Пра аблаву ў горадзе Глыбокае ў Віцебскай вобласці стала вядома 24 верасня. «Пакаяльныя» відэа з затрыманымі апублікаваў набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал.
Затрымалі як мінімум трох чалавек. Усе яны нібыта ўдзельнічалі ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.
Сярод затрыманых - адміністратар старонкі «Падслухана Глыбокае», а таксама жанчына, якая на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай раздавала кветкі. Пра гэта стала вядома з «пакаяльнага відэа».
«Выходзіў на акцыі пратэсту, хадзіў па праезжай частцы, здымаў усё, што адбывалася на відэа», - сказаў на камеру затрыманы мужчына.
«Адзін раз раздавала кветкі на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай. Другі раз мітынг праходзіў на праезжай частцы», - распавяла жанчына.
Паводле сілавікоў, усе затрыманыя «пройдуць па адной крымінальнай справе».
Апошнім часам у Беларусі масавыя затрыманні зноў сталі частай з’явай.
18 верасня ў Гомельскай вобласці былі затрыманыя сем чалавек. Сілавікі запісалі з імі «пакаянныя» відэа. На іх некалькі чалавек сказалі, што яны былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» каналы. Адзін мужчына заявіў, што ён «непалітычны чалавек» і не мае падпісак.
У адной з жанчын запыталіся, як яна ставіцца да дзейснай улады.
«Дрэнна», – адказала затрыманая.
Частку затрыманых адправілі ў ІЧУ, астатніх папярэдзілі і адпусцілі на волю.
Марыя Міхалевіч belsat.eu