Затрыманы за сувязі з іранскай разведкай грамадзянін Ізраіля Моці Маман растлумачыў, што яму патрэбны былі грошы, каб утрымліваць жонку з Беларусі.
Моці Маману 73 гады і яго абвінавачваюць у тым, што ён двойчы таемна пранікаў у Іран праз Турцыю, каб сустрэцца з супрацоўнікамі іранскай разведкі і абмеркаваць планы нападу на прэм'ер-міністра Ізраіля і іншых высокапастаўленых службовых асоб краіны. Аб гэтым піша ізраільскае выданне Kan.
«Грамадзянін Ізраіля запатрабаваў (у іранцаў, — заўв. Белсат) перадаплату ў памеры аднаго мільёна долараў, перш чым прадпрымаць якія-небудзь дзеянні, — паведамілі ў паліцыі. — Іранскія агенты адхілілі ягоную просьбу і паведамілі, што зьвяжуцца з ім у будучыні».
На допытах Моці Маман сказаў, што яму патрэбны былі грошы на жонку. Вядома, што яна маладзей мужа, зараз ёй 36 гадоў.

«У мяне жонка з Беларусі, яе ўтрыманне абыходзіцца ў вялікія грошы. Калі б я жыў там, у Беларусі, усё было б танна. А выйсці выпіць піва ў Ізраілі каштуе 120 шэкеляў (каля 30 долараў, — заўв. Белсат). Мне патрэбны былі грошы, грошы мяне асляпілі. Я проста хацеў узяць у іх грошы і ўцячы».
Па дадзеных выдання, ягоная жонка спалохалася дзеянняў Мамана пасля таго, як ён сказаў ёй, што ляціць у Іран. Ён быў арыштаваны ў жніўні па падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў супраць бяспекі, звязаных з кантактамі з прадстаўнікамі іранскай разведкі. Падчас расследаванняў высветлілася, што бізнесмен Маман доўгі час жыў у Турцыі і меў дзелавыя і сацыяльныя сувязі з турэцкімі і іранскімі чыноўнікамі.

Пра жонку вядома няшмат. Ей 36 гадоў і яна родам з Берасця, мае сына ад першага шлюбу. Мяркуючы па фотаздымках у сацсетках, беларуска і ізраільцянін разам як мінімум з 2019 году. Часам яны прыязджалі ў Беларусь.
Тэса Анэйда belsat.eu