З 1 кастрычніка ў Беларусі вымушаныя спыніць працу пансіянаты, яія не атрымалі ліцэнзію. І такіх нямала. Разам з тым у дзяржаўных установах не хапае месцаў і спецыялістаў, піша Sputink.
Неабходнасць ліцэнзавання прыватных пансіянатаў была ўведзеная ўрадам разам з шэрагам паправак у законы па сацыяльным абслугоўванні. Агулам такіх установаў у Беларусі каля 30.
Супрацоўніца аднаго з такіх пансіянатаў Марына распавяла, што ліцэнзію ім не далі праз невыкананне ўсіх патрабаванняў МНС.
,,«Да нас ужылі патрабаванні як для дзяржаўных адміністратыўных памяшканняў, то бок, як для лякарняў – установаў падвышанай пажарнай бяспекі, а ў нас звычайныя жылыя дамы. І калі гэтыя дамы будаваліся і праектаваліся, размоваў пра тое, што яны павінны адпавядаць нейкаму профілю пажаратрываласці, не было», - кажа жанчына.
Усяго ў спісе МНС – 66 пунктаў, якія мусіць выканаць пансіянат. Па словах Марыны, ніхто не аспрэчвае, што павінны быць вогнетушыцелі, сродкі індывідуальнай абароны органаў дыхання пры пажары, насілкі, эвакуацыйныя выхады.
«Але ёсць патрабаванні, дапусцім, да дзвярнога праёму. То бок, ён павінен быць метр, а ў нас 99,5 см – мы ўжо не праходзім. Ці перапад ступеняў – няўжо паўсантыметры перападу паўплываюць на якасць эвакуацыі»? – задаецца пытаннем супрацоўніца пансіянату.
Па словах Марыны, яна і ейныя калегі з іншых пансіянатаў звярнуліся да прадстаўнікоў улады з просьбай даць больш часу, каб прывесці ўсё ў адпаведнасць з патрабаваннямі МНС ці даць паслабленні ў саміх мерах. Аднак усім было сказана, што хто не атрымае ліцэнзію, з 1 кастрычніка мусіць спыніць працу. Цяпер у пансіянаце думаюць, як закрыцца, калі сваякі прыкладна 30% пастаяльцаў жывуць за мяжой і не змогуць прыехаць і забраць сваіх блізкіх.
Пансіянат, у якім працуе Марына, уяўляе сабой звычайныя жылыя дамы з аддзелкай пад патрэбы пансіянату – тут арганізаванае безбар’ернае асяроддзе, няма парогаў, маецца электрапад’ёмнік. На вуліцы ёсць альтанкі, тэрыторыя абгароджаная, таму пастаяльцы могуць гуляць. Пансіянат разлічаны на 150 чалавек. У ім жывуць людзі з псіханеўралаігчнымі захворваннямі, маламабільныя і немабільныя. Іх сярэдні ўзрост – 85 і больш гадоў.
У пансіянаце арганізаваны кругласутачны медычны кантроль.
Пасля закрыцця прыватных пансіянатаў улады раюць звяртацца ў дзяржаўныя ўстановы. Аднак каб трапіць туды, трэба сабраць вялікі пакет дакументаў, што шмат хто з пастаяльцаў не паспее зрабіць да 1 кастрычніка. Акрамя таго, змяненне месца пражывання можа быць смяротна небяспечным для людзей з дэменцыяй, зазначае Марына.
,,«Пры змяненні вонкавых умоваў хвароба моцна прагрэсуе. Гэта значыць, што ёсць вялікая верагоднасць таго, што людзі проста не даедуць да новых месцаў. На жаль, ніхто не задумваецца аб тым, што зняць чалавека з месца – гэта значыць падставіць яго пад смяротную небяспеку», - кажа жанчына.
Акрамя таго, у дзяржаўных інтэрнатах часта не хочуць браць ляжачых, тых, хто мае патрэбу ў змене падгузнікаў, бо не хапае санітараў і медсёстраў, каб забяспечыць належны дагляд, ці таму, што ўстановы перапоўненыя.
Па стане на 1 студзеня 2023 года ў Беларусі пражывалі больш за 1,5 мільёны грамадзянаў ва ўзросце 65 гадоў і больш. Кожны шосты жыхар нашай краіны – у сталым узросце.
1 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень людзей сталага ці залатога ўзросту.
Марыя Міхалевіч belsat.eu