Віленскі акруговы суд 20 верасня пакараў 9 гадамі зняволення літоўца Мантаса Даніелюса за шпіянаж на карысць беларускага рэжыму. Гэта важны прэцэдэнт, бо беларусаў, якіх у Літве пазбаўляюць ВНЖ нібыта праз небяспеку, за такое не судзілі, кажа «Белсату» кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі.
У параўнанні з беларускімі шпіёнамі, якіх выкрываюць у Польшчы, Літва пайшла на вельмі суровы прысуд. Але Валерый Кавалеўскі лічыць, што гэта справядліва.
«Я рады, што літоўскі суд прыйшоў да такой высновы, што яны прызначылі такое пакаранне чалавеку, які нарабіў шкоды беларускім дэмакратычным сілам у Вільні. Звяртае асабіста маю ўвагу тое, што мы вельмі шмат чулі пра пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы з боку беларусаў.
Часам нават казалі пра тое, што Вільня кішыць проста беларускімі шпіёнамі, агентамі спецслужбаў, што вельмі шмат такіх засланцаў сярод грамадзянскай супольнасці, дэмсілаў. Было шмат такіх спекуляцый», – кажа Кавалеўскі.
Ён адзначае, што пра выпадкі, калі б у Літве за шпіянаж быў асуджаны беларус, не вядома.
«Мы бачылі, што беларусаў пазбаўляюць ВНЖ, магчымасці жыць і працаваць у Вільні, хаця падставы для гэтага вельмі сумнеўныя – не тлумачацца рашэнні, проста чалавеку трэба пакінуць Літву. У той жа час ёсць прэцэдэнт – асудзілі чалавека, але гэта літовец. Гэта не беларус ці беларуска, не грамадзянская супольнасць, не палітычныя сілы. Гэта свой уласны літоўскі грамадзянін.
І тут паўстае пытанне, ці справядлівы гэты ціск на беларусаў, атмасфера малапрыемная для тых людзей, якія жывуць у Літве, што нібыта яны могуць мець дачыненне да спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі», – падкрэслівае Кавалеўскі.
Мантас Даніелюс збіраў звесткі пра беларускіх актывістаў, якія жывуць у Літве, і перадаваў іх прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай. Ён быў затрыманы ў верасні 2022 года, калі спрабаваў уцячы ў Беларусь.
Акрамя шпіянажу, яго прызналі вінаватым у пагрозах сведкам – ён, калі быў на волі да суда, напісаў аднаму з іх пагрозлівае паведамленне, пасля чаго зноў быў узяты пад варту.
Паводле следства, прапагандыстка з Беларусі Ксенія Лебедзева давала Мантасу Даніелюсу канкрэтныя ўказанні наконт таго, якую інфармацыю збіраць.
Арсен Рудэнка belsat.eu