Грамадзянін Латвіі Эмілс Асарс, які 11 верасня ўехаў у Беларусь і пасля гэтага знік, затрыманы паводле падазрэння ў кантрабандзе наркотыкаў, паведаміў у сераду, 18 верасня, Дзяржаўны мытны камітэт нашай краіны.
23-гадовы маладзён перасек мяжу з Беларуссю ў пункце пропуску «Патэрніекі – Грыгораўшчына» на аўтамабілі «Cadillac SRX». Паводле Мытнага камітэту, пад чахлом мабільнага тэлефона Эмілс Асарс хаваў 1,06 г амфетаміну, якія збіраўся ўвезці ў Беларусь. Забароненае рэчыва выявіў службовы сабака мытні.
Латвіец патлумачыў, што псіхатропнае рэчыва ён ужывае, каб не заснуць за стырном.
Хлопца затрымалі. Супраць яго Віцебская мытня адкрыла крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 328-1 КК РБ («Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ці іх прэкурсараў або аналагаў»). Паводле гэтага артыкулу можа пагражаць пакаранне ад абмежавання волі да 10 гадоў калоніі.
Мытны камітэт сцвярджае, што беларускі бок адразу ж паведаміў пра затрыманне ў МСЗ Латвіі, а таксама сваякам мужчыны.
,,«Нягледзячы на гэта, латвійскі бок робіць правакацыі, абвяшчаючы праз СМІ пра знікненне гэтага чалавека ў Беларусі праз нібыта неправамерныя дзеянні беларускіх спецслужбаў», – гаворыцца ў паведамленні Мытнага камітэту.
Пра знікненне Эмілса Асарса сталася вядома 16 верасня. Ягоныя сваякі распавялі, што ён мусіў адвезці знаёмую жанчыну ў Верхнядзвінск, 11 верасня перасек мяжу з Беларуссю і сувязь з ім знікла. 12 верасня блізкім мужчыны патэлефанавалі з беларускага нумару і паведамілі, што Асарса затрымала міліцыя.
Прэс-сакратарка МЗС Латвіі Дыяна Эглітэ заявіла агенцтву «LETA», што консульства Латвіі ў Віцебску звярталася да ўладаў Беларусі па інфармацыю, аднак адказу не атрымала.
Раней амбасадар Латвіі ў Беларусі Эйнарс Сэманыс адзначаў, што грамадзянам Латвіі небяспечна ездзіць у Беларусь, бо ім можа пагражаць затрыманне або суд.
Такую ж рэкамендацыю дае сваім грамадзянам урад Літвы.
,,«У нас ёсць інфармацыя пра некалькі літоўскіх грамадзянаў, якія затрыманыя і / або адбываюць пакаранне ў Беларусі. У нас няма падставаў меркаваць, што абвінавачанні беларускіх уладаў на адрас грамадзянаў Літвы абгрунтаваныя», – паведамляла МЗС Літвы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu