Вольга Залатар выйшла на волю, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання – 4 гады калоніі. Пра гэта паведамляюць сябры жанчыны.
Вольга Залатар – маці пяці непаўналетніх дзяцей, магістарка сацыялогіі. Яе затрымалі 18 сакавіка 2021 года, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», супрацоўнікі ГУБАЗіКу развярнулі ейны легкавік і суправадзілі дадому. Там прайшоў ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар, а пазней перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Падчас допытаў жанчыну збівалі і выбівалі ў яе паролі ад тэлефона.
У матэрыялах справы, агучаных на судзе, Следчы камітэт пастанавіў, што «заявы Залатар аб прычыненні ёй цялесных пашкоджанняў не адпавядаюць рэчаіснасці, бо яны мелі месца да яе затрымання».
3 снежня 2021 года Вользе прысудзілі чатыры гады калоніі нібыта за стварэнне экстрэмісцкага фармавання, арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і саўдзел у арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Вольга не прызнала віны паводле ніводнага артыкулу.
Прэс-служба УУС Менаблвыканкаму паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэсную дзейнасць»: яна нібыта была адміністратаркаю дваровага чату і арганізоўвала «несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы», то бок чаяванні, прагулкі, канцэрт.
Арсен Рудэнка belsat.eu