навіны

Вывучыць эсперанта, зрабіцца шпіёнам ці ўдасканаліць беларускую? План на Еўрапейскі дзень моваў

Падручнікі замежных моваў, адзін з іх – для басконскай мовы.
Падручнікі замежных моваў, адзін з іх – для басконскай мовы. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

26 верасня – Еўрапейскі дзень моваў, які адзначаецца з 2001 года, што быў Еўрапейскім годам моваў. Тады ж Рада Еўропы пастанавіла ўшаноўваць мовы штогоду. 

У гэты восеньскі дзень мільёны еўрапейцаў ладзяць імпрэзы, чытанні, наведваюць вандроўныя кніжныя выставы, каб перажыць досвед моўнай разнастайнасці (каля 225 моваў і дыялектаў на кантыненце, 24 з іх – афіцыйныя мовы Еўразвязу) – і пры гэтым насельнікі здатныя паразумецца адно з адным. Сапраўды, быць еўрапейцам – ведаць некалькі моваў (ці прынамсі імкнуцца).

Гэты дзень ушаноўвае таксама багацце культураў і людзей, што працуюць штодня з мовамі (перакладчыкі, рэдактары, лексікографы, выкладчыкі, сінхраністы, дыялектолагі), і нагадвае пра малыя мовы, што знікаюць. Існуе Еўрапейская хартыя рэгіянальных моваў і моваў меншасцяў, дзе распісана для кожнай дзяржавы, якія важна падтрымліваць. Назвы некаторых гучаць, як незнаёмая музыка: градышчанска-харвацкая, мараніцкая кіпрыйска-арабская, істрарумынская, лемкаўска-русінская, ніжнялужыцкая, колта-саамская мова, лімбуржская і мэнская. Беларуская як мова меншасцяў згаданая двойчы – ва Украіне і Польшчы.

Падручнік «‎Мова эсперанта». Фота: ay.by
Падручнік «‎Мова эсперанта». Фота: ay.by

Найбольш носьбітаў у Еўропе (сюрпрызаў не будзе) у расейскай, больш за 170 мільёнаў, а найменш да нядаўняга часу было ў ліўскай (ці лівонскай) – сёння на ёй гавораць ажно 200 асобаў (а было дзесяць), гэта этнічная меншасць у Латвіі. Найстарэйшая – басконская (лінгвістычная загадка, мова-ізалят, што не належыць ні да якіх моўных групаў і ўзнікла шмат раней за протаіндаеўрапейскую). А самая маладая – эсперанта (так, яна, як і жэставыя мовы, таксама святкуе гэты дзень, а яе стваральнік Людвік Замэнгоф (Лэйзер Заменгоў) нарадзіўся ў Беластоку і жыў нейкі час у Горадні).

1 – Рудольф Абіхт (1850–1921), нямецкі філолаг, які сто гадоў таму не толькі вывучыў беларускую і прапагандаваў яе ў Еўропе, але і быў суаўтарам падручніка беларускай мовы «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» (1918). Фота: wachtyrz.eu, Public Domain / wikipedia.org  2 – Месца пахавання англійска-французскага даследніка Гая Пікарды (1931–2007), які быў слынным беларусістам, каля касцёлу Св. Сымона і Алены ў Менску, дзе ў 2008 годзе ён і спачыў. Фота: photos.wikimapia.org

На беларускіх землях шматмоўем нікога не здзівіш, мы заўсёды жылі ў дзяржавах з гаючым культурным абменам. Украінская, ідыш, польская, літоўская, татарская, латышская, шматлікія дыялекты, а раней і лаціна – тутэйшы лінгвістычны краявід. І не толькі ў час Вялікага Княства Літоўскага – яшчэ ў 1920-ыя БССР мела чатыры дзяржаўныя мовы.

Надпісы на беларускай, расейскай, польскай і ідыш на шыльдзе менскага вакзалу, БССР. 1926 год. Крыніца: Original photo scan, creativecommons.org / Wikimedia Commons, CC BY-SA 4.0
Надпісы на беларускай, расейскай, польскай і ідыш на шыльдзе менскага вакзалу, БССР. 1926 год. Крыніца: Original photo scan, creativecommons.org / Wikimedia Commons, CC BY-SA 4.0

Праз сто гадоў згадваць пра дзяржаўныя мовы ў нашай краіне не выпадае, бо не абысціся без цытавання Мацея Бурачка («каб не ўмёрлі») і развагаў пра цяжкі лёс беларускага народу. Але не ўсё так скрушна. Што можна зрабіць, каб пачувацца грамадзянамі Еўропы, – і пачаць проста сёння?

1 – Іспанка Анхела Эспіноса Руіс нарадзілася ў 1993 годзе ў Андалюсіі, зацікавілася беларускай мовай, пераклала на іспанскую вершы Максіма Багдановіча і выдала некалькі ўласных зборнікаў паэзіі па-беларуску. Фота: PEN Belarus / soundcloud.com  2 – Амерыканскі сацыялінгвіст, доктар навук Курт Вулхайзэр бліскуча гаворыць па-беларуску. Некалі ён захапіўся Францыскам Скарынам і паралелямі між станам шатландскай і беларускай моваў. Фота: ssresnazarbayevuniversitydotcom.wordpress.com

1) Вывучыць новую замежную мову.

Еўрабарометр, што даследуе грамадскую думку ў Еўразвязе, сведчыць: 86 % грамадзянаў ЕЗ згодныя, што кожны мусіць ведаць яшчэ адну мову, акрамя роднай, а 69 % даводзяць, што варта вучыць прынамсі дзве замежныя. 84 % еўрапейцаў лічаць захаванне моваў меншасцяў і рэгіёнаў надзвычай важным.

Арганізатары Еўрапейскага дня моваў раяць выбіраць не англійскую (яна і так з самых папулярных, разам з нямецкай), а іншую – можа, мову суседзяў? Шмат еўрапейцаў апошнія гады вучаць іспанскую – прыдаецца і па-за Еўропаю ды лічыцца дастаткова лёгкай. Сярод іншых адносна простых для вывучэння называюць нарвежскую і галандскую (калі гаворыце па-англійску), а таксама італьянскую.

Бонусаў безліч (пра некаторыя вы, можа, і не думалі):

  • вандроўкі з іншай мовай дораць найцікавейшыя маршруты і новыя сяброўствы;
  • кар’ерны рост і новыя перспектыве ў вучобе, праз большы выбар прафесіяў (праца ў міжнародных кампаніях, у ІТ, даследніцкая праца, у гатэльным і рэстаранным бізнесе, пераклады, стварэнне кантэнту, трэйдынг, дыпламатыя і нават дзейнасць сакрэтных агентаў);
  • з’яўляюцца новыя сацыяльныя навыкі і эфектыўныя спосабы камунікацыі;
  • карысна мозгу: паляпшаецца памяць, ствараюцца новыя нейронныя сувязі, запавольваецца заняпад кагнітыўных функцыяў у сталым веку;
  • змяншаецца стрэс, стабілізуецца псіхічны стан, з’яўляюцца лепшыя спосабы развязвання праблемаў – вы літаральна робіцеся шчаслівейшыя;
  • культурны прарыў – мастацтва і менталітэт іншых народаў лепш спазнаваць праз іхныя мовы;
  • паляпшаюцца веды роднай мовы – вывучаючы новую, вы лепш разумееце граматыку ўласнай, яе слоўнік і заканамернасці. Тут магчымыя інсайты.

«‎Ідыш-беларускі слоўнік». Фота: lohvinau.by
«‎Ідыш-беларускі слоўнік». Фота: lohvinau.by

І наспявае другі развязак, які непазбежна палепшыць жыццё:

2) Вучыце і дасканальце сваю беларускую мову.

Тут важней не навошта – а як:

  • гаварыце па-беларуску штодня, з сябрамі, калегамі і ўдома – чым больш практыкі, тым больш новых суразмоўцаў;
  • стварайце кантэнт на беларускай: блог, YouTube-канал, старонку ў Instagram; расказвайце пра тое, што любіце: ежу, фізіку, моду, свайго шчанюка, кіберпанк. Беларуская мова будзе пашырацца онлайн, захопліваючы ўсё новыя прасторы;
  • падтрымайце беларускую культуру: купляйце кнігі, слухайце музыку, хадзіце на спектаклі, глядзіце кіно і TV-праграмы, каб павышаць попыт на беларускамоўны кантэнт і падтрымаць тых, хто яго робіць;
  • расказвайце замежнікам шалёныя рэчы пра беларускую культуру, якія б яны хацелі пераказаць далей; навучыце замежных сяброў вітацца і дзякаваць па-беларуску;
  • ганарыцеся беларускай мовай – яна і праўда «такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая». Як 224 іншыя мовы Еўропы.

Надзея Яноўская

belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10