навіны

У варшаўскім Музеі вольнай Беларусі раскажуць пра ролю жанчын як феномен у гісторыі нашай краіны

Уладзімір Арлоў
Уладзімір Арлоў. Крыніца: Budzma.org
podpis źródła zdjęcia

21 верасня, у суботу, у Музеі вольнай Беларусі з лекцыяй «Ад Рагнеды да Ларысы Геніюш. Выдатная роля жанчын як феномен гісторыі Беларусі» выступіць пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў.

Падчас лекцыі Уладзімір Арлоў раскажа, як жанчыны ўплывалі на лёс народу і адыгрывалі значную ролю ў пераломныя моманты краіны, а таксама адкрые цікавыя і многім невядомыя факты пра нашых славутых суайчынніц.

Пісьменнік раскажа пра асветніцу і мецэнатку Еўфрасінню Полацкую, распавядзе пра правы жанчын у Вялікім Княстве Літоўскім, паведаміць цікавыя моманты з гісторыі жыцця пісьменніцы і тэатральнай дзяячкі Францішкі Уршулі Радзівіл, а таксама авантурніцы і мемуарысткі Саламеі Пільштыновай. Акрамя таго, наведнікі музею змогуць даведацца шэраг цікавых фактаў пра Эмілію Плятэр і гераінь вызвольных паўстанняў 1830–1831 і 1863–1864 гадоў, пачуюць пра дзейнасць міністаркі першага ўраду БНР Палуты Бадуновай, а таксама шмат іншых натхняльных і цікавых гісторыяў.

Лекцыя праходзіць у рамках выставы «Несціхаючыя галасы», прысвечанай ролі жанчын у беларускім дэмакратычным руху.

Пасля лекцыі ў музеі можна будзе набыць кнігі аўтара ды іншых беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц ад выдавецтва «Камунікат», а таксама паўдзельнічаць у віктарыне з літаратурнымі прызамі.

Уваход на імпрэзу вольны, але арганізатары просяць папярэдне зарэгістравацца, каб разлічыць колькасць месцаў.

Лекцыя адбудзецца 21 верасня а 16:00 у Музеі вольнай Беларусі (Варшава, ul. Foksal, 11).

belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10