Карагод пакаяльных відэа па беларускім тэлебачанні працягваецца. Для стварэння перадвыбарчай карцінкі, што нават самыя зацятыя супернікі Аляксандра Лукашэнкі ўрэшце рэшт выступаюць з пакаяннем, прызнаюць сваю «памылку» ў 2020-м і называюць Лукашэнку «моцным лідарам», беларуская прапаганда паехала па турмах і пачала здымаць экшэн-баевікі.
Гэтым разам беларусам паказалі прызнанні аднаго з найбольш непрымірымых праціўнікаў існага рэжыму – Юрася Зянковіча, асуджанага за «замах» на Аляксандра Лукашэнку.
У фільме схуднелы да непазнавальнасці Зянковіч на камеру расказвае «страшныя» дэталі падрыхтоўкі да «забойства» кіраўніка дзяржавы і імкненне захапіць уладу: пачынаючы ад расстрэлу картэжу Лукашэнкі з гранатамёта, блакіроўкі Астрашыцкага Гарадка танкавым батальёнам і ўзяццем у палон усіх, хто там ёсць, і заканчваючы захопам рэзідэнцыі Лукашэнкі і ўсіх СМІ ў краіне.
Чарговы раз прагучалі імёны ўсіх датычных да гэтай справы, была агучаная сума ў 10 мільёнаў долараў, неабходная для ажыццяўлення замаху, і шмат што іншае. Але ўсё гэта сапраўды няма сэнсу пераказваць, бо, як ужо не аднойчы даказвалася ў незалежных медыях, уся гэтая справа ад пачатку выглядала як спланаваная КДБ аперацыя. Спецслужбы прыдумалі існаванне нейкіх генералаў у войску, гатовых перайсці на бок змоўшчыкаў, і папросту злавілі на кручок такіх даверлівых асобаў, як Юрась Зянковіч, Рыгор Кастусёў і Аляксандр Фядута.
Па вялікім рахунку ўсе гэтыя «сенсацыі» тым ці іншым чынам ужо дэманстравалі беларускаму гледачу, зараз жа, па ўсім відаць, іх дасталі з канкрэтнымі мэтамі.
Адна з найбольш відавочных – гэта паведамленне, што Юрась Зянковіч падпісаў прашэнне аб памілаванні, а таксама зварот да кандыдатаў у прэзідэнты ЗША, каб яны паспрыялі ягонаму вяртанню ў Злучаныя Штаты (Зянковіч з’яўляецца амерыканскім грамадзянінам). І гэта выглядае як чарговае выкарыстанне закладніка для магчымасці выйсці на кантакт з прадстаўнікамі ўплывовых дзяржаваў, аб чым так старанна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і верагодных перамоваў паміж Украінай і Расеяй рупяцца беларускія ўлады.
,,«Я прызнаю сваю віну. Прашу прабачэння ў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі за тое, што я спрабаваў зрабіць, і хацеў бы скарыстацца выпадкам, каб звярнуцца да яго з просьбай памілаваць мяне і даць мне магчымасць вярнуцца да сваёй сям'і і блізкіх у ЗША. Таксама, як грамадзянін ЗША, я б хацеў звярнуцца да кандыдатаў у прэзідэнты ЗША, каб яны паспрыялі майму вяртанню ў ЗША», – прыводзяць прапагандысцкія СМІ словы Зянковіча.
Мэта другая – чарговы раз прамоўленыя наратывы пра тое, што Лукашэнка здолеў (!) перадухіліць уцягванне Беларусі ў вайну. Бо «калі б мы прыйшлі да ўлады», кажа Зянковіч, то гэтага зрабіць не змаглі б.
Усе астатнія задачы: паказ Беларусі як крэпасці ў аблозе, якую з-за акіяну спрабуюць узбаламуціць нядобразычліўцы, ачарненне некаторых «беглых» – былі не болей чым замацаваннем пройдзенага.
Нагадаем, Юрый Зянковіч быў прызнаны вінаватым па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі. Ён абвінавачваўся ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357), стварэнні і кіраванні экстрэмісцкім фарміраваннем (ч. 1 арт. 361), публічных закліках да захопу ўлады і шкодных дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (ч. 3 арт. 361), а таксама распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130). 5 верасня 2022 года Менскі абласны суд прысудзіў Зянковіча да 11 гадоў пазбаўлення волі.
Зянковіч заключыў досудовае пагадненне са следствам. Тым не менш, у снежні 2022 года ў судзе Мядзельскага раёна яго дадаткова асудзілі па артыкуле 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, і яму было дададзена яшчэ паўгода зняволення.
Іншыя асуджаныя па справе, затрыманыя разам з Юрыем Зянковічам у Маскве ў красавіку 2021 года, атрымалі менш жорсткія прысуды. Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і палітолаг Аляксандр Фядута былі асуджаны на 10 гадоў зняволення, а бухгалтар Зянковіча Вольга Голубовіч і кіроўца вялікагрузнага аўтамабіля Дзяніс Краўчук – на 2,5 года.
Нагадаем, што былы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выйшаў на волю па памілаванні 3 ліпеня 2024 года, у яго ў турме дыягнаставалі цяжкую анкалагічную хваробу.
Раман Шавель belsat.eu