Музыку, аніматару і былому палітвязню Алесю Папковічу вельмі патрэбнае нашае падтрыманне. І справа не ў колькасці грошай, якую мы збяром. Справа ў тым, каб ён адчуў, што за ягонымі плячыма зноў стаяць тысячы беларусаў. «Не ведаю, як бы я сябе адчуваў, каб не дапамога людзей», – кажа ў інтэрв'ю «Белсату» удзельнік гуртоў «Рэ-Мажор» і «Dze-ja?», былы палітзняволены Алесь Папковіч.
З Алесем Папковічам спатыкаемся на варшаўскай «патэльні» (пляцоўка на выхадзе з метро Цэнтрум). Высокі, кароткая стрыжка, за плячыма – футарал з гітарай. Тры месяцы пасля зоны, два – на эміграцыі. З Вроцлава у Варшаву Алесь прыехаў, як прызнаецца, «па творчых справах». Праз тыдзень – назад.
У Вроцлаве жыве старэйшы брат Алеся – Станіслаў. Малодшы, Ян Папковіч, застаецца ў няволі. Але расповеды пра турму і зону – «off the record». Так дамаўляемся. Падчас размовы Алесь неаднойчы будзе выбачацца, што «не ўсё можа гаварыць».
«Пішу так, як адчуваю»
«Белсат»: – З гітарай цяпер, відаць, не расстаешся?
Алесь Папковіч: – Ведаеш, я толькі і марыў, каб прытуліць сваю гітару, узяць у абдымкі і пачаць нарэшце нейкую творчую справу. Мне падаецца, што для любога творчага чалавека несвабода і немагчымасць ствараць – гэта амаль як смерць. Можаш, канешне, штосьці рабіць, але не на паперы – небяспечна. Недзе ўнутры сябе нешта пішаш. Ну і там не было магчымасці граць на музычных інструментах. Клуб там быў, але тыя канцэрты на афіцыйныя святы – гэта ніяк не звязана з творчасцю…
– Тры месяцы на свабодзе. Ці вяртаецца музыка? Што зараз гучыць у тваёй галаве?
– Так, музыка ўнутры ўжо гучыць. І нешта ўжо напісаў, нешта ёсць. Знайшоў ужо нейкую гармонію. Я ўвесь час нешта збіраў, у мяне быў цалкам сабраны альбом, але, на жаль, некаторыя рэчы былі знішчаныя.
,,Я шмат чаго цікавага пачуў на волі. Спадабалася тое, што робіць Лявон Вольскі, напрыклад ягоныя «Лісты палітвязням», таленавіта атрымалася. Але хочацца пачуць чагосьці і ад людзей, якіх ведаеш асабіста. Аднак такая сітуацыя зараз ва ўсіх…
Карацей, нешта напісалася ўжо. Збольшага пішу так, як адчуваю. На жаль, гэта пакуль што сумнаватыя песні.
«Гэта вельмі натхняе – што людзі застаюцца людзьмі»
– «Глядзіш наперад – няма куды ісці. А дарогу табе падкажа толькі сэрца тваё», – гэта з ранейшага твайго трэку гурта «Dze-ja?». Што табе падказвае сэрца сёння? Куды ісці?
– Ох, сітуацыя вельмі цяжкая. Я разумею, што некаторым хочацца з'ехаць на край свету і ні аб чым не думаць, забыцца на ўсё. Можа, з-за сваёй наіўнасці, але я ўсё ж такі лічу, што нельга губляць надзею і веру ў сілу дабра. У нешта добрае, на чым трымаецца свет. Калі б гэтага не было – засталося б… пекла. Як на карцінах Босха.

– А, па-твойму, на чым трымаецца свет?
– Я сустракаю вельмі класных людзей. І там сустракаў вельмі класных людзей, вельмі добрых людзей. Нягледзячы на ўсе ўмовы і на тое, што адбываецца, людзі захавалі сябе як людзей. Гэта вельмі цяжка, я бачыў і бачу, але гэта вельмі і вельмі натхняе – тое, што людзі застаюцца людзьмі. І гэтую маю веру ў людзей немагчыма зламаць. Немагчыма зламаць тое, што немагчыма зламаць. Ёсць святло і ёсць цемра. І святло застаецца святлом заўсёды!
Можна, канешне, казаць, што белае – гэта чорнае, а мір – гэта вайна. Як у Оруэла. Падмяняць паняцці, філасофстваваць. Маўляў, у кожнага свая праўда і не ўсё так адназначна. Маўляў, а з іншага боку… Мне здаецца, што так спрабуе дзеяць унутры нас нейкая цёмная сіла. Але не. Калі паміраюць дзеці, калі ідзе вайна, калі людзей катуюць – тут, я лічу, няма месца «з іншага боку». Праўда ў тым, што гэта зло. І цемра. Кропка.
– Твае новыя песні пра гэта? Можа, працытуеш хоць радок?
– Хіба што-небудзь пазітыўнае. «А можа сусвет нас пачуе і верне нам тое святло. На сілы добра не гасне надзея, бо калі б яго не было – на чым тады трымаўся бы наш свет?». Гэта з новай маёй песні.

«Вельмі не хапае таго, каб уся сям'я была разам»
– Дзякуй, надзея не згасне ніколі! Як з сённяшняй перспектывы ацэньваеш тое, што рабіў раней?
– Не ведаю. Быў нейкі перыяд, напэўна 2015 – 2017 гады, калі ў Беларусі пачалі з'яўляцца гурты, пачала падымацца культура. Я вучыўся ў Акадэміі мастацтваў, у нас быў гурт «Рэ-Мажор». Ладзіліся розныя «салянкі», агульныя рок-канцэрты. Кацярына Ваданосава, Міхаіл Бараноўскі, «Tor Band», які зараз у турме, а раней зваўся «Ойра!»… Мы з усімі былі знаёмыя.
«Рэ-Мажор» запрасілі тады ў Бельск на фестываль «Бардаўская восень», дзе я пазнаёміўся з Міхалам Анемпадыставым. Вельмі для мяне былі цікавыя часы. А пасля ўсё пайшло не так. Я лічу, тое, што было зробленае, было зробленае так, як трэба. Бо ўсё робіцца ў асаблівы момант, у нейкім кантэксце. Сёння – іншыя часы. Канешне, хацелася б надалей са сваімі хлопцамі працаваць, але такой магчымасці няма. Хоць было вельмі класна! Буду думаць – што далей.

– Выбраў Вроцлаў, а не Варшаву, таму што там – брат?
– Так. Гэта сям'я. Зараз брат мне вельмі і вельмі дапамагае. Першыя ягоныя словы, калі абняліся пасля разлукі? Я не помню. Яны і непатрэбныя, напэўна, былі. Толькі эмоцыі і пачуцці. Ён быў вельмі ўзрадаваны. Зараз здымаем дом, жывём у доме, як і марылі раней. Як збіраліся зрабіць да гэтай усёй сітуацыі. Так, вельмі не хапае малодшага брата. Вельмі не хапае таго, каб уся сям'я была разам. Але чакаем, будзем чакаць.
А так, насамрэч, і тут, у Варшаве, ёсць сябры, і там – у Вроцлаве. Увогуле, калі б не сябры, я наагул не ведаю, як бы сябе адчуваў.
«Усё прасякнутае паранойяй»
– Каб не ведаў, праз што ты прайшоў, сказаў бы, што ты зараз добра выглядаеш. Але ўсё адно скажу: добра выглядаеш!
– Дзякуй. Цікава, што недзе праз тыдзень па выездзе з Беларусі я пайшоў у Вроцлаве на прэзентацыю кнігі Уладзіміра Някляева «Без Айчыны», падышоў да яго, перадаў прывітанні ад некаторых людзей, і ён мне прыкладна тое ж самае сказаў. «Свежанька выглядаеш», – кажа. Не ведаю, калі і свежанька, то толькі таму, што дапамагаюць людзі. Бо маю падтрыманне і дапамогу. Гэта дае сілы.
– Праваабаронцы па тваім затрыманні адзначалі, што ты сутыкнуўся з сур'ёзнымі праблемамі са здароўем…
– Ну як сур'ёзнымі… Быў час, калі… Не, не хачу пра хваробы. Былі праблемы. Там гэта звязана ўсё. Проста скажу, што зараз усё нармальна.
– Як табе тут увогуле пасля Беларусі?
– Я зноў згадаю Джорджа Оруэла і ягоную антыўтопію «1984». Такое адчуванне, што там сапраўды ўсё так і ёсць. Усё так і ёсць там. Але гэта жахліва. Цяжкая справа. Я не магу, на жаль, распавесці, як я выязджаў, але я выйшаў і думаў, што мне капец.
А тут прыехаў – адчуваецца свабода, людзі па-іншаму ставяцца да многага, у іх іншыя праблемы. Людзі думаюць па-іншаму. Людзі жывуць, так скажу. А там… Можа, гэта я так пабачыў проста пасля ўсяго, але – шэрасць, міліцыянты ходзяць, салдаты і гэтая паранойя, усё прасякнутае паранойяй…

– Некаторыя прыязджаюць з Беларусі і кажуць, што ўсё нармальна, людзі ў кавярнях сядзяць, размаўляюць, пасміхаюцца. Маўляў – перастаньце нагнятаць.
– Таксама такое чуў у размовах. Ну, ўжо не так шмат людзей там сядзіць ў кавярнях. І невядома, што гэта за людзі, якія сядзяць у кавярні свабодна. Але калі яны сябе так адчуваюць і кажуць, што ўсё нармальна, – ну, значыцца, ўсё ў іх нармальна. У мяне не вельмі…
«Мару знайсці сапраўднае каханне»
– У Беларусі ты працаваў аніматарам, нават калісь засвяціўся на «Беларусьфільме». Ці шукаеш працу ў гэтай сферы ў Польшчы?
– Так, я папрацаваў на «Беларусьфільме». І быў такі цікавы момант. На Валадарцы ў камеры быў тэлевізар. І аднойчы гляджу – круцяць мультфільмы па БТ, якія я калісьці даўно рабіў на «Беларусьфільме». І што? І мне стала сорамна насамрэч, бо такая стылістыка састарэлая – даўно гэта было.
– Цікава, пабачыў свае мульцікі ў СІЗА…
– Так, хоць БТ амаль не глядзеў да гэтага. Увогуле, калі выйшаў, вельмі здзівіўся, як змянілася сітуацыя ў гэтай галіне, у IT-сферы. Вельмі паўплываў на яе штучны інтэлект. Я пакуль не ўсё разумею, але спрабую разабрацца. Мяркую, ШІ у будучыні зробіцца проста інструментам у руках прафесіяналаў. Не больш за тое, я думаю. Бо мне нецікава, што там атрымаецца ў робата, калі ён замест людзей зоймецца творчасцю і пачне ствараць карціны і песні. Бо і ў творы мастацтва галоўнае якраз тое, што за ім стаіць жывы чалавек, які адлюстроўвае сваё бачанне гэтага свету.
Карацей, вельмі цікава, што адбываецца. Я пачаў вяртацца да сваіх навыкаў. І цікава, што я даю рады. Пальчыкі ўсё помняць. Хоць трэба яшчэ працаваць і працаваць. Я займаўся і 3D-анімацыяй, і 2D, маю таксама досвед у UI/UX. Я думаю, што не згублюся і знайду працу, каб зарабляць на хлеб. Але пакуль што не маю дазволу на працу.

– Які першы фільм на свабодзе паглядзеў?
– Фільмы? Пакуль што нават і не… А! Паглядзеў гэты мульцік – «Каханне, смерць і робаты». Думаў, новы сезон з'явіўся. Актуальная тэма, розныя студыі, мне цікава. Але збольшага не было часу глядзець. Спрабаваў аднавіцца ў 3D-анімацыі. На гэта больш часу аддаваў, ну і гітару ў рукі ўзяў – пачаў таксама працаваць. І мову польскую яшчэ вучу. Здаецца, што вольнага часу ўдосталь, а насамрэч увесь час трэба нешта рабіць (смяецца).
– Добры ноўтбук пакуль не набыў? На платформе «Bysol» трывае збор на дапамогу табе. Засталося няшмат, каб ён ажыццявіўся…
– Так, я выказваю велізарную падзяку ўсім, хто мне дапамагае. Яшчэ раз паўтару: не ведаю, як бы я сябе адчуваў, каб не дапамога людзей. А ноўтбук пакуль не купіў. Аказалася, што насамрэч такі, які мне патрэбны, каштуе нават больш заяўленай сумы. Але што-небудзь прыдумаем. Гэта сапраўды неабходны для маёй працы інструмент.
– Апрача самага неабходнага, што яшчэ марыш набыць ці, можа, дзе-небудзь пабываць?
– Калі шчыра, я мару знайсці сапраўднае каханне.
Зміцер Міраш belsat.eu