навіны

МЗС Украіны прыгразіла негатыўнымі наступствамі за сустрэчу Лукашэнкі з Пушыліным

Дзяніс Пушылін і Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы 19 верасня 2024 года. Фота: president.gov.by
Дзяніс Пушылін і Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы 19 верасня 2024 года. Фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Міністэрства замежных справаў Украіны выступіла з рэзкай крытыкай сустрэчы самаабвешчанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком расейскай акупацыйнай адміністрацыі Данецкай вобласці Украіны Дзянісам Пушыліным.

«Гэтая сустрэча – яшчэ адно пацверджанне, што пазіцыя цяперашніх уладаў Беларусі адносна суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці Украіны прадыктаваная выключна ўказаннямі Крамля і не мае нічога агульнага ні з міжнародным правам, ні з міжнароднымі абавязаннямі Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў заяве.

МЗС Украіны назвала сустрэчу «чарговым сведчаннем падтрымання захопніцкай вайны супраць нашай дзяржавы».

«Заклікаем беларускі народ усвядоміць, што на тле неаднаразовых кантактаў беларускіх чыноўнікаў з расейскімі марыянеткамі з нашых часова акупаваных тэрыторыяў пастаянныя заявы Аляксандра Лукашэнкі пра ягоныя "цёплыя пачуцці" да "братэрскага ўкраінскага народу" гучаць як насмешка, а ягоныя практычныя дзеянні руйнуюць прынцыпы добрасуседства і ўзаемнай павагі, на якіх будаваліся стасункі паміж украінскім і беларускім народамі», – адзначылі ў ведамстве.

У МЗС падкрэслілі, што «згаданыя недружалюбныя дзеянні палітычнага кіраўніцтва Беларусі не могуць застацца без належнага рэагавання і будуць мець негатыўныя наступствы для ўкраінска-беларускіх стасункаў».

Сустрэчу Лукашэнкі і Пушыліна пракаментавала і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская:

«Нядзіўна, што марыянетка Пуціна, дыктатар у Беларусі, сустракаецца з іншым марыянеткавым лідарам з Данецку. Мы ведаем, што ў яго не засталося саюзнікаў, акрамя тыранаў і ўзурпатараў. Але хай усім будзе ясна – ён не рэпрэзентуе нашага народу. Беларусы з Украінай на ўсім шляху да перамогі».

Сустрэча Лукашэнкі і Пушыліна адбылася 19 верасня сёлета. «Тут у нас розныя намёкі і іншае, нават з Захаду, што вы вось будзеце супрацоўнічаць, пакрыўдзіце Украіну. Мы нікога не крыўдзім. Мы гатовыя супрацоўнічаць і з Украінай на тых жа прынцыпах, што і з Данецкай Рэспублікай», – сказаў тады Лукашэнка.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10