«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 19 жніўня чытайце ў нашым матэрыяле.
Развіццё поспеху ЗСУ на тэрыторыі Расеі
Цягам мінулага тыдня працягваліся актыўныя баявыя дзеянні на тэрыторыі Курскай вобласці РФ. Збройныя сілы Украіны, захоўваючы ініцыятыву, развілі ранейшы поспех і лакальна прасунуліся на тэрыторыі Коранеўскага і Суджанскага раёнаў. Асаблівую ўвагу тут варта звярнуць на сітуацыю вакол самога гораду Коранева: прарасейскія крыніцы фіксуюць баі на ўскрайках населенага пункту, у той час як асобныя праўкраінскія тэлеграм-каналы заяўляюць пра амаль поўны кантроль ЗСУ над горадам.
Акрамя гэтага ўкраінскія вайскоўцы пачалі расцягваць абарону праціўніка на флангах - у Бялоўскім і Глушкоўскім раёнах. Пры гэтым на захадзе другога ўчастку Збройныя сілы пакуль не перайшлі да маштабных наземных аперацыяў, але ўжо вымусілі праціўніка адысці з часткі тэрыторыі каля памежнага сяла Цёткіна.
Адначасова з гэтым ЗСУ сталі знішчаць масты цераз раку Сейм у Глушкоўскім раёне, што ўказвае на спробу атачыць групоўку праціўніка на вялізным участку з поўдня ад воднай перашкоды. Існуе верагоднасць, што пасля разбурэння лагістыкі праціўніка, украінскі бок можа перайсці да больш маштабных наземных аперацыяў.
Разумеючы крытычнасць сітуацыі, расейскае камандаванне сцягвае на Куршчыну рэзервы з іншых участкаў фронту, у прыватнасці з поўначы Харкаўскай вобласці Украіны, аднак пакуль войскам РФ не ўдаецца выбудаваць цэльную лінію абароны, што ў сваю чаргу спрыяе дзейнасці дыверсійна-выведных групаў ЗСУ.
Агулам пакуль дынаміка баёў у Курскай вобласці ўказвае на высокія шанцы ўкраінцаў на далейшае развіццё поспеху, што ў перспектыве істотна паляпшае становішча краіны ў магчымых мірных перамовах.
Упэўнены рух расейцаў на Данбасе
У Данецкай вобласці ініцыятыва застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць па ўсёй шырыні фронту. І калі на поўначы рэгіёну ЗСУ ўдаецца стрымліваць праціўніка - тут расейцы ніяк не могуць зачапіцца за заходні бераг каналу Сівэрскі Данец - Данбас у горадзе Часаў Яр, - то ў цэнтральнай і паўднёвай частках вобласці войскі РФ маюць істотныя прасоўванні.
Так, на тарэцкім кірунку цягам тыдня расейцы сур’езна павялічылі зону кантролю на поўдні і ўсходзе аднайменнай агламерацыі. Напачатку яны цалкам занялі населены пункт Залізнае і прылеглы да яго тэрыкон, пасля чаго адбыліся значныя прасоўванні ў суседнім пасёлку Нью-Ёрк. У такой сітуацыі ЗСУ былі вымушаныя выйсці з выступу па фронце паміж двума населенымі пунктамі, каб не аказацца ў атачэнні. У далейшым расейцы працягнулі рух на гэтым участку фронту, вынікам чаго стаў поўны захоп Нью-Ёрку, што пацвярджаецца праўкраінскімі крыніцамі.
Далей войскі РФ прасунуліся да пасёлку Нялепаўка (Неліпівка), які знаходзіцца паміж Залізным і Нью-Ёркам. Кантроль над гэтым населеным пунктам адкрывае магчымасці для расейцаў абысці тарэцкую агламерацыю з захаду, каб у выніку атачыць групоўку ЗСУ або вымусіць яе адысці, што ў сваю чаргу дазваляе пазбегнуць цяжкіх гарадскіх баёў.
Яшчэ больш крытычнай для Збройных сілаў выглядае сітуацыя на суседнім пакроўскім кірунку. Тут УС РФ упэўнена рухаюцца на захад паралельна трасе Пакроўск - Канстанцінаўка. Толькі за апошнія тыдзень яны занялі шэраг населеных пунктаў, у выніку чаго баі змясціліся да ўмоўнай лініі Гродаўка - Жураўка - Навагродаўка. У такім становішчы камандаванне ЗСУ пачало актыўную падрыхтоўку да абароны гарадоў Сэлыдавэ і Мырнаград, якія знаходзяцца з захаду ад лініі сутыкнення.Акрамя гэтага па-ранейшаму не выключаецца магчымасць змяшчэння асноўнага вектару атак войскаў РФ на поўнач у бок трасы Пакроўск-Канстанцінаўка. Тут найбольш верагодным месцам для ўдару бачацца ваколіцы сяла Ваздвыжанка.
На поўдні Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ ужо ў некалькіх месцах дасягнулі трасы Т-05-24, па якой ажыццяўлялася забеспячэнне гарнізону ЗСУ ў горадзе Вуглядар. Такім чынам расейцы паступова намагаюцца абысці населены пункт з паўночнага ўсходу, што выглядае лагічным, паколькі ранейшыя спробы захопу гораду з поўдня скончыліся для войскаў РФ вялізнымі стратамі.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна «Белсат»