«Прыёрбанк» больш не даччыная кампанія аўстрыйскага Raiffeisen Bank International (RBI), яго акцыі выкупіла кампанія з ААЭ – SOVEN 1 Holding Limited. Такім чынам, RBI сыходзіць з беларускага рынку.
20 верасня 2024 года ў Абу-Дабі кампанія SOVEN 1 Holding Limited абвясціла аб куплі 100 % акцыяў Raiffeisen CIS Regional Holding GmbH у Raiffeisen Bank International AG (RBI). У выніку гэтай угоды 87,74 % акцыяў ААТ «Прыёрбанк» пяройдуць ва ўласнасць SOVEN 1.
Абодва бакі падпісалі пагадненне аб куплі-продажы акцыяў і будуць супрацоўнічаць з «Прыёрбанкам», каб завяршыць угоду ў чацвёртым квартале 2024 года. На працягу гэтага перыяду «Прыёрбанк» працягне абслугоўваць кліентаў у звычайным рэжыме, забяспечваючы бесперашкодны пераход і надаючы звыклыя банкаўскія паслугі.
Пра тое, што ўгода аб продажы банку адбылася, гаворыцца на сайце «Прыёрбанку».
«Я рады абвясціць пра набыццё «Прыёрбанку» – банку з моцнымі пазіцыямі на беларускім рынку, выключным кіраўніцтвам, адданымі працаўнікамі і арыентацыяй на сваіх кліентаў. «Прыёрбанк» дэманструе высокія вынікі, і я і мая каманда спадзяемся дапамагчы банку і яго кіраўніцтву ў дасягненні яшчэ большых поспехаў у будучыні. У адпаведнасці са стратэгіяй SOVEN 1, «Прыёрбанк» захавае магчымасць пашыраць сваю прысутнасць у Беларусі і за яе межамі», – цытуюцца ў публікацыі словы старшыні праўлення SOVEN1 Сухаіла Альатайба.
У «Прыёрбанку» таксама пракаментавалі, што ўгода, падпісаная Raiffeisen Bank International з інвестарам з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў аб выхадзе са складу бенефіцыярных уласнікаў «Прыёрбанку», адпавядае мэтам і стратэгіі банкаўскай групы Raiffeisen Bank International у актуальных рэаліях.
Нагадаем, што ў лютым 2024 года ў Raiffeisen Bank International анансавалі продаж «Прыёрбанку» кампаніі Soven 1 Holding Limited, што мусіла прывесці «да патэнцыйнага сыходу RBI з беларускага рынку».
Раман Шавель belsat.eu