навіны

«Зачышчалі цэлыя дамы». Беларуска распавяла, як вярнулася ў Менск за візай і была рэпрэсаваная

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: wikipedia.org
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: wikipedia.org
podpis źródła zdjęcia

«Наша Ніва» апублікавала гісторыю беларускі Кацярыны (імя змененае), якая восенню 2023 году пераехала ў Польшчу, а потым вярнулася ў Беларусь, каб абнавіць польскую візу. У выніку ёй давялося затрымацца — за пару месяцаў дзяўчына прайшла Акрэсціна, жодзінскую турму і Валадарку.

Кацярыне прапанавалі працу ў Польшчы і восенню 2023-га яна пераехала. Разлічвала, што часам будзе вяртацца ў Беларусь. Потым у дзяўчыны ўзнікла праблема з польскімі айцішнымі візамі. Каб легальна застацца ў Польшчы, трэба было падавацца на міжнародную абарону, а Кацярына не хацела пазбавіцца магчымасці прыехаць на радзіму, таму вырашыла атрымаць візу ў Менску. Пры гэтым на ейнага мужа ў Беларусі была заведзена крымінальная справа.

«Не мела прамой пагрозы, [сілавікі] мне не званілі, але праз жонку зручна помсціць мужу, і мне адзін адвакат казаў, што лепш не ехаць у Беларусь. Але я вырашыла паспрабаваць», - кажа яна.

Кацярына пабачыла Менск, «які стаў больш пустым і нібыта адкаціўся назад», нават у параўнанні з восенню 2023 году.

«Пыталася ў сябе: хацела захаваць магчымасць прыязджаць, але дзеля чаго — дзеля трох вуліц і дзвюх установаў, важных для мяне? Было адчуванне, што з гэтага горада з’ехала вельмі шмат людзей, якія рабілі яго асабліва цікавым», - прызнаецца яна.

«Мяне там не было некалькі месяцаў, але калі вярнулася, адчула — людзі жывуць у страху. Напрыклад, я сяджу ў кавярні, чакаю сяброўку і здымаю на відэа, як яна да мяне падыходзіць. У кадр трапляе яшчэ адзін столік, там людзі пра нешта гутараць. Потым перагледзела відэа, дык яны гавораць пра тое, што забралі іх знаёмую. 

Людзі просяць не перасылаць ім нічога, ставяць аўтавыдаленне ў чатах, некаторыя выдаляюць акаўнты. Яны не разумеюць, што такі стан для іх цяпер норма, а для мяне гэта ўжо было дыскамфортна.

Мы — вернікі, і ў нас цеснае кам’юніці, шмат каго ведаем з цэркваў па ўсёй Беларусі, і пастаянна чула ад людзей, што недзе кагосьці затрымалі. Здаецца, у 2022-м забралі спачатку адну знаёмую сям’ю, потым другую, а потым і яшчэ адну, іх забіралі па розных справах.

Як мне тлумачыў потым следчы, калі яны заканчваюць адну справу, адкрываюць базу і бяруць з яе кагосьці новага», - распавядае Кацярына.


Кацярына кажа, што за кратамі чула пра выпадкі, калі людзей забіралі цэлымі пад’ездамі (напрыклад, у Бараўлянах) або зачышчалі цэлыя дамы (напрыклад, у Фаніпалі).

,,

«Сядзела з дзяўчынай, якая жыла на шостым паверсе. Забралі першы паверх, другі, трэці, чацвёрты, пяты, а потым адразу сёмы. Тая дзяўчына яшчэ падумала — можа, на яе і мужа нічога не знайшлі? А на наступны дзень прыйшлі па іх.

Калі ёсць матэрыялы толькі на жонку, матэрыялы на мужа шукаюць ужо ў кватэры. Знаходзяць хаця б адзін рэпост, забіраюць яго, як і жонку, на Акрэсціна — яго па адміністратыўцы, яе па крыміналцы. І далей шукаюць на яго нешта»,- тлумачыць дзяўчына.


Кацярына была шакаваная тым, што людзі дагэтуль захоўваюць на тэлефонах і камп’ютарах фота і відэа з 2020-га.

«Адна такая дзяўчына, у якой гэта знайшлі, казала мне: маўляў, гэта гісторыя, гэта памяць. А калі яе закінулі на Акрэсціна, сказалі, каб успамінала імёны ўсіх людзей, якія там з ёй на фота. Дзяўчына плакала, пыталася, што ёй рабіць — не магла хлусіць, што не ведае тых людзей, бо на фота яна іх абдымае.

Сустракала за кратамі людзей, якія не зрабілі на пратэстах ні аднаго фота. Іх асудзілі, бо хлопец, які быў наперадзе іх, здымаў відэа ў інстаграм, як ён ідзе на марш, і тыя людзі трапілі ў кадр. Так што захоўваць такое небяспечна і для людзей, якія могуць быць на фота разам з вамі», - зазначае яна.

Кацярына раіць выдаляць усе фота і відэа з пратэстаў. Хіба што можна захаваць гэта на флэшцы і закапаць яе. Або перадаць фоты сябру, які знаходзіцца за мяжой.

«Мяне затрымалі ў лютым. Была раніца, і я прачнулася ад нейкага шуму. Збіралася спаць далей, таму што было рана, але зноў пачула крыкі: "Выходзіць па адным!" Не магла зразумець, што адбываецца — можа, пажар?

Пабачыла, як у шчыліну дзвярэй свецяць страбаскопамі, міргала святло. У мяне дома спала дзіця, таму вырашыла сама выйсці і паглядзець, што адбываецца. Выйшла — а там аўтаматы, шчыты, каскі, прыехала недзе чалавек дзесяць.

Яны выйшлі прачышчаць пакоі, я пабегла наперадзе і казала ім, што там маленькае дзіця, каб не абудзілі яго. Вельмі баялася, што ён усё гэта пабачыць. Калі ўсе пакоі агледзелі, зайшлі губазікаўцы, і я зразумела — напэўна, гэта надоўга».


Сын прачнуўся і вельмі перапужаўся. Калі маці забіралі, малы моцна плакаў. 

Кацярыну адвезлі ў РУУС, дзе пасадзілі ў камеру з бамжыхай, а потым на Акрэсціна.

«На Акрэсціна не водзяць у душ. Мы знаходзілі бутэльку і мыліся над туалетам, а нехта мог два-тры дні гэта не рабіць, пах быў вельмі непрыемны. У некаторых камерах цяклі туалеты, з іх выцякала мача. Стаяў пах мачы разам з пахам разлітага супу, кавалкаў рыбы, кашы, усё гэта змешвалася ў нешта агіднае. Калі я нюхала свае шкарпэткі, адчувала, як яны ўбіралі ў сябе гэтыя пахі прадола, памяшкання — гэта было жудасна», - прызнаецца яна.

Да суда Кацярына сядзела ў жодзінскай турме, потым яе этапавалі на Валадарку. У крымінальнай справе дзяўчыны быў адзін эпізод: фота на праезнай частцы, зробленае недзе ў жніўні-верасні 2020-га. Гэта было фота са сторыс Кацярыны, быццам бы нехта яго заскрыніў і размясціў на нейкім партале. Той сайт ужо не працуе, але ГУБАЗіК і Следчы камітэт захавалі гэтыя здымкі раней. У выніку Кацярыне прысудзілі хатнюю хімію.

«Усё так зроблена, каб ты адчуваў сябе закладнікам, і часам я думала, што застануся ў Беларусі адбываць гэтую хімію. Але кожны такі дзень — гэта працяг зняволення, то бок я даю згоду на гвалт над сабой, я не была на гэта гатовая. Таксама мой муж быў у іншай краіне, і я не разумела, навошта мушу некалькі гадоў яго не бачыць. І хутка ўсвядоміла: зраблю ўсё магчымае, каб ні дня больш не аддаць людзям, якія мяне эмацыйна гвалцілі. Праз пару тыдняў была ў Польшчы», - распавядае яна.

Кацярына прызнаецца, што калі атрымалася адматаць час назад, то яна ўсё роўна паехала б дахаты.

«Гэта вельмі цяжкі перыяд майго жыцця, але тое, што я пабачыла, людзі, якіх я сустрэла, — гэта было не проста так. Людзі па-рознаму глыбока запускаюць боль у сваё сэрца, і былі тыя, каго зняволенне проста знішчала. Я бачыла, што магу камусьці дапамагчы.

Гэта можа гучаць па-вар’яцку, але такі быў мой шлях. Калі ты там, ты разумееш, што не можаш не мець рацыі, што гэта і ёсць бок дабра. Я і так гэта ведала, але за кратамі злятаюць усе маскі, прыбіраецца ўся інфармацыйная мішура, ты проста бачыш чыстыя сэрцы людзей», - кажа яна.

Напрыклад, за кратамі Кацярына сустрэла жанчыну, якая настолькі хвалявалася за ўсіх, каго саджаюць па палітыцы, што вырашыла кожнага з іх віншаваць з днём народзінаў, дасылала ім паштоўкі. На момант затрымання яна адаслала 10 580 паштовак.

«Калі ў камеру трапляў нехта новы, мяне прасілі расказаць адну мудрасць. За кратамі вельмі важна не дакараць сябе за тое, што было ўчора. Не варта думаць пра ўчарашні дзень, бо яго не змяніць, можна толькі яго прыняць. І не трэба думаць пра тое, што будзе заўтра, таму што заўтрашні дзень нам не належыць. Добра, калі ён будзе, але ў нас ёсць толькі сёння», - распавядае Кацярына.

Глеб Нержын «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10