навіны

Хлеб падаражэў за месяц на 15 %. Эканаміст папярэдзіў пра пагрозу росту цэнаў на іншыя прадукты

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Эксперт даследчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык расказаў, што адбываецца ў эканоміцы і чаго можна ад яе чакаць.


За восем месяцаў ВУП Беларусі вырас на 4,9 % год да года, а асобна ў жніўні – на 1 % у параўнанні са жніўнем летась, і гэта кепскі вынік, бо ў ліпені год да года паказнік павялічыўся на 8,4 %.


Як растлумачыў на брыфінгу эксперт эканамічнага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык, збольшага такі правал у мінулым месяцы звязаны з нераўнамернасцю ўборкі збожжа, а таксама з тым, што ў леташнім жніўні было болей працоўных дзён:


«Тут паўплываў таксама часовы чыннік насамрэч: скарачэнне нафтаперапрацоўвання праз наступствы чэрвеньскага ўрагану, што нанёс шкоду Мазырскаму НПЗ».


Акрамя таго, больш чым удвая скараціўся ўнёсак прамысловасці ў ВУП, што можа сведчыць пра столь магчымасцяў у разгоне вытворчасці; заўважна зменшыўся ўнёсак будаўніцтва і транспарту, аднак гэтыя дзве галіны агулам «апошнія месяцы дэманструюць скрайне стрыманую дынаміку», канстатаваў аналітык.


Ён адзначыў, што ў жніўні ў параўнанні з ліпенем апрацоўчая прамысловасць «прасела» ў Віцебскай, Гомельскай і Гарадзенскай вобласцях, не вырасла ў Менску і Магілёўскай вобласці, павялічылася – у Берасцейскай і Менскай вобласцях.


«Імаверна, цывільнае машынабудаванне не павялічвала выпуску, а галіны, звязаныя з ВПК, маглі захоўваць высокі аб’ём вытворчасці, але наўрад ці яго павялічвалі», – мяркуе Анатоль Харытончык.


Агулам, паводле яго, прамысловасць улетку не паказвала росту, а складскія запасы перасталі актыўна зніжацца:


«Усё больш верагодна, што рэсурсныя абмежаванні, найперш дэфіцыт работнікаў, не дазваляюць эканоміцы захоўваць высокія тэмпы росту выпуску, і яны будуць пакрысе запавольвацца».


Таксама ў жніўні, калі параўноўваць з ліпенем, на 1 % паменела інвестыцыяў. Харытончык растлумачыў, што кампаніі праз рэгуляванне цэнаў вымушаныя фактычна праядаць запасы замест таго, каб укладваць грошы ў развіццё. Эканоміць асабліва няма на чым: заробкі даводзіцца павышаць, каб ва ўмовах дэфіцыту працаўнікоў не разбегліся і тыя, хто яшчэ застаўся:


«Калі ў Расеі прадпрыемствы выкарысталі назапашаныя прыбыткі для пашырэння інвестыцыяў, то ў Беларусі гэты прыбытак пастанавілі з’есці цэнавым кантролем. І гэта не найлепшы расклад для Беларусі з пункту гледжання канкурэнтаздольнасці эканомікі ў будучыні і перспектываў падтрымання якіх-кольвек прымальных тэмпаў росту».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by

Беларусы тым часам працягваюць спажывецкі банкет: заробкі пухнуць як на дражджах, крэдыты недарагія – супыніцца немагчыма:


«Спажывецкі попыт на тавары ўзмацніўся ў ліпені – жніўні. Раздробны таваразварот у жніўні вырас больш чым на адсотак да ліпеня. Аб’ём спажывання тавараў насельніцтвам абнавіў гістарычны максімум, перавысіўшы сярэдні ўзровень 2021 года амаль на 17 %».


Сцішыць гэты «спажывецкі вэрхал» і астудзіць эканоміку мог бы Нацбанк, у выніку чаго б падаражэлі крэдыты, аднак ён не спяшаецца. Акурат сёння рэгулятар паведаміў, што пастанавіў прынамсі да канца кастрычніка захаваць на цяперашнім узроўні гэтак званыя разліковыя велічыні стандартнай рызыкі, ад якіх залежаць стаўкі новых крэдытаў. Яны не растуць тры месяцы запар.


Эксперт BEROC канстатаваў, што беларусы даволі адчайна хапаюць крэдыты ў стане беспадстаўнай эйфарыі, нібыта рост заробкаў – гэта назаўсёды. Рызыкі для нас нікуды не падзеліся, улады галоўнага партнёра – Расеі – імкнуцца астудзіць сваю эканоміку, і такое запавольванне пацягне за сабою зніжэнне попыту ў тым ліку на беларускія тавары. І добра, калі ўдасца хутка знайсці хаця б частковую замену расейскаму рынку, а калі не?


«Не ўлічваецца імавернасць істотнага запавольвання росту заробкаў у 2025–2026 гадах. Калі эканоміка будзе даволі істотна тармазіць, то гэты недаўлік можа выліцца ў цяжкасці з вяртаннем крэдытаў. Такая рызыка існуе», – папярэдзіў Анатоль Харытончык. 


Цяперашні звышаптымізм хатніх гаспадарак, дарэчы, сведчыць пра перагрэў эканомікі, заўважыў аналітык. І павышаны спажывецкі попыт стымулюе актыўны рост імпарту, то бок фактычна вымывае валюту: у студзені – ліпені, як раней паведамляў Нацбанк, Беларусь купіла за мяжою тавараў і паслугаў на $ 89 млн болей, чымся сама экспартавала.


Адзіны прасвет у вонкавым гандлі цяпер – павелічэнне экспарту паслугаў, што звязана, падобна, з IT-сферай, якая спыніла двухгадовае падзенне. 


Гадавая інфляцыя ў жніўні крыху разагналася ў параўнанні з ліпенем з 5,5 % да 6,1 %, аднак, відавочна, заставалася нізкаю. Пры гэтым не ўсё добра з цэнамі на харчы:


«Гародніна ў жніўні не таннела тэмпам, што адпавядае сезоннай норме. А гуркі і капуста рэкордна падаражэлі за шмат гадоў».


Харытончык бачыць для гэтага некалькі прычынаў. Праз умовы надвор’я якасць ураджаю гародніны магла быць нізкаю, акрамя таго, маглі паўплываць санкцыі, а яшчэ – прага да экспарту замест таго, каб накарміць беларусаў:


«У Расеі ўлетку цэны на садавіну і гародніну раслі яшчэ шпарчэй, чымся ў Беларусі. І калі ў нас ёсць цэнавы кантроль, то з’яўляецца стымул болей пастаўляць на экспарт, чымся на ўнутраны рынак».


Як сказаў эксперт, пэўную асцярогу выклікае рэзкае падаражэнне шэрагу іншых харчовых тавараў: пшанічнай мукі, хлеба, хлебабулачных вырабаў, крупаў, макароны, кандытарскіх вырабаў:


«У жніўні гэтыя пазіцыі ў сярэднім падаражэлі больш чым на 15 % да ліпеня. Імаверна, гэта наступства спалучэння нізкага ўраджаю летась і невысокага ўраджаю збожжа сёлета. Калі гэта слушна, то найбліжэйшымі месяцамі можа ўзмацніцца цэнавы ціск у сегменце мяса і мясапрадуктаў, дзе збожжа ўжываецца як корм».


Матэрыялы брыфінгу даследчага цэнтру BEROC
Матэрыялы брыфінгу даследчага цэнтру BEROC

Падсумоўваючы агляд, эксперт цэнтру BEROC падкрэсліў, што налета цяперашнія ўдарныя тэмпы росту эканомікі не праглядаюцца. Усё праз і без таго загружаныя вытворчыя магутнасці, недахоп працоўных рук і рэгулярныя праблемы з лагістыкай. «Хутка пераадолець гэтыя абмежаванні занадта складана», – заўважыў Харытончык.


Калі Нацбанк не ўдарыць нарэшце па стале і не зробіць больш жорсткай манетарную палітыку, гэта захавае дысбаланс попыту і прапановы – эканоміка застанецца перагрэтаю.


У выпадку, калі на вонкавых рынках не здарыцца катастрофы ды расейская эканоміка будзе, як і плануецца, пакрысе запавольвацца, то і нашую эканоміку чакае павольнае астыванне.


«Сёлета ВУП прыбавіць 4–5 % і налета запаволіцца да 0–2 %. Прагноз інфляцыі на канец гэтага года – у дыяпазоне 5–7 %, у наступным годзе – каля 6–9 %. Гэты сцэнар рэалізуецца, калі нечага экстраардынарнага ў свеце ці ў Расеі не адбудзецца», – сказаў аналітык.


Сцяпан Кубік belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10