На пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН у рамках «Саміту будучыні», што прайшоў у Нью-Ёрку 22-23 верасня, быў прыняты Пакт у імя будучыні. Супраць гэтага выступалі Расея, Беларусь і іхныя заўсёдныя саюзнікі, але перашкодзіць прыняццю дакументу ў іх не атрымалася.
Пакт у імя будучыні: пра што ён
Пакт у імя будучыні быў распрацаваны пры пасярэдніцтве Нямеччыны і Намібіі. Дыскусіі па ім вяліся з пачатку 2024 года. Дакумент падзелены на пяць частак, што ўключаюць 56 дзеянняў.
Пачынаецца Пакт з устойлівага развіцця і ягонага фінансавання. Яго прыярытэтамі з’яўляюцца ліквідацыя галечы, барацьба з голадам і гарантаванне харчовай бяспекі. Падпісанты абавязаліся фінансава дапамагаць краінам, якія развіваюцца, каб тыя змаглі дасягнуць мэтаў устойлівага развіцця, зрабіць шматбаковую гандлёвую сістэму рухавіком гэтага, інвеставаць у чалавечы капітал, будаваць «міралюбівыя, справядлівыя і адкрытыя грамадствы», забяспечыць гендарную роўнасць, больш актыўна змагацца са зменамі клімату і абараняць навакольнае асяроддзе, развіваць культуру і спорт.
У пытаннях міжнароднага міру і бяспекі ўдзельнікі саміту паабяцалі падвоіць намаганні для «пабудовы мірных, інклюзіўных і справядлівых грамадстваў», абараніць цывільных асобаў ва ўзброеных канфліктах і дапамагчы ўсім, хто сутыкнуўся з надзвычайнымі гуманітарнымі праблемамі.
Яны абавязаліся імкнуцца да мірнага ўрэгулявання спрэчак, выконваць рашэнні Міжнароднага суда, зрабіць больш эфектыўнымі аперацыі на карысць міру («блакітныя каскі»), змагацца з пагрозамі на моры, тэрарызмам і транснацыянальнай злачыннасцю. Таксама агаворваецца імкненне краін да міру без ядравай зброі, абавязкі раззбраення і ўстаранення рызык, спалучаных з новымі тэхналогіямі.
Навуку, тэхналогіі і інавацыі абяцаюць ужываць «на карысць людзей і планеты», дапамагаць краінам, якія развіваюцца, умацоўваць іх навукова-тэхнічны і наватарскі патэнцыял, а таксама «абараняць веды карэнных народаў, традыцыйных і мясцовых супольнасцяў».

Таксама падпісанты дамовіліся інвеставаць у сацыяльна-эканамічнае развіццё моладзі, абараняць яе правы, умацоўваць яе ўдзел на нацыянальным і міжнародным узроўнях.
Важным блокам Пакту з’яўляецца трансфармацыя глабальнага кіравання. Тут адзначаецца, што ААН сёння «адчувае беспрэцэдэнтную нагрузку», і таму патрабуецца «адрадзіць давер да глабальных інстытутаў, зрабіўшы іх больш прадстаўнічымі і адпаведнымі патрабаванням сучаснага свету і больш эфектыўнымі». Для гэтага прапануецца рэфармаваць некалькі інстытутаў ААН, у тым ліку Раду бяспекі. У прыватнасці, пашырыць «прадстаўніцтва недапрадстаўленых і непрадстаўленых рэгіёнаў і груп, такіх як Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён і Лацінская Амерыка і Карыбскі басейн».
Таксама плануецца прымаць захады для абмежавання сферы ўжывання і выкарыстання права вета, якое цяпер маюць Вялікая Брытанія, ЗША, Кітай, Расея і Францыя.
Утрымаць свет ад сыходу з рэек
Паводле Генеральнага сакратара ААН Антоніў Гут’ерыша, прыняцце Пакту ў імя будучыні «адкрывае шляхі да новых магчымасцяў і шанцаў у імя міру і бяспекі» і дазваляе адвесці міжнародную арганізацыю «ад краю прорвы».
,,«Я заклікаў да правядзення гэтага саміту, бо наш свет сыходзіць з рэек, і нам патрэбны жорсткія рашэнні, каб вярнуцца на правільны шлях», — сказаў Гут’ерыш.
Ён нагадаў пра канфлікты, што ахапілі свет, у тым ліку на Блізкім Усходзе, ва Украіне і Судане. Паводле яго, міжнароднай сістэме калектыўнай бяспекі пагражаюць геапалітычныя рознагалоссі, ядравыя амбіцыі краінаў, а таксама распрацоўка новых узбраенняў і тэатраў ваенных дзеянняў.
Гут’ерыш заявіў пра рост няроўнасці, як унутры краін, так і паміж імі, пра тое, што кліматычны крызіс разбурае сусветную эканоміку, а новыя тэхналогіі, у тым ліку штучны інтэлект, распрацоўваюцца ў маральным і прававым вакууме, без належнага кіравання і абмежаванняў.
Генеральны сакратар адзначыў, што ў міжнароднай супольнасці няма «эфектыўнага глабальнага адказу» на новыя «экзістэнцыйныя пагрозы», а «шматбаковыя інструменты і інстытуты не ў стане эфектыўна рэагаваць на сённяшнія палітычныя, эканамічныя, экалагічныя і тэхналагічныя выклікі». І Пакт у імя будучыні, падкрэсліў ён, адкрывае шлях да новых магчымасцяў.
«Баба Яга супраць»
У пачатку цырымоніі зацвярджэння Пакту прадстаўнік Масквы — намеснік міністра замежных спраў РФ Сяргей Вяршынін — па-за планам папрасіў слова і заявіў аб неабходнасці ўнесці дадатковыя змены ў тэкст ужо ўзгодненага дакументу. Тым самым ён паставіў пад пытанне фармальнае зацвярджэнне дакумента ўсімі 193 краінамі, якое меркавалася ажыццявіць без галасавання.

Пры гэтым Вяршынін прыгразіў «дыстанцыявацца ад кансэнсусу па гэтым дакуменце», калі патрабаваную Расеяй папраўку не ўключаць у тэкст Пакту. Ён заявіў, што ўзгадніць дакумент не ўдалося, а «каардынатары падрыхтоўкі тэксту з самага пачатку ўключалі ў яго тое, што ім дыктавалі ў асноўным заходнія краіны». Паводле яго, Расею не пусцілі за стол перамоваў, каб абмеркаваць спрэчныя моманты, так што шматбаковым працэс не быў.
Маскву не задавальняла агулам 25 палажэнняў дакументу. У прыватнасці, раззлавалі яе палажэнні пра пабудову свету, вольнага ад ядравай зброі з мэтай «усеагульнага і поўнага раззбраення пад эфектыўным міжнародным кантролем», а таксама з крытыкай «дзеянняў, якія супярэчаць існуючым міжнародным нормам, і невыкананнем абавязкаў у галіне раззбраення, кантролю над узбраеннямі і нераспаўсюджвання».
Вяршынін настойваў на тым, каб адкласці галасаванне і правесці дадатковыя ўзгадненні.
«У любым разе лічым неабходным падкрэсліць, што пакт не з’яўляецца дакументам, які аўтаматычна стварае новыя мандаты і абавязкі для дзяржаваў-чальцоў. Гэта проста дэкларацыя, прычым вельмі размытая. Новыя мандаты і абавязкі могуць з’явіцца толькі ў выніку міжурадавых працэсаў, якія будуць ажыццяўляцца прынцыпова іншым спосабам, адрозным ад таго, як была арганізавана праца над пактам і яго дадаткамі», — сказаў дыпламат.
Аднак прадстаўнік Конга прапанаваў не разглядаць запыт РФ і тым самым яго адхіліць, што і было зроблена абсалютнай большасцю галасоў. За выніковы дакумент прагаласавалі 143 дзяржавы. Супраць акрамя самой Расіі выступілі толькі Беларусь,

Сірыя, КНДР, Судан, Іран і Нікарагуа, а яшчэ 15 краінаў устрымаліся. Краіны, якія прагаласавалі «супраць», акрамя Судана, прапанавалі дадаць да Пакту пункт пра тое, што ААН не павінна ўмешвацца ва ўнутраныя справы дзяржаваў, але прапанова не прайшла.
У выніку Пакт у імя будучыні зацвердзілі, і старшыня Генеральнай Асамблеі ААН Філемон Янг абвясціў яго прынятым.
Мачызм Крамля супраць бяспекі свету
У пытанні Пакту ў імя будучыні варта яшчэ паглядзець, наколькі ён будзе ўводзіцца ў жыццё, а не застанецца ў выглядзе дэкларацыі, заявіла ў каментары «Белсату» паліталагіня, экспертка Цэнтру новых ідэй Кацярына Шмаціна.
На яе думку, у расейскай палітыцы пануе «прынцып мачызму», праз які Масква не можа пагадзіцца з ініцыятывай, якую актыўна прасоўвала Нямеччына. Тым больш, што яна абмяжоўвае саму Расею. Нават нягледзячы на тое, што ААН не мае вялікіх механізмаў уплыву, крытыка на ўзроўні арганізацыі непрымальная для РФ, сказала экспертка.
,,«Для Расеі важны статус глабальная дзяржавы, якая мае права вета і сталае месца ў Радзе бяспекі. Калі ідуць размовы пра тое, каб рэфармаваць гэтую Раду, дадаць туды яшчэ кагосьці, то гэта размывае значнасць гэтай інстытуцыі ў вачах Крамля», — адзначыла паліталагіня.
Шмаціна падкрэсліла, што пазіцыя краінаў адносна Пакту была вядомая загадзя. Тое, што Расея вырашыла вынесці яго на абмеркаванне, маючы відавочна пройгрышную пазіцыю і прагуляла ў галасаванні, можа сведчыць пра вельмі моцнае жаданне Крамля стварыць розгалас у гэтым пытанні, дадала яна.
Экспертка параўнала ролю ААН у вырашэнні глабальных канфліктаў з роляй Лігі Нацыяў, што існавала паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі і не мела рэальных інструментаў уплыву. Таму яна сапраўды патрабуе рэфармавання ў гэтых пытаннях. Да таго ж, краіны Глабальнага Поўдня адчуваюць сябе аддзеленымі ад прыняцця рашэнняў у арганізацыі, ёсць ідэі рэфармавання сусветных фінансавых інстытуцыяў.
Аднак сама Шмаціна чакае прыняцця рэальных крокаў і супрацы краінаў-удзельніц ААН адносна менш спрэчных пытанняў, як то штучнага інтэлекту ці мэтаў устойлівага развіцця.
Тады як бяспека, нераспаўсюджванне ядравай зброі — «гэта відавочна праблематычныя пытанні». Тым не менш, на яе думку, пройгрыш Украіны праз нежаданне іншых дзяржаваў злаваць ядравую Расею будзе драматычным прыкладам для тых краінаў, якія не маюць ядравай зброі. Таму, заявіла Шмаціна, важна, каб міжнароднае права і міжнародныя пагадненні выконваліся, каб Украіна перамагла ў гэтым канфлікце.
Макар Мыш belsat.eu