Музыка, кухар і былы кіраўнік «Моладзі БНФ» Дзяніс Мандзік анансаваў выхад новага альбому – «М.». Для падтрымання праекту трывае збор грошаў на платформе «Gronka». Як піша Дзяніс, без дапамогі звонку цяжка «прытрымлівацца высокіх стандартаў якасці». Сам музыка працуе ў Польскім тэатры танцу ў Познані і гатуе ў бары «Мы» («My») як кухар–фрылансер. Амаль усё заробленае аддае на музыку. Паразмаўлялі з беларусам пра смак ягонага новага альбому.
Гэта будзе ўжо другі альбом Дзяніса Мандзіка. Дэбютны быў запісаны яшчэ ў Менску і называўся «Свабода для вырадка». Назва будучага будзе мець толькі адну літару – «М.».
Барысаў ці Менск...
«Але не проста "М", а "М." – з кропкай. Бо за гэтай кропкай шмат усяго хаваецца, – распавядае «Белсату» Дзяніс Мандзік. – "MANDZIK" не толькі назва майго музычнага праекту, але гэта я сам і маё жыццё. І шмат важнага ў маім жыцці таксама пачынаецца з літары "М". Той жа Менск, які стаў мне родным горадам. Імя блізкага мне чалавека, якое не магу пакуль раскрываць. Мае мары… Усё гэта – частка канцэпту альбому».
Пра будучы альбом можна казаць як пра аўтабіяграфічны, згаджаецца музыка. Бо ствараўся ён як своеасаблівы дзённік, у якім Дзяніс занатоўваў свае асабістыя перажыванні і эмоцыі. Але занатоўваў не ад рукі, а праз музыку.
«Праз хіп-хоп, праз рэп, праз драм-н-бэйс – праз тое, што я ўмею рабіць лепей за ўсё», – падкрэслівае музыка.
Мандзік плануе выдаць альбом «М.» у лістападзе 2024 года. Ён будзе складацца з 12 трэкаў. Ужо можна паслухаць адзін з іх – «Zoračka». «Я нарадзіўся там, дзе дрэвы фарбуюць у белы колер – навошта? Я нарадзіўся там, дзе муры ў кожнага ў галаве…» – гаворыцца ў тэксце песні, аўтар якой нарадзіўся насамрэч у Барысаве.

«Так, па Барысаве я таксама сумую, але гэта троху іншы сум. У Барысаве я рос да 17 год. І Барысаў 2000-х і 2010-х – даволі жорсткі горад. Там панавалі жорсткія умовы, вулічныя. І я, як і большасць маладых людзей у горадзе, марыў з'ехаць у такі блізкі Менск. Бо ў Барысаве не было дзе развівацца і расці. Проста не было для гэтага ўмоваў. Або працуеш на заводзе, або п'еш… Калі хочаш чагосьці дасягнуць – трэба з'язджаць», – дзеліцца ўспамінамі Дзяніс.
Сапраўдным домам для сябе музыка лічыць Менск, куды з'ехаў адразу па заканчэнні школы. Там «пачаў квітнець, унутрана развівацца, знаходзіць аднадумцаў, культурна натхняцца, хадзіць на розныя імпрэзы, а пазней і ладзіць іх». А галоўнае – пачаў займацца музыкай. Менавіта таму «М.» – гэта ў тым ліку і пра Менск.
«Для мяне самым вялікім жахам за ўсе 4 гады маёй вымушанай эміграцыі заўжды было згубіць ментальную сувязь з Беларуссю, з Менскам, выпасці з кантэксту таго, што там адбываецца. І таму я вельмі пільна сачу за тым, што робіцца на радзіме – за ініцыятывамі, цікавымі людзьмі, якія насуперак усяму працягваюць нешта ствараць у Менску», – кажа Дзяніс Мандзік.
Ён распавядае, што ў будучым альбоме будуць два фіты, запісаныя з адным «вельмі таленавітым і крутым» чалавекам з Менску, які таксама робіць хіп-хоп па-беларуску. Ягонае імя называць нельга.
«Запэўніваю, альбом будзе вельмі смачны»
«Праца над альбомам, я б сказаў, кіпіць. У мяне ніколі не было настолькі моцнага творчага графіку», – пасміхаецца Дзяніс.

Па словах музыкі, апрача «Зорачкі», гатовая ўжо яшчэ адна песня да «М.». У будучыя выходныя Дзяніс разам з рэжысёрам і аператарамі выпраўляецца ў горы, каб зняць на яе кліп. Плануецца таксама, што альбом будзе складацца яшчэ з некалькіх не зусім звычайных відэапрацаў. На «Зорачку», у прыватнасці, ствараецца анімацыйны відэакліп.
А яшчэ будзе відэа з 3D-графікай і адзін кліп, створаны з выкарыстаннем штучнага інтэлекту.
Адзін з трэкаў новага альбому Мандзік запіша з маладым беларускім гуртом «Žuravl», з якім даўно хацеў зрабіць сумесную працу. Тое, што «Žuravl» працуе ў іншым жанры, не спыняе аўтара. Дзяніс кажа, што цяпер – у «альбоме пра сябе» – ён не хоча абмяжоўваць сябе межамі аднаго канкрэтнага жанру – наадварот, імкнецца і спрабуе эксперыментаваць. Песня «Паслязаўтра», запісаная раней у Амерыцы разам з гуртом «5051» («А там, хутчэй, не рэп быў, а поп-рок нейкі»), паказала, што такія эксперыменты – гэта цікава і прадуктыўна.
«Таму ў новым альбоме будзе не толькі драм-н-бэйс, будзе таксама і вяртанне до нейкага класічнага рэпу бум-бэпу. І яшчэ – некалькі інструментальных кампазіцыяў», – удакладняе музыка.
«Пяеш у "Паслязаўтра": "Я працую на кухні ўжо шосты год: музыка – кухня, музыка кухня. Такое жыццё…". Дык цяпер як кухар падзяліся з намі, які смак будзе дамінаваць у тваім новым альбоме і ці смачны ён будзе ўвогуле?» – пытаемся ў Мандзіка.

«Так, гэта праўда. Цяпер я ўжо сем гадоў, з рознай перыядычнасцю, працую на кухнях. Можна ўжо сказаць, маю вялікі досвед. Таму запэўніваю, што альбом мой будзе вельмі смачным. І я моцна спадзяюся, што будзе смачным не толькі для моладзі. Зразумела, што кантэкст, гучанне і сэнсавая нагрузка будзе больш пасаваць маладым людзям. Але я стараюся рабіць так, каб было цікава паслухаць людзям любога веку», – кажа Дзяніс Мандзік.
Ён падкрэслівае таксама, што хоча, каб праект, нягледзячы на сваю беларускасць, набыў наднацыянальнае гучанне («Не прывязваць сваю музыку толькі да беларусаў»).
«Музыка ў першую чаргу – гэта не пра мову, а гэта пра тое, як аўтар можа перадаць эмоцыі голасам і якое там інструментальнае суправаджэнне», – сцвярджае Мандзік.
Што да смаку, то «М.» будзе вельмі разнастайны, запэўнівае наш суразмоўца. Умоўна падзяляе яго на тры часткі, адна з якіх будзе «містычна салодкая», другая – дадасць горычы, а трэцяя будзе мець жыццясцвярджальны смак («Усё кепскае канчаецца, а я не губляю галавы і працягваю верыць – неяк так»).

«Я вельмі ўдзячны людзям, якія падтрымалі праект»
Дзяніс Мандзік прызнаецца, што збор грошай на альбом на «Гронцы» – вельмі важная для яго справа. Сабраныя грошы дапамаглі б яму яшчэ больш засяродзіцца на творчасці
«Прынамсі я б змог жыць сваё жыццё за той заробак, які зарабляю на сваёй працы, не заганяючыся пастаянна аб тым, што вось тут трэба адкласці на запіс песні, а тут – на кліп, тут – на прамаванне і гэтак далей. Ведаеш, я проста лепей бы сябе адчуваў. Ментальна. Ды і эмоцыі мне было б прасцей перадаваць падчас запісу трэкаў. Словам, у выніку гэта пазітыўна паўплывае на якасць прадукту», – кажа Дзяніс.
Дзяніс працуе ў тэхнічным аддзеле Польскага тэатру танцу ў Познані і падпрацоўвае на кухні. Амаль усе свае грошы аддае на будучы альбом.
Музыка прызнаецца, што амаль не прамаваў свой збор грошай на «Gronka». І нягледзячы на гэта, сабраная ўжо дастаткова вялікая сума (на 14 жніўня – €1460).

«Я вельмі ўдзячны ўсім людзям, якія падтрымалі мой праект. Гэта дае мне вялікую ўнутраную матывацыю рабіць ўсё хутчэй… Гэта вельмі складаны працэс і займае шмат часу. Але я лічу, што ў такім тэмпе, у якім рухаюся зараз, я ўсё паспею. А людзі, якія мне дапамагаюць, паскараюць гэты працэс і робяць яго больш якасным. Дзякую!» – кажа Дзяніс Мандзік.
«Дакрананне да палітыкі будзе мінімальнае»
А што там з палітыкай? Абраны ў 2018 годзе кіраўніком «Моладзі БНФ» Дзяніс Мандзік праз паўгода пакінуў пасаду, абраўшы шлях музыкі. У 2020 годзе пасля некалькіх затрыманняў з палітычных прычынаў ён з'ехаў з Беларусі. Як тлумачыць «Белсату», да нядаўняга часу даволі актыўна займаўся справамі ў руху «Моладзевы блок». Але на першым месцы застаецца музыка.
«Я цалкам сышоў у культуру і намагаюся свае эмоцыі і досвед, якія атрымаў і ў «Моладзевым блоку», і ў «Моладзі БНФ», і ва ўсёй сваёй вось гэтай гісторыі, накіроўваць на тое, каб дапамагчы маладым артыстам. Для мяне гэта стала нейкім рытуалам. Часам адкрываю плэй-лісты і шукаю маладых беларускіх выканаўцаў, якія робяць цікавую музыку, але пры гэтым маюць зусім мала слухачоў. Стараюся аказаць ім падтрымку, хаця б рэпостам ці паведамленнем», – гаворыць Мандзік.

Ён кажа, што «дакрананне наўпрост да палітыкі ў новым альбоме будзе мінімальнае, але цалкам пазбегнуць палітыкі у наш час немагчыма».
«Таму што мая творчасць – гэта пра мае жыццё, а маё жыццё завязанае на палітычнай тэме Беларусі, хачу я гэтага ці не», – заўважае наш суразмоўца.
Дзяніс дзеліцца сакрэтам: рыхтуецца рэліз самага папулярнага трэку першага альбому «Свабода». Мінулы альбом зараз недаступны для праслухоўвання, бо быў выдалены раней з усіх пляцовак праз тэхнічныя праблемы. Дык вось, Мандзік пастанавіў рэінкарнаваць «Свабоду»: новая музыка, «троху іншы настрой». І зняць на гэты трэк кліп. Рэліз чакаецца ў сярэдзіне верасня. І «Svaboda» стане ці не самым палітычным трэкам рэпера.
«Гэта былі лепшыя стасункі ў маім жыцці»
Але большасць трэкаў у «М.» будзе пра каханне, гаворыць Мандзік. Толькі пад канец размовы ён прызнаецца «праз што ўвогуле паўстаў гэты альбом».
«Праз тое, што ў мяне скончыліся новыя мае стасункі. І гэта былі лепшыя стасункі у маім жыцці», – тлумачыць Дзяніс.
Шчыра прызнаецца, што раней трагедыі на тле кахання прыводзілі яго да дэпрэсіі і «самадэструктыву». Але не цяпер.

«Проста ганаруся самім сабою, наколькі годна я ўсё гэта перажываю, наколькі змог даць рады эмоцыям і скіраваць увесь боль у творчасць. Я знаходжуся ў пастаянным патоку творчых дзеянняў, і гэта дапамагае і вельмі добра ўплывае на маю творчасць і на маю галаву. І вельмі важна яшчэ, што вакол мяне знаходзіцца шмат класных, блізкіх, творчых людзей, якія ідуць са мною гэтым шляхам», – шчыра дзеліцца асабістым Дзяніс Мандзік.
«Што ж, творчыя дзеянні – лепшыя лекі ад дэпрэсіі», – заўважаем на развітанне.
«Сто працэнтаў! Творчасць і музыка», – адказвае аўтар альбому «М.» Дзяніс Мандзік. Чакаем выхаду альбому ў лістападзе.
Зміцер Міраш, «Белсат»