навіны

Квадробіка - гульня ці «сатанінская субкультура»?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com
podpis źródła zdjęcia

Дзеці ў масках з кацінаю ці сабачай пыскаю і з накладным хвастом, пераймаючы паводзіны гадаванцаў, бегаюць на карачках і імітуюць рухі звяроў. Такую карціну можна пабачыць не толькі ў відэароліках, але і на вуліцах беларускіх гарадоў. Усё гэта квадробіка – гульня, якая так хутка перарасла ў субкультуру і напалохала беларускі рэжым.

Першапачаткова квадробіка задумвалася як від спорту. Сама назва – гэта спалучэнне лацінскага «кватуар» (чатыры) і англійскага «эробікс» (аэробіка). Яна мусіла дапамагчы развіццю каардынацыі, гнуткасці і сілы.

Прадстаўніца Аб‘яднанага пераходнага кабінету ў моладзевых справах
Марго Ворыхава цалкам згодная з такім выначэннем і не бачыць нічога дзіўнага ў гэтым захапленні:

,,

«Гэта спорт, гэта актыўны стыль жыцця. Дзеці захапляюцца гэтым новым цячэннем, таму што у іх ёсць спроба, па-першае, гуляць. Гэта тое, на чым дзеці навучаюцца жыць. Трэба дазволіць дзецям быць дзяцьмі, моладзі - быць моладзю».


З часам квадробіка з віду аэробікі перарасла ў новую субкультуру. І яна, відавочна, мае станоўчыя бакі, кажа экспертка. Напрыклад, дапамагае дзіцяці сацыялізавацца.

Станоўчага меркавання наконт дзіцячай забаўкі прытрымліваецца і дырэктарка Еўрапейскага інстытуту сучаснай псіхатэрапіі ў Літве
Ганна Матуляк.

,,

«Прымяраючы на ​​сябе нейкую ролю, ён можа там не ведаю, адчуць сябе смялейшым, больш дзёрзкім, прайграць тое, што не ўласціва пакуль яго асобе, але праз вось такую ​​ролю, якую ён на сябе бярэ, ён можа атрымаць такі досвед».


Аднак Ганна Матуляк папярэджвае, што варта сачыць, каб гэтая цікаўнасць не перарастала ў нездаровую, калі перайманне паводзінаў жывёлы перастане абмяжоўвацца фізічнымі практыкаваннямі і гульнёю, бо ў такім выпадку будзе наносіцца шкода акурат той самай сацыялізацыі:

«Ён будзе захрасаць у адной ролі, якая не вельмі гнуткая і не вельмі дапамагае».

Ужо ёсць прыклады такіх паводзінаў, калі некаторыя прыхільнікі гульні інтэрпрэтуюць яе літаральна. Напрыклад, ядуць каціны і сабачы корм або чапляюцца да мінакоў: палохаюць, дражняць, нават драпаюць. Таму дэлегатка Каардынацыйнай рады з «Моладзевага наступу»
Ліза Пракопчык раіць бацькам і выхавальнікам пастаянна сачыць за тым, ці не сцерлася ў дзіця мяжа паміж гульнёй і рэчаіснасцю: 

,,

«Калі яны заўважаюць нейкія дывіяцыі, ці не разумеюць, што робіць іх дзіцёнак, – трэба з ім проста паразмаўляць».


А вось дзяржава на з’яўленне новай супольнасці паводле інтарэсаў рэагуе негатыўна. Сілавікі папярэджваюць: калі квадробер будзе паводзіцца агрэсіўна, яго ці яе могуць прыцягнуць да адказнасці за хуліганства. Прапагандысты «Мінскай праўды» ў сваю чаргу называюць квадробіку «сатанінскай субкультурай». На думку Марго Ворыхавай, рэжым бачыць у гэтым пэўную пагрозу для ўсталяванага ў грамадстве парадку, бо розныя субкультуры дазваляюць маладым людзям самавыяўляцца, быць незалежнымі і мысліць неардынарна.

Падрабязней глядзіце ў сюжэце

Андрэй Сульжыц, Марыя Голдстэйн «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10