Пра стварэнне ў беларускай арміі новага вайсковага падраздзялення, што складаецца з кантрактнікаў, 24 верасня заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання 230-га агульнавайсковага палігону Абуз-Лясноўскі.
«Шукаючы добрых спецыялістаў, мы вырашылі стварыць яшчэ адно падраздзяленне. З тых разумных, талковых, моцных людзей, але ўжо дарослых, на кантрактнай аснове, якія прайшлі некалі службу ў арміі ці ў нейкіх падраздзяленнях», – заявіў Лукашэнка.
Якія будуць задачы ў новага падраздзялення, не паведамляецца.
Акрамя таго, Лукашэнка загадаў актуалізаваць задачы тэрытарыяльнай абароны з улікам сучасных умоваў вядзення баявых дзеянняў ды ўзгадаў пра народнае апалчэнне:
,,«І народнае апалчэнне – каб чалавек, які не трапляе ў армію, але добра валодае зброяй, мог абараніць дом».
Таксама падчас нарады на Абуз-Лясноўскім палігоне Лукашэнка паабяцаў правесці сур’ёзнае правяранне ў сілавых структурах пасля таго, як скончыць «разборкі» з ураджаем, ды нагадаў, што даручаў паставіць на асобны ўлік грамадзянаў, якія праходзілі службу ў спецыяльных падраздзяленнях сілавых ведамстваў.
Задачы ў сферы абароны пастаўленыя таксама перад Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў.
«Паляўнічых у нас шмат, яны мусяць мець сваё падраздзяленне са сваёй зброяй», – заявіў Лукашэнка.
Марыя Міхалевіч belsat.eu