Беларускае міністэрства аховы здароўя паведаміла ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале, што ў нашай краіне не зафіксавана выпадкаў захворвання на новы варыянт каронавірусу ХЕС.
ХЕС – вынік рэкамбінацыі дзвюх варыянтаў Омікрону FLIRT.
Упершыню варыянт каронавірусу ХЕС быў зафіксаваны ў Нямеччыне ў чэрвені 2024 года. Потым выпадкі захворванняў былі ў Вялікай Брытаніі, ЗША, Даніі і іншых краінах. У Расеі папярэдзілі аб імклівым распаўсюдзе вірусу.
Сімптомы ХЕС падобныя на папярэднія варыянты каронавірусу: падвышэнне тэмпературы, боль у горле, кашаль, страта нюху, зніжэнне апетытут, болі ў цягліцах, насмарк, галаўны боль, адчуванне стомленасці.
Улічваючы высокую генетычную разнастайнасць вірусу, яго класіфікацыя з цягам часу можа змяняцца, зазначае Мінздароўя. І дадае, што беларускія спецыялісты вядуць пастаянны маніторынг з’яўлення новых варыянтаў каронавірусу.
Адначасова Міністэрства аховы здароўя апошні раз публікавала сваю статыстыку больш за два гады таму. Дзякуючы «Кіберпартызанам», журналісты выкрылі заніжэнне смяротнасці ў афіцыйных лічбах у 14 разоў. З пачатку 2024 года Мінздароўя агулам нічога не пісаў пра ковід у Беларусі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu