Цяперашнія баявыя дзеянні між Ізраілем і ліванскай групоўкай «Хізбула» – найбольш смертаносныя з часу вайны 2006 года. Але абодва бакі быццам бы не хочуць ваяваць, проста пакуль не могуць спыніць эскалацыі. «Белсат» тлумачыць, што адбываецца на Блізкім Усходзе.
Што здарылася
Раніцаю 25 верасня Сілы абароны Ізраілю заявілі, што збілі ракету «зямля – зямля» ліванскай групоўкі «Хізбула», што кіравалася ў Тэль-Авіў. Праз гадзіну вайскоўцы нанеслі ўдар па месцы запуску на поўдні Лівану. «Хізбула» сцвярджае, што запусціла балістычную ракету «Qader 1» у адказ на ранейшыя выбухі пэйджараў сваіх чальцоў і што цэлілася ў штаб-кватэру выведнай службы Ізраілю «Масад», бо ў арганізацыі выбухаў падазраюць ізраільскія спецслужбы.
Выбліск у небе бачылі ў самім Тэль-Авіве – эканамічным цэнтры Ізраілю. Пра пацярпелых і пашкоджанні не паведамляюць. Ракета ліванскай групоўкі ўпершыню заляцела так далёка ў Ізраіль: ад Тэль-Авіву да Лівану – больш за 100 км. І гэта, падобна, першая менавіта балістычная ракета, якую «Хізбула» запусціла па Ізраілі. Прынамсі, ізраільскія вайскоўцы апісваюць ракету як цяжкую і далёкабойную, але заяўляюць, што ляцела яна не ў «Масад», а ў жылы раён.
Запуск буйной ракеты па Тэль-Авіве адбыўся пасля двух дзён масаваных удараў Ізраілю па Ліване – пераважна па поўдні, але далятала і да сталіцы, што ў цэнтры краіны, і аж да поўначы. Абодва бакі прызнаюць, што ў межах удараў быў забіты камандзір ракетных сілаў групоўкі. Але Міністэрства аховы здароўя Лівану сцвярджае, што ізраільскія ўдары забілі больш за паўтысячы чалавек, з якіх бальшыня «відавочна» была мірнымі жыхарамі. Ізраіль заяўляе, што цэліўся па вайсковай інфраструктуры «Хізбулы», каб дазволіць ізраільцянам вярнуцца ў свае дамы на поўначы, і што ідзе рыхтаванне да «наступнай фазы».
Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонью Гутэрыш 24 верасня на адкрыцці Генеральнай асамблеі ААН засцерагаў, што «Ліван на мяжы» вайны. І шмат хто не проста непакояцца. Напрыклад, Злучанае Каралеўства ўжо высылае сем сотняў вайскоўцаў на Кіпр, каб у выпадку яшчэ большай эскалацыі дапамагчы сваім грамадзянам эвакуявацца з Лівану.
Што такое «Хізбула» ды што паміж ёй і Ізраілем
Арабска-ізраільскі канфлікт трывае сотню гадоў, а каранямі сягае ў часы да нашай эры. Калі казаць пра цяперашнюю фазу канфлікту, то ў нефармальную антыізраільскую «Вось супраціву» пад кіраўніцтвам Ірану (краіны мусульманскай, але не арабскай) уключаюць ліванскую «Хізбулу» і палестынскі «Хамас», рэжым Башара Асада ў Сірыі, іракскія Сілы народнай мабілізацыі, еменскіх хусітаў ды іншыя сілы на Блізкім Усходзе.
«Хізбула» – праіранская ліванская групоўка, што ўключае легальную палітычную партыю і баявое крыло. І гэта ці не найбуйнейшая ў свеце недзяржаўная ўзброеная групоўка – яна ў разы мацнейшая за тэрарыстаў «Хамасу». Шэраг краінаў, у ліку якіх Злучаныя Штаты і Злучанае Каралеўства, лічаць усю «Хізбулу» тэрарыстычнай арганізацыяй, Еўразвяз называе тэрарыстамі толькі баявое крыло групоўкі.
Але «Хізбула» – гэта не «ўлады Лівану». Партыя ўваходзіць у кіроўную кааліцыю, мае міністраў у часовым урадзе, ды сама займае толькі 13 са 128 месцаў у парламенце. «Хізбула» ўзнікла ў 1982–1983 гадах у час грамадзянскай вайны ў Ліване ды ізраільскай акупацыі тэрыторыяў на поўдні Лівану ў межах барацьбы з Арганізацыяй вызвалення Палестыны. «Хізбула» не раз заклікала цалкам знішчыць Ізраіль, з моманту заснавання ладзіла супраць Ізраілю абстрэлы, узброеныя рэйды, тэрарыстычныя атакі.
Пасля атакі тэрарыстаў «Хамасу» на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года «Хізбула» пачала «з салідарнасці» абстрэльваць тэрыторыю Ізраілю. Але спачатку «Хізбула» абмяжоўвалася лакальнымі абстрэламі памежных раёнаў, а Цагаль адказваў кропкавымі авіяўдарамі. Аднак паступова атакі «Хізбулы» рабіліся ўсё больш інтэнсіўнымі, пашыралася іх геаграфія.
Канфлікт Ізраілю і «Хізбулы» – частка шырэйшай вайны, у якой Ізраіль змагаецца з 7 кастрычніка 2023 года, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны:
27 ліпеня ракета трапіла ў футбольнае поле ў паселішчы Мадждаль-Шамс на Галянскіх вышынях (анексаванай Ізраілем падчас Шасцідзённай вайны 1967 года тэрыторыі Сірыі). У выніку загінулі 12 дзяцей і падлеткаў, 28 пацярпелых шпіталізаваныя. Ізраіль пачаў наносіць удары ў адказ на магчымую поўнамаштабную вайну. «Хізбула» ўчыняла ўсё больш масавыя абстрэлы, Ізраіль адказваў усё мацней.
17 і 18 верасня ў Ліване адбыліся масавыя выбухі прыладаў сувязі (спачатку пэйджараў, а потым і рацыяў), якімі карысталіся чальцы «Хізбулы». Ізраіль адказнасці за атаку на сябе не ўзяў: афіцыйныя асобы сітуацыі не каментуюць, што ёсць звычайнаю практыкаю падчас аперацыяў за мяжою. Аднак сумневаў у тым, што за атакаю стаяць ізраільскія спецслужбы, ні ў каго няма. Акрамя таго, 19 верасня Ізраіль нанёс удары па цэлях «Хізбулы» ў Ліване ў момант, калі лідар групоўкі выступаў з прамоваю пра атакі на сродкі сувязі «Хізбулы».
Што будзе далей?
Ніхто не ўпэўнены. Тое, што адбываецца цяпер, ужо шмат у чым падобна да вайны: ізраільская атака 24 верасня, падобна, прынесла найбольшую колькасць ахвяраў з часу Другой ліванскай вайны 2006 года. Але поўнамаштабнай вайны з наземным уварваннем, яшчэ няма.
«Associated Press» пытае ў загалоўку, ці гэта ўжо вайна, і тут жа адказвае: канфлікт Ізраілю і «Хібзулы» цяжка вызначыць і прадказаць. Абодва бакі заяўляюць, што вайны не хочуць, і абодва бакі былі б радыя дасягнуць сваіх мэтаў без эскалацыі. Ды эскалацыя ідзе, абмен ударамі ўсё больш жорсткі, спыняць гэта пакуль ніхто не бярэцца. «Хізбула» патрабуе замірэння ў Газе, а Ізраіль – спынення атак «Хізбулы» ў салідарнасць з тэрарыстамі «Хамасу», але дзеля гэтага Ізраіль не пойдзе на замірэнне ў Газе, лічыць амерыканскі Інстытут вывучэння вайны.
Ізраіль цяпер дасягнуў мноства кароткатэрміновых мэтаў атакамі на «Хізбулу», але канчатковыя мэты невідавочныя, адзначае «The New York Times». Частка ізраільскага ўраду мяркуе, што было б варта дамагчыся спынення агню ў Газе і вызвалення закладнікаў «Хамасу» перад тым, як увязвацца ў яшчэ адну вайну. Спробу вайсковай перамогі над «Хізбулой» падтрымлівалі ў ліпені 38 % апытаных ізраільцянаў, а 42 % хацелі дыпламатычнага пагаднення, нягледзячы на магчымы будучы канфлікт.
А тая вайна можа не вярнуць міру на поўнач Ізраілю, а ператвараць яго ў поле бітвы. «Дээскалацыя праз эскалацыю», заяўляе «The Guardian», гэта не стратэгія, а наіўнасць, бо такія атакі, як цяпер, маюць свой «імпульс», канфлікт ад іх толькі разрастаецца.

Ізраіль, як піша Бі-Бі-Сі, можа рабіць стаўку на тое, што «Хізбула» не будзе ваяваць напоўніцу, каб ліванскія гарады не былі ператвораныя ў руіны, як у сектары Газа. Але «Хізбула» можа вырашыць выкарыстаць як мага больш свайго арсеналу, пакуль Ізраіль яго не знішчыў. А Іран можа не захацець губляць ракеты «Хізбулы» – страхоўку ад атакі Ізраілю на свае ядравыя аб’екты.
Чаго хоча Іран, таксама цяжка зразумець. З аднаго боку, Іран заяўляе ў ААН, што гатовы да паляпшэння стасункаў з Захадам і новай «ядравай угоды». З другога боку, напрыклад, крыніцы «Reuters» кажуць, што Іран выступае пасярэднікам у перамовах пра адпраўленне хусітам расейскіх ракетаў «Яхант» (яны ж «Онікс»), якія раней Расея пастаўляла «Хізбуле».
«Хізбула» сцвярджае, што мае 100 тысячаў байцоў і рэзервістаў, але вонкавыя назіральнікі мяркуюць, што яна мае 30–50 тысячаў байцоў. Ізраіль мае ў разы больш, але «Хізбула» таксама 100–200 тысяч ракетаў, у тым ліку, магчыма, паўтары тысячы ракетаў з далёкасцю 250–300 км. Як заўважае CNN, вайна ў Газе з куды слабейшым «Хамасам» ужо моцна ўдарыла па ізраільскім грамадстве і эканоміцы, па міжнародным іміджы – не факт, што Ізраіль можа дазволіць сабе вайну з мацнейшым праціўнікам.
А пакуль абодва бакі рыхтуюцца да вайны і не могуць спыніць эскалацыі, жыхары Газы баяцца, што на фоне гэтай вайны застануцца забытыя.
Алесь Наваборскі belsat.eu