Раніцай 23 верасня Армія абароны Ізраілю (Цагаль) масавана атакавала аб’екты тэрарыстычнай арганізацыі «Хізбула» на тэрыторыі суседняга Лівану.
Ад раніцы Цагаль, паводле ўласнай заявы, атакаваў больш як 150 цэляў, выкарыстоўваючы дзясяткі знішчальнікаў усіх эскадрылляў ВПС. Агонь засяроджаны на зброевых складах, пускавых сістэмах і штабных будынках.
,,«Усіх, хто ёсць побач з дамамі або ўсярэдзіне дамоў, дзе "Хізбула" хавае зброю, просім неадкладна трымацца ад іх далей», – звярнуўся прадстаўнік Цагалю да жыхароў вёсак у Ліване.
Афіляванае з «Хізбулой» выданне «Аль-Манар» адзначае, што ўдары нанесеныя па ўсіх прымежных гарадах Лівану. Як паведамляе vesty.co.il са спасылкай на ліванскія медыі, ізраільская авіяцыя атакуе хвалямі, не даючы праціўніку перадышкі. Удары наносяцца і ў ваколіцах ракі Літані, і ў даліне Бэкаа.
Кіраўнік прэс-службы Цагалю брыгадны генерал Даніель Гагары ў адмысловай заяве, што транслявалася ў жывым эфіры ўсіх асноўных ізраільскіх медыяў, паведаміў, што атака была пачатая пасля атрымання звестак аб намерах «Хізбулы» нанесці масаваны ракетны ўдар па Ізраілі. Паводле Гагары, атакі, пачатыя войскам раніцай 23 верасня, будуць працягнутыя. Ён даў зразумець, што ўдары будуць наносіцца і па аб’ектах цывільнай інфраструктуры, якія «Хізбула» выкарыстоўвае для патрэбаў тэрору.
Выступаючы 22 верасня на базе Тэль-Ноф, кіраўнік Генштабу Цагалю Гэрцль Галеві паабяцаў вярнуць жыхароў з поўначы Ізраілю, якія пакінулі рэгіён праз абстрэлы з тэрыторыі Лівану, «дадому» і гарантаваць ім бяспеку.
«Калі "Хізбула" яшчэ не зразумела гэтага пасля падзеяў апошніх двух тыдняў, то яна будзе атрымліваць удары, пакуль да яе не дойдзе», – сказаў Галеві.
У сваю чаргу міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт правёў 22 верасня аператыўную нараду ў штабе Паўночнай вайсковай акругі. Ён заявіў, што апошнія два тыдні былі самымі цяжкімі ў гісторыі «Хізбулы». Міністр запэўніў, што для вяртання дадому жыхароў з поўначы Ізраілю будуць выкарыстаныя ўсе сродкі.

У сваю чаргу брытанскае выданне «Economist» са спасылкай на вайсковыя крыніцы паведаміла, што Ізраіль плануе наземнае ўварванне ў Ліван з мэтай стварэння буфернай зоны на некалькі кіламетраў ад мяжы.
17 і 18 верасня сёлета ў Ліване адбыліся масавыя выбухі прыладаў сувязі, якімі карысталіся чальцы радыкальнай групоўкі «Хізбула». Мясцовыя ўлады паведамляюць пра мінімум дзясяткі загінулых і тысячы параненых. Ізраіль не ўзяў на сябе адказнасці за гэта, але неўзабаве пачаў наносіць удары па аб’ектах групоўкі.
Чытайце таксама: Як Ізраіль учыніў «паўстанне машынаў» і да чаго гэта можа прывесці
Якуб Хруст belsat.eu