можа адмовіць уладам краіны.


З Apple сітуацыя горшая: былі выпадкі выдалення праграмаў на запыт расейскага цэнзара «Раскамнагляду». Apple на запыт гэтай структуры нават блакавала ў Расеі даволі бяскрыўдную песню «Это пройдёт», якая не была ўнесеная ў расейскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».


Напэўна, справа ў Францыі, але ў аўтакратыях усё роўна лепш быць асцярожнымі


Дабрынян сумняецца, што адразу па зменах правілаў палітыка Telegram рэзка зменіцца: наўрад ці мэсэнджар пачне выдаваць асабовыя звесткі на запыты аўтарытарных краінаў кшталту Ірану, Кітаю ці Расеі. Гэта патрабавала б даволі працяглых зменаў, найму вялікай колькасці мадэратараў. Правілы мянялі з іншай прычыны, мяркуе ён:

,,

«Звязваю гэта з неабходнасцю кропкавага развязання пытання з французскім рэгулятарам, каб зменшыць градус напружання і змякчыць абвінавачванні супраць Дурава».


Belsat

Як бяспечна тэлефанаваць праз інтэрнэт, каб не праслухалі сілавікі?

навіны

Паўла Дурава затрымалі ў аэрапорце «Буржэ» ў Парыжы 24 жніўня. Ён прыляцеў туды з Баку і мусіў правесці ў французскай сталіцы як мінімум адзін вечар: у яго там была запланаваная сустрэча. Пазней Дурава вызвалілі пад заклад 5 мільёнаў еўраў і абавязанне рэгулярна адзначацца ў паліцыі.


Заснавальніку Telegram былі выстаўленыя абвінавачванні паводле шасці артыкулаў, сярод якіх: кіраванне онлайн-платформаю для незаконных транзакцыяў, адмыванне грошай, аказанне нелегальных крыптаграфічных паслугаў, адмова ад супрацы з праваахоўнымі органамі, а таксама саўдзел у незаконным абароце наркотыкаў і распаўсюд дзіцячай парнаграфіі ў арганізаванай групе.


Спадзявацца на поўную ананімнасць і бяспеку перапісак у Telegram не выпадае. Мэсенджар раней адгукаўся на запыты Крамля, нагадвае юрыст. Напрыклад, у 2021 годзе блакаваў бот «Разумнага галасавання» – праекту расейскіх апазіцыянераў для зрыву планаў Крамля на выбарах у Дзяржаўную думу. Ды і сілавікі ўмеюць дэананімізаваць карыстальнікаў (у тым ліку ў Беларусі) і перахопліваць перапіску (у тым ліку ў Беларусі).


Дабрынян раіць карыстацца мэсэнджарамі, у якіх ёсць шыфраванне перапіскі паводле змоўчання, як то SimpleX, Wire, Element, ці распрацаваным расейцамі Adamant.


Нацыянальны каардынацыйны цэнтр кібербяспекі ва Украіне 19 верасня забараніў чыноўнікам і вайскоўцам карыстацца Telegram. Прычына – пагроза нацыянальнай бяспецы.


Беларускія «Кіберпартызаны» тым часам не спынялі праект «Партызанскі тэлеграм» – надбудову над кліентам Telegram з дадатковымі магчымасцямі ў бяспецы. Але супольнасць беларускіх экспертаў у кібербяспецы «КіберБабёр», пераказаўшы навіну пра змену правілаў Telegram, на ўсялякі выпадак нагадала, як выдаліць акаўнт у Telegram, каб пачаць усё «з чыстай старонкі».


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10