навіны

Белстат: тэмпы росту эканомікі запаволіліся, але беларусы працягваюць багацець

Пакупнікі у крамме
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Галоўны рухавік – гандаль; IT-галіна, якая доўгі час цягнула ВУП уніз, цяпер у плюсе.

Белстат падлічыў, што ў студзені – жніўні эканоміка вырасла на 4,9 % год да года (у студзені – ліпені было 5,5 %).

Найвялікшы ўнёсак у рост ВУП зрабіў гандаль. Заробкі павялічваюцца, спажывецкія крэдыты хапаюць – вось і вынік.

Раздробны таваразварот вырас на 12 % год да года, гуртавы – на 7,1 %.

Калі ўсю суму, якую штодня пакідаюць пакупнікі ў крамах, падзяліць на ўсіх беларусаў, то на адну асобу выпадае 25,7 рубля (летась было 22,2 рубля).

 

Пры гэтым грамадзяне актыўна выдаткоўваюць грошы і ў страўнях: грамадскае харчаванне вырасла на 12,1 %.


Разганяе эканоміку таксама будаўніцтва (9 % год да года) і апрацоўчая прамысловасць (7,1 %). Сельская, лясная і рыбная гаспадарка выраслі на 6,5 %, і гэта правал у параўнанні з ранейшаю статыстыкаю: у студзені – ліпені гэтая галіна ўзляцела ажно на 17 %. Зрэшты, тлумачэнне ў такіх ваганнях досыць простае: праз надвор’е графік сельскагаспадарчых працаў сёлета не такі, як летась.

 

Сфера транспарту вырасла на 6,1 %, тут павялічыўся і таваразварот (на 2,8 %), і перавозы пасажыраў (на 9 %).

 

Адметна, што зноў у плюсе IT-галіна. Калі ў студзені – чэрвені было падзенне (на 0,9 % год да года), то ў студзені – ліпені – ужо рост (0,2 %). І цяпер, у студзені – жніўні, – 0,4 %. Падобна, сфера, што раней несла залатыя яйкі, а апошнія гады імкліва падала, сапраўды адштурхнулася ад дна.


Тым часам беларусы працягваюць багацець, запэўнівае Белстат. Паводле ведамства, у студзені – ліпені рэальныя прыбыткі грамадзянаў выраслі год да года на 9,9 %. Гэта грошы, што застаюцца на руках пасля сплаты падаткаў і ўлічваюць інфляцыю.

 

У агульным аб’ёме прыбыткаў беларусаў больш за 65 % – гэта заробкі, 22 % – пенсіі, стыпендыі, грашовая дапамога, амаль 8 % – прыбыткі ад прадпрымальніцкай дзейнасці, прыбыткі ад уласнасці крыху меней за 5 %.

 

Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10