Святлана Ціханоўская прапанавала на пасаду прадстаўніцы ў сферы сацыяльнай палітыкі Аб'яднанага пераходнага кабінету Вольгу Зазулінскую замест Вольгі Гарбуновай, якая сышла з гэтай пасады. «Белсат» даведаўся, што вядома пра новую кандыдатку.
Святлана Ціханоўская накіравала ліст у Каардынацыйную раду, у якім просіць у найбліжэйшы час разгледзець кандыдатуру Вольгі Зазулінскай.
Вольга Зазулінская – кіраўніца фонду «Краіна для жыцця», праваабаронца, каардынатарка праекту дапамогі сем’ям палітзняволеных, суарганізатарка службы «Хуткая гуманітарная дапамога».
У інтэрв'ю-знаёмстве «Краіне для жыцця» Зазулінская распавядала, што нарадзілася ў Стоўбцах, але да ад'езду з Беларусі доўга жыла ў Менску. Неабходнасць дапамагаць іншым яна адчула, калі пайшла з жыцця ейная мама, якая хварэла на анкалогію.
У інтэрв'ю Belarus Women’s Foundation, якое правяла Вераніка Цапкала ў 2021 годзе, Вольга Зазулінская казала, што ў яе двое дзяцей – дарослы сын і непаўналетняя дачка.
Палітыкай жанчына цікавілася з падлеткавага ўзросту, яшчэ з 1996 года, аднак пасля «Плошчы» 2010 года была расчараваная і «была такая дэпрэсія, не цікавілася нічым».
Аднак на выбарах 2020 года вылучыла для сябе некалькіх кандыдатаў – Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага. Уключыцца ў перадвыбарчы працэс яна вырашыла пасля затрымання Віктара Бабарыкі і сілавых разгонаў людзей яшчэ да выбараў.
,,«Тады я зразумела, што метады з 1995 года не мяняюцца. Любая нязгода з дзеяннямі ўлады будзе душыцца сілай. Я для сябе вырашыла, што іду ў гэтую кампанію. Актыўна я ўключылася, калі ўбачыла што ёсць адзіны кандыдат, чаго, дарэчы, не хапала на мінулых выбарах», – расказала Зазулінская «Краіне для жыцця».
Яна адзначыла, што была вельмі актыўная – хадзіла на суды, складала лісты ў Палату прадстаўнікоў, была валанцёрам на Акрэсціна, яшчэ да выбараў мела досвед працы ў дабрачыннасці і не адмаўлялася ўдзельнічаць ва ўсіх ініцыятывах, у якіх магла дапамагчы ў 2020 годзе. Таму ёй зацікавіліся сілавікі. Спачатку выклікалі на размову ў РАУС у Стоўбцах, а потым у яе дома быў ператрус ДФР і допыт у КДБ. Пасля гутаркі працягласцю больш за 12 гадзінаў, а потым суда праз Скайп паводле арт. 23.34 і штрафу, Зазулінская вырашыла з'ехаць у Літву ў лістападзе 2020 года.
За мяжой яна далучылася да фонду «Краіна для жыцця» і стала спачатку кіраўніцай праекту дапамогі палітвязням.

«Я не проста чалавек, які з'ехаў з краіны перад выбарамі, а цяпер нешта сядзіць, дадумвае. Я – чалавек які быў на вуліцах, прайшоў допыт і ціск праз дзяцей, быў у ІЧУ», – падкрэсліла Зазулінская і адзначыла, што акрамя таго яна пастаянна на сувязі са сваякамі палітвязняў.
,,«Мне сябе не шкада. Калі бог дапамог мне пры ўсіх складанасцях пакінуць краіну (а складанасці былі, і вельмі вялікія), калі ў мяне з'явіўся такі шанец, і я выехала з краіны, значыць я павінна ўжыць усе свае чалавечыя рэсурсы, зрабіць максімум, каб дапамагчы тым, хто застаўся», – сказала Зазулінская.
У сацсетках Вольга Зазулінская вельмі актыўная. Да лета 2020 года яна звычайна публікавала посты з чальцамі сваёй сям'і, хвалілася спартовымі дасягненнямі дачкі. Напярэдадні і пасля выбараў пісала пра пратэсты, палітычную сітуацыю ў Беларусі і вельмі шмат пра палітвязняў.
16 верасня пасаду прадстаўніцы ў пытаннях сацыяльнай палітыкі Аб’яднанага пераходнага кабінету пакінула Вольга Гарбунова. У афіцыйным прэс-рэлізе АПК яна адзначыла, што «хацела б працягнуць сваю дзейнасць не столькі ў палітычным, колькі ў гуманітарным рэчышчы для дапамогі палітзняволеным». Гарбунова падзякавала камандзе Кабінету ды іншым структурам дэмакратычных сілаў за супрацу і выказала ўпэўненасць, што тая працягнецца.
Арсэн Рудэнка belsat.eu