Войскі ЗСУ ўшчыльную падышлі да Краснаяружскага раёну Белгародскай вобласці Расеі. Два дні таму мясцовыя ўлады аб’явілі эвакуацыю. Людзі выязджалі на сваім асабістым транспарце і аўтобусамі. Адміністрацыя раёну паабяцала, што яго тэрыторыя будзе ачэпленая і яе будуць ахоўваць сілы тэрытарыяльнай абароны. Пры гэтым у Белгарадскай вобласці насельніцтву адмовілі ў матэрыяльнай дапамозе, нават у тых 10 000 рублях, якія паабяцалі жыхарам Курскай. Растлумачылі гэта тым, што іх нерухомасць і маёмасць не пашкоджаныя.
І вось стала вядома, што людзі сталі пакідаць пункты часовага размяшчэння і вяртацца ў свае дамы. Па сведчаннях мясцовых жыхароў, на дарогах аўтамабілі рухаюцца цяпер у асноўным у напрамку Краснай Яругі. Чаму ж людзі праігнаравалі папярэджанні ўладаў, адмовіліся эвакуіравацца ў іншыя населеныя пункты і вяртаюцца ў свае дамы? Мой суразмоўца Арцём Бандарэнка (прозвішча змененае на просьбу Арцёма) тры дні таму выехаў са сваёй жонкай з Краснай Яругі ў Ліпецк на сваім аўтамабілі. Раней ён вучыўся Ліпецку і нейкі час працаваў. Арцём спадзяваўся знайсці там жытло і працу на час эвакуацыі. Цяпер яны з жонкай вяртаюцца дадому.
– Чаму вы вырашылі вярнуцца?
– Тады, калі пачало бабахаць, мы падумалі, што давядзецца ўцякаць. Яшчэ прыляціць па хаце і што тады. Я сабаку адвязаў, бутэльку яму паклаў з вадой, крышку крыху прыадчыніў і дзірку зрабіў, каб потым мог ён папіць. А свой КАМАЗ далей адвёз, у надзейным месцы схаваў. А што рабіць? Калі пакінуць на дарозе каля дому, дык яшчэ дзяўбнуць па ім, могуць жа падумаць, што вайсковы. Узяў колы, салярку і схаваў. А да легкавушкі прычапіў прычэп. Ды ё маё! Туды ж усё роўна нічога не ўлезла! Ну фатаграфіі ўзялі. А што мы вось нажывалі гэта ўсё і зараз кідаць?! У нас і тэлевізар, і лядоўня, і рэчы, і мэбля. Куры яшчэ ў хляве. А сёння раніцай мой сын туды ўжо заехаў і кажа, што курэй накарміў, сабаку таксама і прывязаў. Сабака выйшаў з двара і, відаць, з іншымі сабакамі пабіўся. Ужо і лапа ў крыві і пысу яму пакусалі. Відаць, сам палез, а ён такі, ну і атрымаў. Сын сказаў, што ў доме ўсё ў парадку. Я паглядзеў, што ў Ліпецку лавіць няма чаго. Паглядзеў у вобласці – дарогі яшчэ горш, чым у нас на Белгародчыне, саўгасаў больш няма, усё развалена. Дык што вось выязджаем ужо.

– Вы разумееце, што можаце патрапіць пад абстрэл сваёй жа расейскай арміі?
– Ды я наогул не разумею, як гэта дапусцілі, што сюды ўвайшлі ўкраінцы. Іх трэба было даўно з зямлёй зраўнаваць! Украінцы гэта сапраўдныя фашысты, у наколках яны ўсе. Там ніякіх добрых людзей няма ўвогуле. Іх [Уладзімір] Зяленскі гэта ўвогуле ніхто. У нас тут усё па законе і па Канстытуцыі, а ў іх жа нічога гэтага няма. Усюды за ўсё трэба даваць хабары. Якое яны мелі права ўвайсці на нашу тэрыторыю? Гэтыя Сумы трэба не проста ракетамі, трэба новымі ракетамі дзяўбаць, каб у іх жаданне знікла лезці на чужую тэрыторыю! Так. Тамака нашы жывуць. Так яны ад іх заразіліся і таксама ідыётамі сталі. Вось зараз яны ў Суджу ўвайшлі, дык трэба сцерці гэтую Суджу з твару зямлі, каб там наогул нікога не засталося – ні людзей, ні дамоў.
– Там жа вельмі шмат мясцовых застаецца, якіх кінулі ўсе на волю лёсу – і вайскоўцы, і памежнікі, і паліцыя. Як гэта сцерці з зямлі? Разам з імі?
– Так кінулі, бо не чакалі, што ўкраінцы ўвойдуць. Яны ж гэтыя ЗСУ як паперлі на тэхніцы. А там людзі з простымі аўтаматамі. А мясцовым трэба было эвакуіравацца. Многія ж гэта зрабілі.
– Але там засталіся пажылыя людзі і маргіналы, якія пайшлі граміць крамы. Свае ж, не ўкраінцы.
– Ну вось мы ж і вяртаемся, каб нашу хату не разрабавалі. Што – я ўсё пакіну чужым дзядзькам? Сваёй працай усё зароблена. А гэтыя ўкраінцы, яны ж тэхніку нашу камбайны і ўсё астатняе да сябе гоняць, КАМАЗы нашы да сябе пагналі, крамы рабуюць.

– Адкуль такая інфармацыя?
– Так, а што мы іх не ведаем? А што яны ў Марыупалі вытваралі? Яны ж танкамі расстрэльвалі людзей ва ўпор. А іх лекар адзін, нам паказвалі ў навінах, увогуле заявіў, што рускіх палонных трэба без анестэзіі кастрыраваць. Так яны ж і кастрыравалі. Няўжо так можна?! Хлопцы вярнуліся з палону і з’ехалі ў іншыя мясціны ад такой ганьбы. А амерыканцы што вытвараюць? І кавід гэты на нас напусцілі. І вось яны ж наша зерне таксама крадуць. Мы ж глядзім усё па тэлевізары.
– Вы не думаеце, што потым нехта такі, як вы, напрыклад, з суседняга Ракіцянскага раёну, скажа: «Трэба зраўнаваць з зямлёй Красную Якругу. Хто не эвакуіраваўся, той сам вінаваты». Як вам такі варыянт? Бо лічыцца, што насельніцтва там няма. Толькі тэрытарыяльная абарона.
– Дык мы схаваемся. Спадзяюся, што неяк абыдзецца. Нешта прыдумаем. Суседзі нашы таксама вунь выехалі і вярнуліся. А што рабіць? А ўсе астатнія кажуць, што як толькі дазволяць афіцыйна, то ўсе вернуцца. Так і так ужо колькі сёння вярнуліся і надалей будуць вяртацца.
– Але ў Красную Яругу ў любы момант могуць увайсці ўкраінскія войскі. Не баіцеся?
– А чаго баяцца? Гэта вайскоўцы. Іх справа – забяспечыць парадак. Каб не было марадзёрства і ўсё такое.
– Але вы ж самі кажаце, што расейскае войска павінна іх выбіць. Як вы сабе гэта ўяўляеце без абстрэлу?
– Ну не ведаю. Калі што, дык тады ўцячом. Заб’юць, дык заб’юць. Але нікуды ўжо не паедзем. Ніякай эвакуацыі не будзе. Мы не мільянеры ездзіць і здымаць жыллё. Вунь як там адразу мясцовыя спахапіліся і кошты паднялі. Кашмар. А ў нас і без іх ёсць дзе жыць.
Любой Лунёва, «Белсат»