Прапагандысцкія тэлеграм-каналы паведамілі 16 жніўня, што самаабвешчаны кіраўнік Беларусі падпісаў указ аб вызваленні палітвязняў. Як адзначаецца, будуць вызваленыя 30 чалавек: 14 жанчын і 16 мужчын, якія маюць цяжкія захворванні, а таксама пенсіянеры.
Акрамя таго прапагандысты сцвярджаюць, што ўсе гэтыя людзі напісалі прашэнне аб «памілаванні» на імя Аляксандра Лукашэнкі. Дакладныя імёны і прозвішчы «амніставаных» невядомыя.
«Нікога з топ-палітвязняў не будзе. Вызваляюць тых, з каго бралі прашэнне ў ліпені. Тады прыязджалі ў гомельскую калонію з пракуратуры, прапаноўвалі канкрэтным людзям. Агулам узялі прашэнне ў некалькі дзясяткаў, але ў фінал выйшлі не ўсе. Першапачатковы выбар зразумелы: прапаноўвалі толькі тым, хто малавядомы, за каго персанальна гандлявацца Захад не будзе», – пракаментавала вызваленне «Белсату» крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
Паводле суразмоўцы, «прадстаўнікі пракуратуры адразу прапаноўвалі пісаць памілаванне па гатовым шаблоне: раскайваюся, абяцаю не здзяйсняць, цалкам падтрымліваю палітыку кіраўніка дзяржавы. Некаторым прама казалі, што памілуюць да канца лета».
«Выхад на волю 30 палітзняволеных – гэта, безумоўна, добрая навіна для гэтых людзей, іх родных і блізкіх. Але ж стратэгічна сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі застаецца нязменнай. Сістэма па-ранейшаму арыштоўвае, катуе і зневажае годнасць людзей. Пакуль рэпрэсіі не будуць спыненыя, формула вызвалення палітвязняў мае адмоўныя значэнні – садзяць больш, чым выпускаюць. Важна разумець што чалавечыя жыцці – гэта элемэнт палітычнага гандлю і спроба афіцыйнага Менску манеўраваць у складаных умовах. Важна працягваць ствараць гэтыя ўмовы, робячы існаванне дыктатуры ўсё больш невыносным. Лукашэнка разумее толькі мову сілы», – адзначыў у каментары «Белсату» кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.
Імёны амніставаных суразмоўца не ведае.
Тое ж самае адказаў і прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка:
«Акрамя таго, што ўжо паведамілі, нічога не ведаю».
Фармалізацыя ранейшых вызваленняў
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выказала радасць з нагоды вызвалення палітвязняў і ўз’яднання сем’яў. Яна таксама заклікала не крытыкаваць той выбар, які яны зрабілі, каб выйсці на волю.
,,«Я хачу сказаць кожнаму палітвязню: самае галоўнае – гэта вашая свабода і жыццё, і гэта ваш выбар, як вы прыйдзеце да гэтага. Ніхто не мае права вырашаць гэта за вас», - заявіла Ціханоўская.
Пры гэтым яна падкрэсліла, што затрыманні ў Беларусі працягваюцца – і колькасць палітвязняў расце:
«Больш за 1400 чалавек па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі па палітычна матываваных справах. І ёсць тыя, хто прыме рашэнне не пагаджацца на ўмовы, а таксама тыя, каму іх ніколі не прапануюць. Таму мы працягнем быць іхнімі галасамі і рабіць усё, што ў нашых сілах, каб кожны з гэтых людзей як мага хутчэй апынуўся на волі».
У сваю дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка адзначыў, што частка памілаваных Лукашэнкам палітвязняў ужо была вызваленая ў ліпені і жніўні, а сённяшні ўказ толькі фармалізаваў гэты працэс.
Ён таксама паведаміў, што раней беларускія праваабаронцы склалі спісы цяжкахворых палітвязняў, якіх трэба вызваліць. Гэтыя імёны перадалі Менску праз дыпламатаў і міжнародныя арганізацыі. Паводле Вячоркі, частка памілаваных зняволеных была ў гэтых спісах.
Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня анансаваў выхад на волю некаторых палітвязняў «праз некалькі дзён».
«На волю выйдуць вельмі цяжкахворыя, як пішуць, нашы, якія не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах на такіх аддаленых, якія ламалі і разбуралі краіну ў 2020 годзе. Але гэта, сапраўды, цяжкахворыя. У асноўным, з ракавымі захворваннямі», – заявіў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі, выступаючы перад сваімі прыхільнікамі.
З таго часу на волю выйшлі сама меней 18 палітвязняў, імёны якіх былі вядомыя праваабаронцам. Сярод іх вядома пра 13 мужчынаў і 3 жанчыны. Вядома, што сярод іх – асуджаны да 10 гадоў зняволення Рыгор Кастусёў, які мае анкалагічнае захворванне, актывістка Дар’я Лосік і іншыя.
«Вясна» паведамляла, што, паводле іхнай інфармацыі, частка палітвязняў выйшлі на волю па амністыі, а іншыя – па памілаванні.
Пры гэтым у калоніях і турмах працягвалі збіраць прашэнні аб памілаванні.
«Вядома, што ў некаторых установах за адмову падпісаць прашэнне людзей змяшчаюць у ШІЗА. Тым не менш, палітвязняў, якія адмаўляюцца ад падпісання, шмат», – пісаў dissidentby.
Макар Мыш, Надзея Вольная, «Белсат»