Уладзімір Пуцін на паседжанні сталай нарады Рады бяспекі па ядравым стрымліванні 25 верасня прапанаваў змяніць ядравую дактрыну Расеі і замацаваць права прымяняць ядравую зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
У абноўленай дактрыне прапаноўваецца агрэсію супраць Расеі з боку любой няядравай дзяржавы, але з удзелам ці пры падтрымцы ядравай разглядаць як сумесны напад на Расейскую Федэрацыю.
Пуцін прапанаваў унесці шэраг удакладненняў датычна вызначэння ўмоваў прымянення ядравай зброі, пашырыць катэгорыю дзяржаў і ваенных саюзаў, у дачыненні да якіх праводзіцца ядравае стрымліванне, дапоўніць “спіс ваенных пагрозаў, для нейтралізацыі якіх выконваюцца мерапрыемствы ядравага стрымлівання”.
,,«Будзем разглядаць такую магчымасць (прымянення ядравай зброі) ужо пры атрыманні дакладнай інфармацыі аб масаваным старце сродкаў паветрана-касмічнага нападу і перасячэння імі нашай дзяржаўнай мяжы. Маю на ўвазе самалёты стратэгічнай і тактычнай авіяцыі, крылатыя ракеты, беспілотнікі, гіпергукавыя і іншыя лятаючыя апараты», - заявіў Пуцін.
Узгадаў Пуцін і пра Беларусь:
,,«Пакідаем за сабой права ўжыць ядравую зброю ў выпадку агрэсіі супраць Расеі і Беларусі як удзельніка Саюзнай дзяржавы. З беларускім бокам, з прэзідэнтам Беларусі ўсе гэтыя пытанні ўзгоджаныя. У тым ліку калі праціўнік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму суверэнітэту».
Цяперашняя Ваенная дактрына Расеі прадугледжвае, што ядравая зброя можа быць выкарыстаная падчас вонкавай агрэсіі, але толькі ў двух выпадках: пры выкарыстанні праціўнікам зброі масавага знішчэння або пры выкарыстанні звычайнай зброі, «калі пад пагрозу пастаўленае існаванне дзяржавы».
Аналагічная норма ёсць у дакуменце пад назвай «Асновы дзяржаўнай палітыкі Расейскай Федэрацыі ў галіне ядравага стрымлівання». Там зазначаецца, што ядравае стрымліванне ажыццяўляецца ў дачыненні дзяржаваў або кааліцыяў дзяржаваў, якія валодаюць ядравай зброяй, а таксама тых дзяржаваў, якія валодаюць «значным баявым патэнцыялам сілаў агульнага прызначэння.
Марыя Міхалевіч belsat.eu