навіны

Памежная эпапея: чэргі на выезд у Літву скараціліся ўдвая, Польшча абяцае дадатковыя сілы ў Тэрэспалі

Чарга перад пунктам пропуску «Тэрэспаль» у бок Беларусі. 17 жніўня 2024 года. Фота: granica_bypl / Telegram
Чарга перад пунктам пропуску «Тэрэспаль» у бок Беларусі. 17 жніўня 2024 года. Фота: granica_bypl / Telegram
podpis źródła zdjęcia

За содні істотна скараціліся чэргі на выезд з Беларусі ў Літву. Акрамя таго, крыху зменшылася чарга і ў Берасці, але Памежная ахова Польшчы паабяцала пры патрэбе накіраваць у Тэрэспаль дадатковых афіцэраў, каб паскорыць кантроль.

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі на 18:00, у чарзе ў Берасці цяпер 480 легкавікоў. Напярэдадні ў гэты ж час было 570. 


Як пішуць у Telegram-чатах, цяпер на мінанне мяжы выдаткоўваюць 28 гадзінаў жыцця. 


У Тэрэспалі ў бок Беларусі — 80 аўтаў, патрабуецца каля 6 гадзінаў чакання. 


Аўтобусаў перад «Варшаўскім мостам» — 35, пакутаваць даводзіцца 15 гадзінаў. На тым баку аўтобуснай чаргі няма. 


Тым часам у Памежнай ахове Польшчы паабяцалі павялічыць лік афіцэраў у Тэрэспалі, калі падарожнікі паедуць у ЕЗ праз Берасце замест пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы. 


«Калі ўзнікне неабходнасць, будуць накіраваныя дадатковыя афіцэры, каб зарэгістраваць болей падарожнікаў на аўтамабільным памежным пераходзе “Тэрэспаль”», — сказаў «Белсату» прадстаўнік Надбужанскага аддзелу памежнай службы Дар'юш Сеніцкі


Адначасова ён падкрэсліў, што час чакання залежыць не толькі ад памежнікаў: 

,,

«Мы не адзіная служба, якая правярае падарожнікаў. Кожны падарожнік, акрамя памежнага кантролю, праходзіць таксама мытны кантроль. Варта адзначыць, што час чакання таксама моцна залежыць ад тэмпаў і рэгулярнасці працы памежных і мытных службаў Беларусі».


«Белсат» спытаў у Мытнай службы Польшчы, ці плануецца павялічыць колькасць афіцэраў дзеля паскарэння пропуску людзей, аднак адказу на свой запыт пакуль не атрымаў.

Аўтобусы ў «Каменным Лозе» на беларуска-літоўскай мяжы. 17 жніўня 2024 года. Фота: granica_bypl / Telegram
Аўтобусы ў «Каменным Лозе» на беларуска-літоўскай мяжы. 17 жніўня 2024 года. Фота: granica_bypl / Telegram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Радыё Свабода
Літва перадумала забараняць уезд аўтаў на беларускіх нумарах, але не ўсіх. Вось што змянілася навіны

Калапс у адзіным пункце пропуску на беларуска-польскай мяжы чакаўся ў звязку з пастановаю Літвы не пускаць аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі. Правіла мелася набыць моц 16 жніўня, аднак улады рэспублікі пайшлі на саступкі. Цяпер у Літву можна заехаць на легкавіку з беларускімі нумарамі, які належыць фізічнай асобе, выкарыстоўваецца толькі ў асабістых мэтах і ўвозіцца не для продажу. За стырном мае быць уласнік. Грамадзяніну Беларусі пры гэтым патрабуецца віза, выдадзеная Літвою, або часовы ці сталы дазвол на жыхарства ў Літве. 


У «Каменным Лозе» цяпер 80 легкавікоў (напярэдадні ў гэты час было 130, а максімум за мінулыя содні — 230), чакаюць каля 14 гадзінаў. Дадому — хутчэй: у чарзе 25 аўтаў.  


У «Беняконях» — 50 аўтамабіляў (у пятніцу ў гэты ж час было ўдвая болей). Тыя, хто зараз мінаюць там мяжу, прачакалі 18 гадзінаў. У бок Беларусі — толькі 15 машынаў. 


Аўтобусных чэргаў на мяжы з Літвою няма, хаця з «Каменнага Логу» пасажыры перадаюць, што не менш за 5 аўтобусаў захраслі перад беларускім кантролем на ўезд у нашую краіну: мытнікі доўга спраўджваюць багаж, а потым з допытаў даводзіцца чакаць грамадзянаў Украіны. 


У «Грыгароўшчыне» выезду ў Латвію чакаюць 70 аўтаў (содні таму было 60), падарожнікі сведчаць, што на пераход патрабуецца каля 7—8 гадзінаў. У бок Беларусі чаргі там няма. 


Дар’я Форман, Сцяпан Кубік, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10