навіны

Больш за мільён ахвяраў? Аналізуем звесткі пра страты Украіны і Расеі

Ветэран вайны Вячаслаў Рыбачук, брат якога загінуў у раёне Бахмуту ў 2023 годзе, стаіць на каленях на месцы ўшанавання памяці загінулых украінскіх і замежных байцоў у Дзень незалежнасці Украіны на Майдане незалежнасці. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2024 года. Фота: Roman Pipipey / AFP / East News
Ветэран вайны Вячаслаў Рыбачук, брат якога загінуў у раёне Бахмуту ў 2023 годзе, стаіць на каленях на месцы ўшанавання памяці загінулых украінскіх і замежных байцоў у Дзень незалежнасці Украіны на Майдане незалежнасці. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2024 года. Фота: Roman Pipipey / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

На гэтым тыдні амерыканскае выданне The Wall Street Journal паведаміла, што агульныя страты ў поўнамаштабнай вайне Расеі і Украіны ўжо перавысілі мільён чалавек. Ці адпавядаюць гэтыя звесткі рэальнасці? Belsat.eu сабраў і прааналізаваў усю даступную інфармацыю пра страты Расеі і Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнік паліцыі стаіць каля пашкоджанага шматпавярховага жылога дома пасля меркаванай атакі ўкраінскага беспілотніка ў Раменскім Маскоўскай вобласці, Расея. 10 верасня 2024 года. Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Наступ расейцаў пад Курскам і адказ ЗСУ. Што адбываецца ва Украіне?

Вайна

The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з канфідэнцыйнай інфармацыяй, піша, што з пачатку поўнамаштабнай вайны загінулі ўжо 80 тысяч украінскіх вайскоўцаў, а 400 тысяч атрымалі раненні. Расейскія страты, паводле звестак WSJ, складаюць прыкладна 200 тысяч забітымі і 400 тысяч параненымі. Такім чынам, агульныя страты дзвюх краін, імаверна, перавышаюць адзін мільён чалавек.

Першае, што кідаецца ў вочы ў звестках WSJ, гэта непрапарцыйныя суадносіны загінулых і параненых: 1 да 2 у Расеі і 1 да 5 у выпадку Украіны. У артыкуле амерыканскага выдання гэта цікавая асаблівасць ніяк не тлумачыцца. Хаця ў прынцыпе досвед сучасных канфліктаў паказвае, што на аднаго забітага падчас баявых дзеянняў звычайна прыпадае 3-4 параненых.

Другая асаблівасць звестак WSJ: вельмі высокі ўзровень смяротных стратаў. 80 тысяч загінулых украінцаў і 200 тысяч расейцаў – гэта самыя высокія лічбы, што агучваліся ў публічнай прасторы аўтарытэтнымі незалежнымі крыніцамі (відавочна ангажаваныя і проста фэйкавыя звесткі ў разлік не бяром). Таму ўзнікае пытанне: наколькі гэтыя ацэнкі рэалістычныя?

Страты расейскай арміі

Выданне «Медуза» на падставе дэмаграфічных звестак, заснаваных на выдадзеных сваякам пасведчаннях аб смерці, прыйшло да высновы, што колькасць загінулых у арміі агрэсара на ліпень 2024 года склала прыкладна 120 тысяч чалавек. Праўда, гэта не дакладныя лічбы, а статыстычная ацэнка, якая залежыць у тым ліку ад выпадковасці – то бок найбольш верагоднае значэнне ўнутры даволі шырокага дыяпазону ад 106 да 140 тысяч асобаў. «Медуза» зазначае, што ў ліпені  РФ губляла забітымі каля 200–250 чалавек штодзень. Такім чынам, пры захаванні адпаведнай дынамікі, у сярэдзіне верасня колькасць забітых магла ўзрасці да 135–140 тысяч.  

Журналісты выданняў BBC і «Медиазона» станам на верасень 2024 года здолелі высветліць імёны больш чым 70 тысяч загінулых расейскіх вайскоўцаў. Гаворка выключна пра пацверджаныя факты гібелі, звесткі пра якія з’явіліся ў адкрытых крыніцах. З улікам інфармацыі з могілак, таксама аналізаванай журналістамі, BBC прыйшло да высновы, што страты расейскага войска забітымі могуць быць на 45–65 % большыя – то бок ад 107,8 да 155,8 тысяч асобаў.

Абодва даследаванні не ўлічваюць салдатаў узброеных фармаванняў непрызнаных ЛНР і ДНР, а яны панеслі за час баявых дзеянняў велізарныя страты. На аснове адкрытых крыніцаў журналісты зрабілі выснову пра гібель каля 23,5 тысяч байцоў самаабвешчаных утварэнняў. Таму агульныя страты агрэсара ў поўнамаштабнай вайне BBC ацэньвае ў дыапазоне ад 129 да 180 тысяч вайскоўцаў. 

Такім чынам, лічбы WSJ хоць і перавышаюць заснаваныя на строгіх падліках ацэнкі BBC і «Медиазоны», але адарванымі ад рэальнасці ўсё-ткі не выглядаюць. 

Больш за тое, на фоне даследавання BBC і «Медиазоны» заніжанымі выглядаюць лічбы параненых у расейскай арміі. Калі арыентавацца на стандартныя суадносіны загінулых і параненых як 1 да прыкладна 3,5, то значыць, што атрымаць раненні маглі ад 451 да 630 тысяч вайскоўцаў, што ваявалі на баку краіны-агрэсара. BBC ацэньвае суадносіны стратаў у арміі РФ нават вышэй –- 1 да 4. Такім чынам, колькасць параненых у расейскім войску тэарэтычна можа перавышаць 700 тысяч чалавек (з улікам тых, хто пасля лячэння вярнуўся ваяваць).

Магілы расейскіх салдат, якія загінулі ў вайне Расеі супраць Украіны. Курск, Расея. 18 жніўня 2024 года. Фота: Vladimir Aleksandrov / Anadolu Press / Abaca Press / East News
Магілы расейскіх салдат, якія загінулі ў вайне Расеі супраць Украіны. Курск, Расея. 18 жніўня 2024 года. Фота: Vladimir Aleksandrov / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Важна таксама вылучыць з гэтай масы тых, хто на фронт ужо ніколі не вернецца: цяжкапараненых і скалечаных. «Медуза» на падставе інфармацыі пра адпаведныя бюджэтныя выплаты прыйшла да высновы, што суадносіны забітых і цяжкапараненых у арміі РФ складае 1 да 1 або 1 да 2. Такім чынам, незваротныя страты УС РФ паводле стану на верасень могуць вагацца ў дыяпазоне 270–420 тысяч чалавек. 

BBC зноў-такі прапаноўвае іншыя суадносіны - 1 да 1,7–2. У адпаведнасці з гэтымі разлікамі колькасць незваротных стратаў з расейскага боку (загінулыя і цяжкапараненыя) можа складаць ад 387 да 540 тысяч чалавек. 

Страты ЗСУ


25 лютага 2024 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўпершыню за доўгі час агучыў лічбы стратаў у поўнамаштабнай вайне з Расеяй: паводле яго, загінула 31 тысяча ўкраінскіх вайскоўцаў.

Да гэтых звестак адразу ўзнікла шмат пытанняў. Журналісты і эксперты схіляліся да думкі, што Зяленскі даў няпоўныя звесткі. Магчыма, прэзідэнт казаў толькі пра ЗСУ і не ўлічваў стратаў у падраздзяленнях, падпарадкаваных МУС (яны складаюць да 20 % усіх Сілаў абароны Украіны). Акрамя таго, Зяленскі, хутчэй за ўсё, меў на ўвазе толькі афіцыйна пацверджаныя выпадкі смерці. 

Рэч у тым, што паводле закону Украіны вайсковец не лічыцца загінулым, пакуль ягонае цела не забралі з поля бою. Калі цела ўкраінскага ваяра засталося на кантраляванай расейцамі тэрыторыі, ён будзе лічыцца зніклым без вестак, нават калі ў ягонай гібелі няма сумневаў. Агульныя страты загінулымі і зніклымі без вестак некаторыя дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны ў лютым 2024 года ацэньвалі на 40–-50 тысяч асобаў.

Пасля выхаду публікацыі WSJ сакратар Камітэту ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Вярхоўнай Рады Раман Кастэнка заявіў у інтэрв’ю Радіо «Свобода», што лік амерыканскіх журналістаў значна завышаны. Паводле дэпутата, за першыя два гады поўнамаштабнага ўварвання толькі афіцыйных пасведчанняў пра смерць вайскоўцаў  выдавалася прыкладна 19 тысяч штогод. Лагічна выказаць здагадку, што пры захаванні такой інтэнсіўнасці стратаў колькасць афіцыйна пацверджаных смерцяў цяпер можа набліжацца да 50 тысяч. І гэта без уліку зніклых без вестак.

Колькі вайскоўцаў знікла без вестак, дакладна не вядома. У базе МУС Украіны паводле стану на лета 2024 года заставалася 42 тысячы імёнаў, але гэта з улікам цывільных асобаў. У кастрычніку 2023 года намеснік міністра ўнутраных справаў Украіны Леанід Тымчэнка заявіў, што з пачатку поўнамаштабнай вайны зніклі 15 тысяч вайскоўцаў. Варта ўлічваць, што гэта не фіксаваная лічба: частку імёнаў у далейшым маглі выкрасліць са спісу або праз тое, што чалавек знайшоўся ў палоне, або праз тое, што знайшлі цела і выдалі афіцыйнае пасведчанне аб смерці. Так ці інакш, у спісах зніклых без вестак, імаверна, цяпер застаюцца тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў.

Цырымонія развітання ў кіеўскім крэматорыі з Аляксандрай Мулькевіч, парамедыкам добраахвотніцкага батальёну «Гаспітальеры», якая загінула на лініі фронту. Кіеў, Украіна. 17 жніўня 2024 года. Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News
Цырымонія развітання ў кіеўскім крэматорыі з Аляксандрай Мулькевіч, парамедыкам добраахвотніцкага батальёну «Гаспітальеры», якая загінула на лініі фронту. Кіеў, Украіна. 17 жніўня 2024 года. Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Ананімны праект «UALosses», які вядзе пайменны падлік, паводле стану на верасень 2024 года мае звесткі пра больш як 60 тысячаў загінулых. Праўда, база «UALosses» уключае ў сябе таксама выпадкі небаявых смерцяў вайскоўцаў – ад няшчасных выпадкаў, неасцярожнага абыходжання са зброяй, хваробаў, суіцыду і г. д.

З фармальнага гледзішча бліжэй за ўсё да звестак The Wall Street Journal тыя дадзеныя, якія газета The New York Times апублікавала летась: сцвярджалася, што на жнівень 2023 года Украіна нібыта страціла каля 70 тысяч жаўнераў забітымі і 100–120 тысяч параненымі. Аднак насамрэч ацэнкі WSJ і NYT не пацвярджаюць адно аднаго, яны ўзаемавыключальныя, бо адлюстроўваюць абсалютна розную дынаміку стратаў. У гэтым сэнсе лічбы WSJ выглядаюць значна больш праўдападобна, чым у NYT, хаця таксама могуць быць завышанымі.

Пахаванне жонкі і трох дачок Яраслава Базылевіча (пасярэдзіне ў чорным), якія загінулі ў выніку расейскага ракетнага ўдару 4 верасня 2024 года. Могілкі ў Львове, Украіна. 6 верасня 2024 года. Фота: Yuriy Dyachyshyn / AFP / East News
Пахаванне жонкі і трох дачок Яраслава Базылевіча (пасярэдзіне ў чорным), якія загінулі ў выніку расейскага ракетнага ўдару 4 верасня 2024 года. Могілкі ў Львове, Украіна. 6 верасня 2024 года. Фота: Yuriy Dyachyshyn / AFP / East News

Страты сярод цывільных

Такім чынам, агульныя страты Украіны і Расеі забітымі, імаверна, ужо перавысілі 200 тысяч вайскоўцаў. Разам з параненымі рознай ступені цяжкасці колькасць стратаў у выніку баявых дзеянняў сапраўды можа набліжацца да мільёну. А калі дадаць сюды ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва, то выніковая лічба амаль гарантавана перавысіць мільён чалавек.

Управа вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека (OHCHR) станам на верасень 2024 года заяўляла пра 11 743 пацверджаныя выпадкі гібелі цывільных асобаў ва Украіне. Яшчэ 24 614 мірных жыхароў, паводле падлікаў ААН, былі параненыя. Але звесткі OHCHR далёка не вычарпальныя – іх варта ўспрымаць хутчэй як мінімальную планку. Дадзеныя аб некаторых раёнах, дзе ішлі інтэнсіўныя баявыя дзеянні, затрымліваюцца. У прыватнасці, гэта датычыць, напрыклад, такіх мясцовасцяў, як Марыупаль, Севераданецк, Лісічанск і Папасная.

Якраз там, імаверна, цывільнае насельніцтва зазнала найбольшыя страты. Толькі ў Марыупалі ў выніку аблогі ды амаль трохмесячных баёў, як піша The Wall Street Journal са спасылкай на Human Rights Watch, маглі загінуць 8 тысяч цывільных. І гэта яшчэ досыць кансерватыўная ацэнка: раней мясцовыя ўлады ўвогуле заяўлялі пра гібель 22 тысяч асобаў.

Глеб Нержын belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10