Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 22 верасня распачала афіцыйны візіт у Злучаныя Штаты Амерыкі. Галоўнаю мэтаю паездкі дзяячка назвала ўдзел у Генеральнай асамблеі ААН.
«Гэта магчымасць вярнуць Беларусь у міжнародны парадак дня. Узняць актуальная для беларусаў пытанні, а таксама вырашыць практычныя праблемы. Гэта тычыцца і легалізацыі за мяжой, і дапамогі рэпрэсаваным, і падтрымкі незалежных медыяў», – паведаміла Святлана Ціханоўская напярэдадні візіту.
Паводле яе, неабходнае падтрыманне вялікіх краінаў і міжнародных арганізацыяў, каб вывесці Беларусь з крызісу.
Падчас візіту Ціханоўская плануе правесці шэраг двухбаковых сустрэчаў і закрытых перамоваў. Акрамя таго, разам з міністрамі замежных справаў шэрагу краінаў Еўразвязу будуць праведзеныя слуханні адносна сітуацыі з беларускімі палітвязнямі.
«Мы абмяркуем не толькі шляхі вызвалення палітвязняў, але і спосабы падтрымкі тых, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў», – сказала палітык.
Пасля Генасамблеі ААН, што пройдзе ў Нью-Ёрку, Ціханоўская накіруецца ў Вашынгтон, а затым – у Філадэльфію і Чыкага, дзе сярод іншага сустрэнецца з мясцовымі беларусамі.
Нагадаем, што для ўдзелу ў Генасамблеі ААН прыбыў таксама прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Падчас візіту ў ЗША ён збіраецца азнаёміць улады краіны з планам перамогі Украіны ў вайне супраць агрэсіі Расеі.
Між тым самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка просіць улады Саудаўскай Аравіі прыняць яго з візітам у гэтую краіну.
Якуб Хруст belsat.eu