Былы рэдактар «NEXTA» Раман Пратасевіч у сваім тэлеграм-канале адрэагаваў на словы былога польскага суддзі Томаша Шмыта пра тое, што той хацеў бы запрасіць яго на працу ва ўласны фонд «Польская праўда».
Пра запуск фонду «Польская праўда» Пратасевіч нібыта даведаўся з публікацыяў у медыях.
«Даведаўся, як усё было на самой справе. Сутнасць у тым, што журналісты насамрэч запыталіся, каго заснавальнік праекту хацеў бы бачыць у сваёй камандзе. Было названа з дзясятак прозвішчаў і маё ў тым ліку, але ў навінавыя загалоўкі трапіў толькі Пратасевіч», – напісаў былы рэдактар «NEXTA».
Пратасевіч распавёў, што са Шмытам ён не знаёмы і ніколі з ім не сустракаўся. А таксама што наўрад ці зможа з ім працаваць:
,,«Наўрад ці я здолею знайсці час на бочны праект, скіраваны да таго ж на вонкавы вектар палітыкі, калі ў самога ёсць асноўная праца і штосьці ўласнае».
24 верасня былы польскі суддзя Томаш Шмыт, які ўцёк у Беларусь, абвясціў пра стварэнне фонду «Польская праўда», мэта якога – «умацоўваць сяброўства, узаемаразуменне і згоду паміж грамадзянамі ЕЗ, Беларусі і Расеі», а таксама распавядаць пра парушэнні правоў чалавека ў Еўразвязе.
Раман Пратасевіч працуе зваршчыкам на Менскім электратэхнічным заводзе імя Казлова і зарабляе там, паводле ягоных словаў, 9 – 10 тысяч рублёў у месяц.
Былы польскі суддзя Томаш Шмыт уцёк у Беларусь сёлета на пачатку траўня. Падчас прэс-канферэнцыі 6 траўня ён заявіў, што будзе прасіць у Беларусі палітычнага прытулку.
У Польшчы Шмыт абвешчаны ў вышук, супраць яго распачатая крымінальная справа. Беглы суддзя і ягоная жонка замяшаныя ў скандале, звязаным з ціскам на суддзяў, якія выступалі супраць судовай рэформы ў Польшчы. Таксама Шмыт займаўся «сакрэтнымі справамі», да якіх маюць доступ толькі спецслужбы і суддзі.
Як высветліла польскае выданне «Fakt», на радзіме Шмыт пакінуў сур’ёзныя даўгі. Расследавальнікі выказвалі здагадкі, што «драматычнае» фінансавае становішча суддзі магло спрыяць ягонаму вербаванню праз КДБ Беларусі.
У чэрвені былы суддзя паведаміў, што працуе ў беларускім дзяржаўным інфармацыйным агенцтве «БелТА».
Марыя Міхалевіч belsat.eu