Былая грамадзянская жонка і маці траіх дзяцей Паўла Дурава Ірына Балгар заявіла, што можа даказаць свае правы на «Telegram» у судзе. Яна сцвярджае, што мае поўнае права пазмагацца за актывы, якія былі нажытыя за 10 гадоў незарэгістраванага шлюбу.
«З прававога гледзішча, у некаторых краінах незарэгістраваныя адносіны разглядаюцца як афіцыйныя шлюбы ў дачыненні маёмасных правоў. У іншых краінах існуе магчымасць прызнання дэ-факта шлюбу афіцыйным. У іншых можна прэтэндаваць на долю супольна набытай маёмасці паводле грамадзянскага права, – паведамляе Балгар. – І пакуль адныя краіны ўжо развязалі гэтую праблему, у іншых людзі павінны змагацца за свае правы ў судзе».
Яна таксама расказала, што ў канцы 2022 года Павел Дураў пагражаў, што калі яна захоча пайсці ў суд, то любая фінансавая дапамога ёй і дзецям спыніцца, «іхныя карты рэзідэнта анулююць / скончацца, банкаўскія рахункі закрыюцца», а ён «выгуляе вайну ў СМІ і вайну ў прававым полі».
Нагадаем, 26 чэрвеня 2024 года ў Instagram з'явіўся новы ўліковы запіс: Ірына Балгар, якая жыве ў Швейцарыі і працуе юрыстам, пачала ў вялікай колькасці публікаваць фатаграфіі сваіх траіх дзяцей з подпісам, што ўсе яны – ад Паўла Дурава. Потым яна пацвердзіла гэта пасведчаннем аб нараджэнні, а таксама супольным фота з Паўлам Дуравым і дзецьмі.
Балгар расказала, што пазнаёмілася з Дуравым улетку 2012 года, трое іхных дзяцей былі народжаныя ў Расеі. У 2018 годзе Балгар з дзецьмі пераехала да Дурава ў Дубай, але ўзніклі праблемы з легалізацыяй: паводле законаў ААЭ, ні яна, ні дзеці не маглі атрымаць там віду на жыхарства. У 2020 годзе яна пасялілася ў Швейцарыі. Са словаў Балгар, апошнія некалькі гадоў яны з Дуравым жылі асобна, але часта падарожнічалі ўсёй сям'ёй.
Паводле жанчыны, яна была ў ценю толькі таму, што ёй самой так больш камфортна, а распавесці праўду яна наважылася праз тое, што дзеці «крыўдуюць, што пра дваіх старэйшых у інтэрнэце пішуць, а пра іх нічога няма». Але далей пачала ўсплываць больш відавочная прычына.
У жніўні 2024 года Балгар падала супраць Дурава пазоў у суд аб нявыплаце грошай на дзяцей і гвалце ў дачыненні малодшага сына з 2021 да 2022 года. Жанчына кажа, што ў гэты час Дураў увогуле перастаў сустракацца з дзецьмі, а таксама плаціць на дзяцей 150 тысяч еўраў на месяц, як раней. З гэтага моманту яна выхоўвала іх толькі на свой заробак – каля 10 тысяч еўраў на месяц, як вынікае з матэрыялаў «Forbes». Дзеці праз гэта атрымалі душэўную траўму: першы раз трапіўшы ў пасажырскі авіялайнер, а не прыватны джэт, яны з жахам спыталі: «Мама, а адкуль тут іншыя людзі?»
Тэса Анэйда belsat.eu