У цэнтры Масквы каля ўваходу ў офіс «Wildberries» адбылася страляніна. Кампанія «Wildberries» заявіла, што туды спрабаваў незаконна пранікнуць Уладзіслаў Бакальчук з аховай, муж уладальніцы Таццяны Бакальчук.
«Сёння група асобаў пад кіраўніцтвам Уладзіслава Бакальчука, Сяргея Ануфрыева і Уладзіміра Бакіна паспрабавалі захапіць офісы "Wildberries" у Маскве. Параненыя трое, іхны стан мы ўдакладняем», – напісала Таццяна Бакальчук у сваім тэлеграм-канале.
Уладзіслаў Бакальчук называе сябе «ахвяраю маштабнай правакацыі» і сцвярджае, што на яго напалі, калі ён прыехаў на перамовы.
«Я прыехаў у офіс кампаніі са сваймі калегамі, аднак ужо на ўваходзе быў атакаваны службай аховы і невядомымі мне асобамі, якія справакавалі ўзброены канфлікт. Паранены адзін з маіх калегаў», – апавёў Бакальчук сваю версію падзеяў РБК.
Уладзіславу Бакальчуку належыць 1 % кампаніі, а ўсе астатнія акцыі ‒ ягонай жонцы Таццяне. З ініцыятывы Таццяны пара разжаняецца, а бізнес яна пастанавіла аб'яднаць з кампаніяй «Russ» братоў Левана і Роберта Мірзаянаў.
Уладзіслаў выступіў рэзка супраць зліцця кампаніяў і нават сустракаўся са сваім сябрам, кіраўніком Чэчэнскай Рэспублікі Рамзанам Кадыравым, каб абмеркаваць гэтую справу.
Кадыраў абяцаў зрабіць усё магчымае, каб «дапамагчы вярнуць у сям'ю Таццяну і абараніць законны бізнес».
Арсен Рудэнка belsat.eu