Аляксандр Лукашэнка занепакоены будучымі прэзідэнцкімі выбарамі. Нават дату выбараў ён пакуль яшчэ хавае ад людзей. Але шэраг палітолагаў, сярод якіх Дзмітрый Балкунец, Сяргей Чалы і Анатоль Котаў, лічыць, што робіцца гэта мэтанакіравана, бо Лукашэнка на выбары ў выніку не пойдзе.
«Калі Лукашэнка скажа, што сыходзіць праз чатыры месяцы, ці пражыве ён гэтыя чатыры месяцы? Ён вельмі баіцца, такога ў гісторыі лукашэнкаўскай яшчэ не было, што адбываюцца сумленныя выбары і зразумела, што ён ужо не кіраўнік. То бок тое, што можа сабе дазволіць і да чаго нармальна ставіцца Джо Байдэн ці кіраўнік нейкай нармальнай еўрапейскай краіны, у Беларусі гэта немагчыма. І яго гэта вельмі пужае. Ён бачыць, ён памятае гэты казахстанскі сцэнар», – тлумачыць палітолаг Анатоль Котаў, які да жніўня 2020 года працаваў у Кіраўніцтве справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Аднак большасць айчынных палітолагаў, якія рэпрэзентуюць дэмакратычныя сілы, думае інакш, у тым ліку і Павел Усаў:
,,«Лукашэнка не дзеля таго бегаў з аўтаматам, заплаціў сваім здароўем у 2020 годзе, каб сысці ў 2025 годзе. Я памятаю, усе памятаюць, як ён на МЗКТ пад гучныя воклічы сказаў: «Я сыду толькі тады, калі вы мяне заб’яце». І гэта ён паўтарае шматразова. Усе гэтыя інсінуацыі, што ён стаміўся... Ён яшчэ дзесяць гадоў можа спакойна кіраваць, здароўе яму дазволіць».

У той жа час мара дыктатара, як трапна заўважыў Усаў, згадаўшы канцэрт на так званы Дзень народнага адзінства з ігрою Лукашэнкі-малодшага на піяніна, заключаецца ў тым, каб перадаць уладу сыну Мікалаю: «Ягоная мара псіхалагічная – спадзяванне на тое, што ён усё ж такі зможа перадаць уладу Мікалаю. І ўсе дзеянні, усе гэтыя рытуалы, ігра на фартэпіяна вось зараз, вывучэнне кітайскай мовы, паездкі з ім – гэта не што іншае, як намаганне ўвесці, рэалізаваць сваю мару.
Ён бы перадаў уладу Віктару, але шматразова казаў, што ён не [цягне]. Віктар у публічнай прасторы не прысутнічае ўвогуле, увогуле ніяк. Ён там займаецца, кантралюе спецслужбы, гэта вельмі важна. Бо ён, Лукашэнка, не давярае, аддае Віктару, але разумее, што да канца вось той харызмы, тых магчымасцяў, хаця б блізкіх да лукашэнкаўскіх, у Віктара няма, але тэхнічны варыянт у нейкай ступені – ён можа, скажам, спрацаваць. Але таксама мы не бачым ніякіх механізмаў, якія б гарантавалі такі пераход, як было ў Азербайджане. Таму ўсё, што ён робіць, ён робіць, каб, перш за ўсё, захаваць уладу, а другое – са спадзевам перадаць яе Мікалаю».

У інтарэсах Лукашэнкі – зацягванне вайны, развязанай Расеяй супраць Украіны, бо ягоны рэжым, паводле Анатоля Котава, добра зарабляе на экспарце ў РФ і коштам гэтага стварае бачнасць дабрабыту свайго электарату. Таму вайна не толькі не перашкода для лукашэнкаўскіх «перавыбараў», але і іх умова. Аднак ці ўсё так напраўду добра складваецца для Аляксандра Лукашэнкі, калі ён узяўся за традыцыйны для свайго рэжыму гандаль палітзняволенымі?

Дыскусію Паўла Усава і Анатоля Котава цалкам глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.
ББ belsat.eu