навіны

Сямёра затрыманых на Гомельшчыне і сямёра новых палітвязняў: рэпрэсіі ў Беларусі 18 верасня

Затрыманыя, Гомельская вобласць
Затрыманыя ў Гомельскай вобласці. Калаж: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
podpis źródła zdjęcia

У сераду, 18 верасня, праваабаронцам сталіся вядомыя імёны ўсіх 37 памілаваных палітвязняў, але адначасова ў гэты ж дзень па краіне прайшоў шэраг судоў у палітычна матываваных справах, а ў Гомельскай вобласці былі затрыманыя сем мясцовых жыхароў. Акрамя таго, спіс палітзняволеных папоўніўся на сем чалавек. 

З затрыманымі ў Гомельскай вобласці сілавікі запісалі «пакаянныя» відэа. На іх некалькі чалавек сказалі, што яны былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» каналы. Адзін мужчына заявіў, што ён «непалітычны чалавек» і не мае падпісак. 


У адной з жанчын запыталіся, як яна ставіцца да дзейснай улады. 


«Дрэнна», – адказала затрыманая. 


Частку затрыманых адправілі ў ІЧУ, астатніх папярэдзілі і адпусцілі на волю. 


Таксама лічба сем фігуруе ў новай заяве беларускіх праваабаронцаў: менавіта столькі чалавек прызнаныя чарговымі палітвязнямі. Іхныя імёны: Наталля Верабей, Ала Кісель, Наталля Давыдка, Алена Вярбіцкая, Марына Алісеенка, Марк Невар, Аляксандр Лютаў. 


Сталася вядома пра затрыманне жанчыны за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Яна нібыта двойчы наведала пратэсныя акцыі. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманне адбылося яшчэ ў панядзелак.


За каментары пра прадстаўнікоў улады затрымалі мужчыну. Таксама сцвярджаецца, што ён нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плану «Перамога».


Юрый Зянковіч. Калаж: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Юрый Зянковіч. Калаж: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Прапагандысты паказалі, як выглядае палітвязень Юрый Зянковіч праз два гады пасля суда. Ён моцна змяніўся з выгляду. Зянковіч – юрыст, прысуджаны да 11 гадоў калоніі паводле «справы змоўцаў». 


Сталася вядома пра затрыманні і выклікі ў КДБ настаўнікаў з усёй Беларусі ў справе праекту «Адукаванка», які быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. 


Завяршылася следства ў справе ксяндза Генрыха Акалатовіча, неўзабаве распачнецца суд. Святара абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве. 


У Менску пачынаюць судзіць 57-гадовую Ірыну Клязовіч, затрыманую 23 студзеня за дапамогу палітвязням.


У Берасцейскім абласным судзе 18 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Алы Дзясяцік, якую абвінавачваюць паводле шасці крымінальных артыкулаў. 


Таксама 18 верасня пачалі судзіць бабруйца Максіма Хвашчынскага, затрыманага па вяртанні з Польшчы 26 лютага сёлета. Яго абвінавачваюць у стварэнні «экстрэмісцкага» фармавання «Бабруйск 375», «экстрэмісцкага» чату «Бобр 97%» і паклёпе на Лукашэнку


Марыя Міхалевіч belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10