навіны

Нарвежскае рыбалоўнае судна сустрэлася з ваенным караблём Расеі. Рыбакі кажуць, што іх палохалі стральбой

img
Расейскі карабель «Адмірал Леўчанка». Фота: Паўночны флот Расеі
podpis źródła zdjęcia

Нарвежскія рыбакі сустрэліся з эсмінцам Паўночнага флоту «Адмірал Леўчанка» у Баранцавым моры 12 верасня. Нарвежцы спрабавалі выратаваць свой ўлоў, пакуль расейскі карабель палохаў іх стральбой, сцвярджаюць рыбакі.

Інцыдэнт адбыўся за межамі тэрытарыяльных вод Нарвегіі, але ў нарвежскай выключнай эканамічнай зоне. Тут Паўночны флот Расеі праводзіў стрэльбы ў рамках маштабных стратэгічных вучэнняў «Акіян-2024».

«Гэта расейскі вайсковы карабель, вам трэба пакінуць раён», – такое паведамленне атрымаў па рацыі экіпаж рыбалоўнага судна «Ragnhild Kristine», калі збіраўся падняць з вады рыбалоўныя снасці.

Але ваенныя вучэнні і загад адплыць спачатку не спалохалі нарвежцаў.

«Я адказаў, што пра рух не можа быць і гаворкі. У нас былі ярусы, якія мы павінны былі ўзяць на борт», – распавёў старэйшы памочнік Эстэйн Ортэн выданню «FriFagbevegelse».

Тады 163-метровы «Адмірал Леўчанка» падплыў да нарвежскага борта на адлегласць 200 метраў. Затым ваенны карабель даў магутны гудок, які доўжыўся каля 15 секунд.

Па словах Ортэна, «Адмірал Леўчанка» зрабіў папераджальны стрэл, які выбухнуў у вадзе.

,,

«Гэта быў магутны выбух, наша лодка задрыжала», – распавядае Эстэйн Ортэн.


Нарвежскія рыбакі вырашылі плыць назад, а расійскі карабель ішоў за імі, пакуль рыбалавецкае судна не зайшло за нарвежскую мяжу.


,,

«У гэтым раёне знаходзіўся карабель берагавой аховы, і мы ведаем, што паміж расейскім флотам і рыбалавецкім суднам была размова, – сказаў начальнік аддзела сувязі Аб'яднанага штаба Нарвегіі падпалкоўнік Вегард Фінберг "Barents Observer". – Аднак з нашых назіранняў няма нічога, што магло б пацвердзіць наяўнасць папераджальнага стрэлу».


Паводле яго слоў, «рыбакі маглі ўспрыняць сітуацыю інакш».


За апошнія некалькі гадоў нарвежскія рыбакі некалькі разоў пратэставалі супраць маштабных стрэльбаў расейскага флоту ў Баранцавым моры.


«Нарвежскія ўлады павінны аказаць ціск на Расею, каб яна спыніла сабатаваць нарвежскае рыбалоўства і суднаходства», – сказаў Эстэйн Ортэн.


Расейскі Паўночны флот рэгулярна праводзіць інтэнсіўныя вучэнні як мага бліжэй да межаў NATO. Таксама праводзяцца манеўры Альянсу, у тым ліку з удзелам скандынаўскіх краін, у Паўночнай Еўропе.

Некалькі дзён таму міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Расея гатовая абараняць свае інтарэсы ў Арктыцы ў вайсковым, палітычным і вайскова-тэхнічным плане. З ягоных слоў, NATO «актывізуе вучэнні, звязаныя з магчымымі арктычнымі крызісамі».


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10