Лідарка беларускіх дэмсілаў Святлана Ціханоўская сустрэла бізнесмена Ілана Маска падчас рабочай паездкі ў ЗША 23 верасня. Яна прапанавала яму дадаць беларускую мову ў сацсетку X (раней Twitter).
«Працоўны візіт у ЗША – гэта заўсёды вельмі шчыльны расклад і шмат сустрэчаў. І часам – вельмі нечаканых. Вось учора пазнаёмаліся з Іланам Маскам. Прапанавала нарэшце дадаць у Твітар беларускую мову», – напісала ў Stories Святлана Ціханоўская.
Візіт Ціханоўскай у ЗША пачаўся 22 верасня. Галоўная яго мэта – удзел у Генасамблеі ААН. Там лідарка дэмсілаў Беларусі ўзяла ўдзел у дэбатах па тэме палітвязняў 23 верасня.
«Гэта не проста крызіс – гэта нацыянальная катастрофа – і гэта тая сітуацыя, у якую ААН павінна ўмяшацца», – сказала падчас выступу Ціханоўская.
Таксама яна прапанавала заклікаць Генеральнага сакратара і Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека падняць пытанне палітвязняў перад Лукашэнкам; запатрабаваць, каб офіс ААН у Беларусі ці гуманітарныя арганізацыі атрымалі доступ да палітвязняў; разгледзець дыпламатычныя каналы для абмену зняволенымі, падобныя абмену па справе Красікава ці абмену ваеннапалоннымі з Украінай і іншае.
Арсен Рудэнка belsat.eu