Меркаваннi

Горцы супраць Дарвіна і сінякі ад раку. Ці нам дакладна гэта трэба?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня Расеі ў Менску, Беларусь. 12 чэрвеня 2022 года. Фота: БелТА
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня Расеі ў Менску, Беларусь. 12 чэрвеня 2022 года. Фота: БелТА
podpis źródła zdjęcia

Беларусі выгодна збліжэнне з Расеяй. Такога меркавання прытрымліваюцца 34% апытаных Chatham Haus летам гэтага году.

У сераду, 18 верасня, у Маскве стралялі. Святочнае мерапрыемства адбывалася ў 500 метрах ад Траецкай вежы Крамля, у Раманавым завулку. Такім чынам вялі перамовы, растлумачвалі некаторыя юрыдычныя нюансы будучага скасавання шлюбу сужэнцы Уладзіслаў і Таццяна Бакальчукі, уладальнікі інтэрнэт-гіганта «Вайлдберрис» – а дакладней дахі, якія стаяць за імі.

Дах Таццяны ў гэты раз аказаўся мацнейшым, нягледзячы на наяўнасць у асяроддзі іншага боку (візіцёраў) былога пракурора Шаўкоўскага раёна Чачэніі 
Анаса Эльмурзаева. У спісе з сямі параненых прысутнічаюць байцы змешаных адзінаборстваў Абубакар Местоеў, ураджэнец Чачэніі Умар Чычаеў, а таксама чэмпіён Расеі па боксе ў цяжкай вазе Рашыд Коздзеў. Загінулых двое, абодва – ахоўнікі офісу «Вайлдберрис», і, верагодна, супадзенне, прадстаўнікі Інгушэціі. Праз пару дзён пасля здарэння іх целы сустракаў там шматтысячны натоўп.

Арыштаваныя 30 чалавек, яны ўжо просяцца на фронт, дзе такога кшталту мерапрыемствы не выклікаюць адпаведнай бурнай грамадскай рэакцыі. Так цяпер прынята.

Сам муж уладальніцы фірмы быў таксама арыштаваны, хадзілі чуткі аб прад'яўленні яму абвінавачванняў, якія прадугледжваюць пажыццёвае зняволенне, і нават было ўжо сабраліся ехаць з ператрусам, але... Следчыя ўзяліся за працу са стараннасцю, і цягам двух содняў дакладна вызначылі, што Уладзіслаў Бакальчук ні пры чым. Яго адпусцілі і цяпер ён публічна абяцае працягнуць барацьбу за сям'ю і бізнэс.

Супрацоўнік расейскіх сіл бяспекі стаіць на варце на месцы інцыдэнту са стралянінай у Маскве. Паводле дадзеных Следчага камітэту Расеі, у выніку страляніны ў офісе інтэрнэт-рытэйлера Wildberries загінулі два чалавекі і некалькі атрымалі раненні. Масква, Расея. 18 верасня 2024 года. Фота: Bai Xueqi / Xinhua News Agency / Forum
Супрацоўнік расейскіх сіл бяспекі стаіць на варце на месцы інцыдэнту са стралянінай у Маскве. Паводле дадзеных Следчага камітэту Расеі, у выніку страляніны ў офісе інтэрнэт-рытэйлера Wildberries загінулі два чалавекі і некалькі атрымалі раненні. Масква, Расея. 18 верасня 2024 года. Фота: Bai Xueqi / Xinhua News Agency / Forum

На наступны дзень, 19 верасня, у Дзярждуме прагучала прапанова адмяніць тэорыю Дарвіна. Памочнік старшыні ўрада, экс-мэр Грознага і экс-прэм'ер Чачэніі Муслім Хучыеў прапанаваў міністру асветы Сяргею Краўцову выключыць яе са школьнай праграмы. Пра гэта ён заявіў падчас першага пасяджэння Усерасейскага бацькоўскага камітэта. Так і сказаў: «Усе ведаюць, што гэта памылковая тэорыя, яна ідзе насуперак рэлігіі. Гэта першы крок, я лічу, для духоўнага разлажэння дзяцей. Мы можам гэта проста прыбраць. Гэта [тэорыя Дарвіна] няпраўда, гэта супярэчыць рэлігійнаму выхаванню, усе рэлігіі гэта прызналі. Хто яшчэ павінен гэта прызнаць, каб гэта прыбраць з падручнікаў і не ўкладваць у свядомасць нашым дзецям?».

Думалі выклікаць хуткую, але прама ў залі апынуліся прадстаўнікі Рускай праваслаўнай царквы, якія сінхронна ківалі і пацвердзілі, што яшчэ ў 2019 годзе пра гэта казаў (на той момант) кіраўнік патрыяршай камісіі па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства протаіерэй 
Дзімітрый Смірноў. «Сучасная навука нічога не можа прапанаваць, акрамя таго, што мы – малпавыя дзеці. Зусім ненавуковая тэорыя, якая цалкам не пацвердзілася», – сцвярджаў ён, і працягваў, што, маўляў, трэба «альбо прыняць біблейскае вучэнне», паводле якога чалавек і ўсё жыццё на зямлі стварыў Бог, альбо працягваць валяць дурня ва ўсіх гімназіях зямной кулі».

Дэпутаты застылі ў нерашучасці. Дарвін пакуль не пацярпеў, аднак настрой трывожны.

20 верасня прынесла яшчэ больш радасныя весткі (хоць куды ўжо далей). Усесаюзны маг і чараўнік мяжы 90-х, 
Анатоль Кашпіроўскі, нягледзячы на 85 гадоў, адчуў парыў душы і не стаў яму супраціўляцца. Нечакана ён вярнуўся ў Расею і прыступіў да свайго нялёгкага, але ганаровага служэння.

На першы сеанс у Маскве сабраліся каля 300 чалавек, якія падзяліліся з эскулапам сумамі ад 40 да 100 долараў у эквіваленце. Сам сеанс, нягледзячы на тое, што з мінулых адкрыццяў Кашпіроўскага прайшло 35 гадоў, не змяніўся. Выступоўца лячыў усё! Дапамагаў людзям (нібыта) пазбавіцца ад сівізны, раку, алергіі, бясплоддзя ці нават лішняй вагі. Лячэнне было для ўсіх аднолькавае – невялікая гутарка, размахванне рукамі, падзенне на падлогу. Будучы сіняк – як знак якасці праведзенага лячэння. Праўда, да канца сеансу маг разышоўся і ў ход пайшлі прамовы і песні 
Аляксандра Малініна. Ад праблемаў са зрокам пазбаўляла «Ноч светлая», што, увогуле, лагічна.

Ды, так, Кашпіроўскі прадаваў соль. Звычайную, павараную. Пры гэтым, каб пазбегнуць судовага пераследу, нікога не падманваў. На пачцы сумленна паказана: «Соль звычайная, але дзіўны эфект дасягаецца за кошт сфармаванай псіхалагічнай прывязкі з Анатолем Кашпіроўскім».

,,

«Гэта была палітра расейскага грамадскага жыцця. Зрэз. Усяго тры дні і тры навіны.
І вось у мяне пытанне: а яно нам наогул трэба?»


Я, вядома ж, разумею ўсе выгоды таннай нафты і газу (я нават магу разлічыць дакладныя лічбы гэтых выгодаў), ды і залежнасць ад расейскага рынку (больш за 60% беларускага экспарту) сама не рассмокчацца, але ж дадаткам да гэтых выгодаў і адсоткам ідуць і Кашпіроўскі, і чыноўнікі, якія адмяняюць Дарвіна, і звычка развязваць дзелавыя спрэчкі з ужываннем агняпальнай зброі. І гэта толькі тры дні, а іх у годзе ўсё яшчэ 365...

Можа быць, лепш неяк без усяго гэтага? Хоць, з іншага боку, 34% тых, хто падтрымлівае ідэю звязу з суседам з Усходу, які падае ў грамадскае вар'яцтва – гэта значна менш 50%, а то і 60%. Раней жа лічбы былі менавіта такімі, а значыць, працэс усё ж такі рухаецца ў здаровы бок, няхай і некалькі павольней, чым хацелася б.

Аляксандр Кныровіч / МВ 
belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванне аўтара

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10