У сераду, 25 верасня, у розных гарадах Беларусі адбыўся шэраг палітычна-матываваных затрыманняў і судоў. Акрамя таго, стала вядома пра папаўненне «тэрарыстычнага» спісу і пра чарговыя факты катаванняў палітвязняў у зняволенні. Падрабязней – у нашым аглядзе рэпрэсіяў.
Па трох крымінальных артыкулах будуць судзіць 44-гадовага менчука Рамана Якімянку, затрыманага яшчэ 27 сакавіка за каментары пра тэракт у расейскім ГЦ «Крокус». Стала вядома, што суд распачнецца 22 кастрычніка ў Менску. Мужчыну абвінавачваюць у «абразе прэзідэнта» (ч. 1 арт. 368 КК РБ), «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).
За каментары затрымалі намесніцу дырэктара па вучэбнай рабоце адной з менскіх школ. Яе абвінавачваюць у тым, што яна пакідала каментары на «забароненых сайтах». На «пакаяльным відэа» жанчына кажа, што ніякіх каментароў не пакідала. Праўладныя тэлеграм-каналы пагражаюць затрыманай звальненнем.
Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыі на завочны прысуд па справе «Рудабельскай паказухі». Прысуд суду першай інстанцыі пакінуты без зменаў, а апеляцыйныя скаргі — без задавальнення. Андрэю Павуку завочна прызначылі 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры пяць тысяч базавых велічыняў (200 тысяч рублёў), а Вользе Павук — 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму са штрафам у памеры дзве з паловай тысячы базавых велічыняў (100 тысяч рублёў).

У Гомельскім абласным судзе 25 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Ірыны Стасенка. Жанчыну абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»), ч. 2 арт. 367 («Паклёп на прэзідэнта»), ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзідэнта»).
Сцэнарыста з Барысава, 40-гадовага Кірыла Вевеля судзяць за «заклікі да санкцыяў». Кірыла затрымалі ў студзені 2024 года. Суд над ім пачаўся 23 верасня ў Менскім гарадскім судзе.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ шэсць беларусаў. Сярод іх Аліна Галінская, Аляксандр Лазарэвіч, Вадзім Луцэвіч, Антон Чарамных, Міхаіл Галаўко, Яўген Гурыновіч. Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1164 чалавекі, з іх крыху менш за 500 — беларусы.

Затрымалі жыхара Рэчыцы — ён танчыў на вуліцы спусціўшы штаны, а пасля крычаў пра міліцыю і Лукашэнку. Відэа з хлопцам завірусілася ў TikTok — ён на стаянцы машын спяваў песню «Крошка моя» і падчас танцаў спусціў свае штаны. Пасля гэтага назваў міліцыю і Лукашэнку «п***мі». Паведамляецца, што ў дачыненні да затрыманага распачатая крымінальная справа.
У Менску працягваюць судзіць Наталлю Давыдка. Жанчына была затрыманая падчас рэйду напрыканцы студзеня. Яе вінавацяць паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак»). Судовы працэс над Наталляй пачаўся 16 верасня 2024 года.
Палітзняволенага актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча зноў змясцілі ў ШІЗА. З 13 па 26 чэрвеня Ігар трымаў галадоўку ў ШІЗА Жодзінскай турмы. У лякарню яго забралі проста з карцару. Зараз жа яго зноў кінулі ў ШІЗА. Ад самага пачатку зняволення на Ігара пастаянна аказваецца ціск. Яго затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года і асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Марыя Міхалевіч belsat.eu