навіны

«Буду рады». Лукашэнка просіць Саудаўскую Аравію прыняць таксама і яго з візітам у «зручны час»

У снежні 2023 года Саудаўскую Аравію наведаў кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін. Фота: Kremlin.ru
У снежні 2023 года Саудаўскую Аравію наведаў кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін. Фота: Kremlin.ru
podpis źródła zdjęcia

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 верасня павіншаваў караля і наследнага прынца Саудаўскай Аравіі з Нацыянальным днём. Пра гэта паведамілі ў ягонай прэс-службе.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за мінулы год узаемадзеянне Беларусі і Саудаўскай Аравіі выведзенае на якасна новы ўзровень: растуць гандлёвыя паказнікі, актывізаваліся кантакты ўва ўсіх галінах, адкрылася амбасада Беларусі ў Эр-Рыядзе.


«Буду рады наведаць вашую краіну ў зручны час для абмеркавання найбольш актуальных справаў і ўзгаднення плану далейшых супольных дзеянняў у палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах», – заявіў Лукашэнка.


Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі штогод віншуе ўлады Саудаўскай Аравіі з Нацыянальным днём. Напрыклад, у 2023 годзе ён пераконваў Эр-Рыяд у «неабходнасці актывізацыі гандлю і пашырэння кантактаў на ўсіх узроўнях», бо эканомікі дзвюх краінаў нібыта ўзаемадапаўняльныя, і Беларусь можа «шмат прапанаваць Саудаўскай Аравіі як у галінах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, адукацыі, так і ў іншых кірунках супрацы».


А ў 2022 годзе Лукашэнка выказваў спадзеў, «што вытворчы і прамысловы патэнцыял Беларусі будзе карысны для Каралеўства ў межах рэалізацыі ініцыяванай праграмы развіцця краіны «Бачанне 2030».


У 2021-м палітык адзначаў, што ўзаемадзеянне паміж дзвюма краінамі з года ў год планамерна пашыраецца, хоць перад тым, у 2020-м, сам жа казаў пра «часовыя цяжкасці» ў стасунках краінаў.


Адзначым, што 7-8 студзеня 2024 года Саудаўскую Аравію наведаў цяпер ужо былы міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік. Ён сустрэўся з міністрамі замежных справаў і прамысловасці, прэзідэнтам Навукова-тэхналагічнага мястэчка, а таксама перадаў праз іх каралю і наследнаму прынцу дакументы, «прысвечаныя двухбаковым стасункам ды шляхам іх далейшага развіцця і актывізацыі ў розных сферах». За месяц перад тым Эр-Рыяд наведаў Уладзімір Пуцін.


Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10