Гісторык Яўген Красулін называе слушнаю думку, што Аляксандр Лукашэнка мяняе палітвязняў на дэталі да самалёта. Такую тэзу раней выказаў расейскі апазіцыянер Ілля Яшын.
На думку кандыдата гістарычных навук Яўгена Красуліна, на Аляксандра Лукашэнку моцна паўплывала смерць іранскага прэзідэнта Эбрагіма Раісі. Рэч у тым, што асабісты самалёт Лукашэнкі, як і ў іранскага лідара, таксама застаецца пад санкцыямі, і яго трэба абслугоўваць ды рамантаваць.
,,«І гэта ніякія не сігналы Захаду, не мяккая лібералізацыя – гэта страх за сваю шкуру. Усё! Таму ён пачаў адгружаць палітзняволеных у абмен на дэталі. Гэта вельмі ўпісваецца ў ягоны псіхалагічны партрэт», – адзначыў суразмоўца «Белсату».
Нагадаем, што версію пра абмен палітвязняў на дэталі для самалётаў выказаў расейскі апазіцыйны дзеяч Ілля Яшын.
«Як мне патлумачылі, ён літаральна абменьвае людзей на дэталі для самалётаў. У яго праблема з “Белавіяй”, і яму трэба рамантаваць самалёт, яму патрэбныя нейкія дэталі, якіх ён не можа атрымаць праз санкцыі. І ён літаральна абменьвае жывых людзей на дэталі для самалётаў», – сказаў Яшын.
Іранскі прэзідэнт Эбрагім Раісі загінуў 19 траўня 2024 года ў выніку падзення верталёта пасля сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджану Ільхамам Аліевым. Разам з Раісі загінулі яшчэ некалькі дзяржаўных дзеячаў Ірану. Афіцыйнай прычынай аварыі іранскі бок назваў «складаныя кліматычныя і атмасферныя ўмовы» і раптоўнае з’яўленне туману. Але ў той жа час, паводле аналітыкаў, сапраўднай прычынай катастрофы маглі быць тэхнічныя праблемы, што ўзніклі праз адсутнасць неабходных запасных частак для абслугоўвання верталётаў – гэта было звязанае з заходнімі санкцыямі.
Раман Шавель belsat.eu