навіны

ДАІ пачала выкарыстоўваць дроны для сачэння за аўтамабілістамі

imgНа борце беспілотніка ёсць камера, якая транслюе відэа на тэлефон дзяржаўтаінспектара. Фота: sb.by
На борце беспілотніка ёсць камера, якая транслюе відэа на тэлефон дзяржаўтаінспектара. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі Дзяржаўтаінспекцыя цяпер выкарыстоўвае дроны, каб выяўляць парушэнні правілаў дарожнага руху.

Як паведамляе «СБ - Беларусь сегодня», квадракоптары «з лёгкасцю выяўляюць у патоку аўтамабілі парушальнікаў, прычым самі кіроўцы не заўважаюць, што за імі сочаць».

«Выкарыстанне квадракоптараў дазваляе кантраляваць парадак на дарозе на значнай адлегласці ад месца дзяжурства экіпажа ДАІ. І рабіць гэта незаўважна для ліхачоў, то бок падміргнуць фарамі і тым самым папярэдзіць іншых кіроўцаў не атрымаецца», – заявіў намеснік начальніка службы спецыяльных мерапрыемстваў спецпадраздзялення ДПС «Страла» МУС Дзяніс Гучак.

На борце беспілотніка ёсць камера, якая транслюе відэа на тэлефон дзяржаўтаінспектара. Праглядаючы кадры ў рэжыме анлайн, супрацоўнік міліцыі гатовы па радыёсувязі перадаць інфармацыю пра парушальніка бліжэйшага нараду ДАІ. Батарэйкі хапае хвілін на 50. Калі ўзровень зарада падае да 15 %, дрон аўтаматычна вяртаецца на базу.  

Сцвярджаецца, што квадракоптары пастаўлены на ўзбраенне ў падраздзяленні Дзяржаўтаінспекцыі ў кожным рэгіёне Беларусі.

МУС не першы год выкарыстоўвае дроны: у тым ліку пры іх дапамозе сілавікі сачылі за пратэставымі акцыямі падчас падзеяў 2020 года. Аднак шырокае ўкараненне дронаў у паўсядзённую працу міліцыі пачалося адносна нядаўна. 

У 2023 годзе міністр унутраных справаў Іван Кубракоў абвесціў пра стварэнне беспілотнай авіяцыі ў МУС і закупку вялікай колькасці дронаў. Паводле міністра, цяпер у кожным тэрытарыяльным АУС, падраздзяленнях АМАПа і ўнутраных войсках ёсць спецыялісты па кіраванні беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Для ўнутраных войскаў былі закуплены нават ударныя дроны.

Сёлета ў МУС заявілі, што дроны цяпер будуць ажыцяўляць рэгулярнае патруляванне ў месцах масавага адпачынку беларусаў - на пляжах і вадаёмах. 

Глеб Нержын «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10