Украіна павінна мець магчымасць паўнавартаснай самаабароны, таму можа біць па вайсковых аб'ектах у Расеі, выказвае сваю пазіцыю Еўрапарламент у рэзалюцыі ад 19 верасня. Таксама парламентарыі заклікаюць да новых санкцыяў супраць Расеі і Беларусі.
Еўрадэпутаты патрабуюць ад краінаў ЕЗ скасаваць абмежаванні, што перашкаджаюць Украіне выкарыстоўваць заходнія сістэмы ўзбраення супраць законных вайсковых аб'ектаў у Расеі.
Без скасавання існых абмежаванняў Украіна не можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё права на самаабарону і застаецца неабароненай ад нападаў на сваё насельніцтва і інфраструктуру, адзначаецца ў рэзалюцыі. 425 еўрадэпутатаў прагаласавалі за яе, 131 – супраць і 63 – устрымаліся.
«Недастатковая перадача боепрыпасаў і абмежаванні на іх выкарыстанне рызыкуюць звесці эфект ад намаганняў, зробленых на сённяшні дзень, на нішто», – падкрэслівае Еўрапарламент.
Дэпутаты заклікаюць краіны ЕЗ выканаць узятае на сябе ў сакавіку 2023 года абавязанне наконт забеспячэння Украіне мільёна боепрыпасаў і паскорыць перадачу зброі, сістэмаў СПА і боепрыпасаў, уключаючы ракеты TAURUS. Яны таксама пацвярджаюць сваю пазіцыю, згодна з якой усе краіны ЕЗ і саюзнікі ў NATO павінны калектыўна і індывідуальна ўзяць на сябе абавязанне штогод даваць Украіне вайсковае падтрыманне памерам не менш за 0,25 % ад свайго ВУП.
Рэзалюцыя заклікае чальцоў ЕЗ захаваць і пашырыць санкцыйную палітыку супраць Расеі, Беларусі і краінаў ды арганізацыяў, якія перадаюць Расеі вайсковыя тэхналогіі і тэхналогіі падвойнага прызначэння.
14 верасня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сустрэўся з прэм'ерам Вялікай Брытаніі Кірам Стармэрам. Яны гаварылі пра непахіснае падтрыманне Украіны, аднак не прыйшлі да таго, каб дазволіць Украіне біць углыб Расеі дальнабойнай заходняй зброяй.
Увесну шэраг краінаў дазволіў Украіне біць па Расеі сваёй зброяй, аднак толькі ў памежжы, каб абараніць Харкаў ад бамбаванняў.
Арсен Рудэнка belsat.eu