«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 23 верасня чытайце ў нашым матэрыяле.
Становішча бакоў пад Курскам
На паўночным фронце цягам апошняга тыдня найбольш цяжкія баі ішлі на тэрыторыі Курскай вобласці.
У Глушкоўскім раёне больш актыўнымі былі Збройныя сілы Украіны, якія працягнулі ціск на некалькіх участках на поўдні, імкнучыся ў выніку выйсці да ракі Сейм і атачыць значныя сілы праціўніка. Між тым прарасейскія крыніцы пішуць, што пакуль ЗСУ не ўдаецца прасунуцца далей за населеныя пункты Вясёлае і Мядзведжае. Істотных поспехаў для ўкраінцаў пакуль не фіксуюць і аналітыкі праекту «Deepstate», паводле якіх тэрыторыя на поўдні Глушкоўскага раёну застаецца ў так званай шэрай зоне.
Тым часам у суседнім, Коранеўскім раёне ініцыятыва захоўваецца за Узброенымі сіламі РФ, якія цягам апошняга тыдня прасунуліся на поўдзень ад населенага пункту Абухаўка.
Далей на ўсход лакальныя поспехі расейцаў фіксуюцца на тэрыторыі Суджанскага раёну, аднак там баі маюць сустрэчны характар. Пры гэтым на асобных участках з поўначы ад раённага цэнтру паступова прасоўваюцца ЗСУ, што ўскосна пацвярджаецца паведамленнямі Міністэрства абароны РФ.

Пагаршэнне становішча ЗСУ на паўночным усходзе
На паўночным усходзе працягваецца паступовы рух расейцаў у ваколіцах сяла Пішчанае ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці. Адсюль яны намагаюцца прасунуцца ў бок дарогі Баравая – Купянск-Вузлавы – Купянск, якая ёсць асноўным лагістычным шляхам ЗСУ на гэтым участку фронту. У выпадку далейшых поспехаў войскаў РФ на гэтым участку істотна пагоршыцца становішча ўкраінцаў ува ўсім Купянскім раёне.
Далей на поўдзень на лініі сутыкнення – на ліманскім кірунку – Узброеныя сілы РФ прасунуліся на захад ад ракі Жарабец, цалкам заняўшы сяло Макееўка ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці.
Цягам гэтага ж тыдня расейцам удалося развіць поспех і заняць суседняе сяло Нэўскае, якое месціцца далей на поўдзень.
,,Такім чынам войскі РФ сур'ёзна пагоршылі становішча ЗСУ на левым беразе ракі Жарабец. У будучыні можна чакаць новых атак на лініі сёлаў Тэрны – Торскае, што можа прывесці да поўнай ліквідацыі плацдарму ўкраінцаў.
Спробы расейцаў атачыць Тарэцк
У Данецкай вобласці варта звярнуць увагу на развіццё наступальнай аперацыі расейцаў на тэрыторыі Тарэцкай агламерацыі, дзе за апошні тыдзень яны дасягнулі значных поспехаў.
На поўначы кірунку войскі РФ прасунуліся ў ваколіцах населенага пункту Дружба і занялі апорны пункт праціўніка на канале Сівэрскі Данец – Данбас.
Ніжэй па фронце расейцы рухаюцца ў горадзе Тарэцк, дзе баі лакалізуюцца каля шахты «Новая» і ў ваколіцах аднайменнага тэрыкону, захоп якога адкрые дарогу да мікрараёну Забалка.
Разам з тым штурм гораду не ёсць для УС РФ першаснай задачай, і асноўныя намаганні цяпер засяроджаныя на паўднёвым флангу. Тут Узброеныя сілы РФ канчаткова захапілі населены пункт Нэліпаўка (Неліпівка) і зачысцілі выступ паміж сялом і Тарэцкам, пасля чаго прайшлі далей на паўночны захад і зайшлі ў суседні населены пункт Леанідаўка. Адначасова з гэтым ідзе паралельны рух за ракой Крывы Тарэц да сяла Шчарбынаўка. У выпадку развіцця поспеху на гэтым участку фронту расейцы могуць паўатачыць Тарэцк з захаду, пасля чаго, імаверна, пачнуцца спробы атачыць горад і з паўночнага флангу.
Паступовае атачэнне пад Невельскім
Таксама на Данбасе захоўваецца цяжкае становішча Збройных сілаў Украіны на стыку пакроўскага і курахаўскага кірункаў, дзе праціўнік намагаецца злучыць групоўкі сваіх войскаў і атачыць украінцаў на выступе фронту на захадзе ад сяла Невельскае.
З важных падзеяў за апошні тыдзень варта ўзгадаць поўны захоп УС РФ гораду Украінск. Вайскоўцы ЗСУ паведамляюць, што гэтым разам камандаванне своечасова загадала сілам абароны адысці, што дапамагло пазбегчы атачэння.
Адначасова з гэтым расейцы наступаюць з поўдня ад паселішча Гострае ў бок Александропалю, імкнучыся максімальна звузіць для праціўніка выхад з катла.
Агулам пакуль расейцы ўдала карыстаюцца сваёй істотнай перавагай у жывой сіле і тэхніцы: на шмат якіх участках фронту ЗСУ маюць сур’ёзны недахоп асабовага складу, і менавіта ў гэтыя месцы расейцы намагаюцца кідаць свае асноўныя сілы, у выніку чаго і ажыццяўляюць прарывы.

Абыход Вуглядару
На поўдні Данецкай вобласці ўсё больш рэальнай робіцца перспектыва атачэння войскамі РФ гораду Вуглядар. Так, на паўночным усходзе ад населенага пункту расейцы развіваюць поспех у ваколіцах сяла Вадзяное. Адначасова з гэтым ідзе рух на паўднёвым захадзе ад гораду з боку сяла Прэчыстаўка.
Такім чынам, відавочна, што расейскае камандаванне адмовілася ад сваёй ранейшай тактыкі лабавых атак на пазіцыі праціўніка ў Вуглядары і засяродзілася на атачэнні гораду. Непазбежнасць апошняга прызнаюць і самыя вайскоўцы ЗСУ.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu